Top.Mail.Ru
216

БУТБ удзельнічала ва ўнутрыафрыканскім гандлёвым кірмашы ў Алжыры

Гандаль без меж

Пашырэнне геаграфіі экспарту беларускага сухога малака, новыя крыніцы сыравіны для айчыннай харчовай прамысловасці і дамоўленасці аб супрацоўніцтве з бізнес-структурамі краін Афрыкі — такія першыя вынікі ўдзелу Беларускай універсальнай таварнай біржы ва ўнутрыафрыканскім гандлёвым кірмашы — 2025, які завяршыўся ўчора, 10 верасня, у Алжыры.

У прыватнасці, у рамках дзелавой праграмы кірмашу адбыліся сустрэчы з шэрагам буйных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Алжыра па пытаннях закупак прадукцыі беларускай малочнай галіны на біржавых таргах, паведамілі ў прэс-службе БУТБ. Тут растлумачылі, што работа праз біржу дазволіць аптымізаваць ланцужкі паставак і выключыць лішнія пасрэдніцкія звёны.

Акрамя таго, гатоўнасць размяшчаць на БУТБ заяўкі на продаж сухафруктаў, фруктовага пюрэ і сокавых канцэнтратаў выказалі кампаніі з Зімбабвэ. Шляхам выкарыстання біржавога механізму зімбабвійскія вытворцы плануюць выйсці са сваімі таварамі на рынак Беларусі і іншых дзяржаў — удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза.

Зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні з БУТБ таксама праявілі прадстаўнікі Агенцтва па інвестыцыях і экспарце Рэспублікі Мазамбік. Бакі дамовіліся аб’яднаць намаганні па развіцці біржавога гандлю паміж Беларуссю і Мазамбікам у частцы інфармавання мазамбікскіх дзелавых колаў аб магчымасцях БУТБ і прыцягнення іх на беларускую электронную платформу.

Дарэчы, цяпер на БУТБ акрэдытаваныя рэзідэнты пяці афрыканскіх краін: Егіпта, Кеніі, Кот-Д’івуара, Сенегала і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Апошнімі на біржу прыйшлі прадстаўнікі Сенегала — для заключэння здзелак па імпарце сухога суцэльнага малака.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю