Top.Mail.Ru

Бульба ў квадраце. Цяпер у топе не проста харчовая сыравіна, а амаль гатовы паўфабрыкат

Чалавечая цывілізацыя пераходзіла на новыя віды паліва, асвойвала марскія глыбіні і імкнулася да зорак, але чалавек патрабуе ўсё таго ж хлеба, малака, мяса і іншых прадуктаў.

І сельская гаспадарка, і вытворчасць прадуктаў харчавання застаюцца базавымі галінамі, якія забяспечваюць бяспеку і ўстойлівасць усёй эканомікі.

Інавацыі і сельская гаспадарка — яшчэ нядаўна такі звязак выглядаў футурыстычна, але сёння айчынныя і сусветныя аграрыі ўпэўнена выкарыстоўваюць найноўшыя дасягненні для атрымання зімаўстойлівых і непатрабавальных сартоў з высокай ураджайнасцю. На якой стадыі перадавыя тэхналогіі дапамагаюць рацыянальна выкарыстоўваць і перапрацоўваць харчовую сыравіну, карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі Святлана КАНДРАЦЕНКА.

Усё сваё

Эксперт адзначае, што ва ўмовах глабальных выклікаў і незбалансаванасці кан’юнктуры сусветнага рынку пытанні забеспячэння нацыянальнай харчовай бяспекі і незалежнасці для нашай краіны ўжо даўно сталі на пярэдні план і вырашаюцца даволі паспяхова дзякуючы агульным намаганням кіраўніцтва краіны, аграрыяў, навукоўцаў.

«Стратэгічныя задачы ў частцы павышэння ўзроўню жыцця і якасці харчавання насельніцтва, развіцця сучаснага сяла, вытворчага і экспартнага патэнцыялу АПК рэгіёнаў, навукова-тэхнічнага забеспячэння і мадэрнізацыі ўсіх сфер эканомікі знаходзяцца на кантролі кіраўніка дзяржавы і атрымліваюць комплексную падтрымку. І гэта мае найважнейшае значэнне для будучага беларускага АПК, далейшага ўмацавання харчовай бяспекі і незалежнасці», — падкрэсліла Святлана Кандраценка.

Наша краіна ўжо многія гады ў поўным аб’ёме забяспечвае сябе харчаваннем. Напрыклад, па малаку адпаведны паказчык склаў ужо больш за 290 %, па мясе — 140 %, яйках — 130 %, па агародніне і бульбе — больш за 100 %. Гэта дае нам магчымасць не толькі цалкам гарантаваць харчовую бяспеку, але і вельмі актыўна нарошчваць экспартны патэнцыял.

Фактар поспеху

Штогод прадпрыемствы выводзяць на рынак новую прадукцыю і асвойваюць новыя тэхналогіі: малочныя прадукты рознай функцыянальнай накіраванасці, безлактозныя, з натуральнымі напаўняльнікамі, сухія малочныя сумесі для падрыхтоўкі марожанага, цвёрдыя сыры з белай і блакітнай цвіллю, журавінамі, пажытнікам, труфелем. А таксама шырокі асартымент дзіцячага харчавання, мясныя паўфабрыкаты і каўбасныя вырабы, натуральныя сокі, садавіна, ягады і агародніна шокавага замарожвання, інгрэдыенты для харчовай прамысловасці і іншае. Інавацыі і тэхналагічная глыбокая перапрацоўка — гэта асноўны фактар поспеху на высокаканкурэнтным рынку харчавання. Павелічэнне вытворчасці і ўдасканаленне тэхналогій дазваляюць пашырыць экспартныя магчымасці.

Беларусь актыўна асвойвае новыя экспартныя рынкі і тут таксама ёсць месца для даследаванняў і інавацый. Ключавой задачай цяпер з’яўляецца стабільная і ўзаемавыгадная работа на традыцыйных рынках краін ЕАЭС і СНД з упорам на аграпрамысловую і гандлёвую кааперацыю, а таксама прасоўванне на новыя высокадаходныя і ёмістыя рынкі краін Азіі і Афрыкі, Блізкага Усходу — з гатовай харчовай прадукцыяй, сельскагаспадарчай тэхнікай і тэхналогіямі, унікальнымі па многіх пазіцыях кампетэнцыямі і ведамі нашых аграрыяў і вучоных.

Такім чынам, з улікам бягучых тэндэнцый і стратэгій развіцця, экспарт беларускай прадукцыі мае добрыя перспектывы за кошт пастаяннага мэтанакіраванага паляпшэння якасці, пашырэння асартыменту і рынкаў збыту.

Наш каштоўны рэсурс

Трэба ўлічваць, што канкурэнцыя на сусветным харчовым рынку штогод узрастае. Новыя прыярытэты ў фарміраванні спажывецкіх пераваг абумоўліваюць неабходнасць стварэння новых тэхналогій вытворчасці. Напрыклад, попыт на паўфабрыкаты ў значнай ступені стымулюе рынак перапрацоўкі садавіны, агародніны і бульбы. Пры гэтым тэхналогіі перапрацоўкі, з аднаго боку, арыентуюцца на запыты спажыўцоў у частцы 

здаровага харчавання і высокай якасці прадукцыі (натуральныя фруктовыя і агароднінныя сокі, без дадання цукру або ўзбагачаныя вітамінамі і мінераламі, замарожаныя сумесі і паўфабрыкаты, «чыстая» і экалагічная ўпакоўка), але пры гэтым важна, каб тэхналогіі забяспечвалі рацыянальнае выкарыстанне сельскагаспадарчай прадукцыі, падаўжэнне тэрмінаў захоўвання і даступнасць для насельніцтва ў любую пару года. Вытворцы развіваюць магутнасці па сушцы агародніны (буракоў, морквы, цыбулі і іншых), вырабе бульбянога крухмалу і шматкоў.

Паводле ацэнак экспертаў, сусветны рынак кансерваванай агародніны, садавіны і апрацаванай бульбы будзе прырастаць не меньш чым на 5,5–6 % штогод — найбольш хуткімі тэмпамі ў краінах Азіі, у Кітаі і Індыі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі. Беларусь, маючы выдатную ўласную сыравінную базу, развітую харчовую прамысловасць і тэхналогіі, цалкам можа атрымаць поспех у дадзеным сегменце, забяспечыўшы спажывецкія інтарэсы ўласнага насельніцтва ў новых відах прадукцыі і асвойваючы новыя рынкі і магчымасці.

  • «Інавацыі, засваенне новых тэхналогій і прадуктаў даюць імпульс развіццю ўсяго аграхарчовага ланцужка, пачынаючы ад селекцыі і насенняводства патрэбных сартоў, тэхналогій вырошчвання культуры, захоўвання, перапрацоўкі — усё павінна працаваць на канкурэнтаздольнасць канчатковай прадукцыі і даваць максімум дабаўленай вартасці, — лічыць Святлана Кандраценка. — Менавіта таму большасць айчынных прадпрыемстваў развіваюць уласныя сыравінныя зоны, што дазваляе эфектыўна планаваць пастаўкі сыравіны на перапрацоўку, строга кантраляваць агратэхналогіі і якасць сыравіны на ўсіх этапах, падтрымліваючы высокія стандарты прадукцыі, пазіцыянаваць на рынку брэнд вытворцы з высокім узроўнем экалагічнай адказнасці і стабільнасці. Бо сельскагаспадарчая прадукцыя — гэта наш каштоўны рэсурс, якім важна распарадзіцца рацыянальна і эканамічна выгадна, у інтарэсах харчовай бяспекі».

Напрыклад, у нашай краіне ёсць унікальная вытворчасць замарожанай бульбы фры, якую асвоіў Талачынскі кансервавы завод. Ланцужок там выбудаваны комплексна: ад уласнай сыравіннай базы з пэўнымі якаснымі і тэхналагічнымі характарыстыкамі, перапрацоўкі, захоўвання да наладжанай сістэмы збыту ў грамадскае харчаванне і гандлёвыя сеткі. Прадукцыя карыстаецца папулярнасцю не толькі на ўнутраным рынку, яна досыць запатрабаваная за мяжой.

Эксперт упэўнена, што ў гэтага рынку апрацаваных прадуктаў і паўфабрыкатаў з бульбы, а таксама пладоў і агародніны вялікая ёмістасць у нашай краіне і велізарны патэнцыял за мяжой. На яе погляд, такіх сучасных прадпрыемстваў павінна быць больш. Менавіта так выяўляецца сінергетычны эфект інавацый. У цэлым на этапе глыбокай перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны адкрываецца вялікая прастора для ўкаранення прарыўных тэхналогій.

У нашай краіне каля 30 % прадпрыемстваў харчовай прамысловасці з’яўляюцца інавацыйна актыўнымі. На думку суразмоўцы, гэты працэнт можа быць значна вышэйшым. Ключавыя канкурэнтныя перавагі і перспектывы айчынных вытворцаў харчавання будуць фарміравацца за кошт укаранення рэсурсаэфектыўных і безадходных тэхналогій вытворчасці. А таксама захоўвання і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, у тым ліку лічбавых, інтэлектуальных сістэм кіравання вытворчасцю і збытам, сучасных мадэляў вядзення аграрнага бізнесу. Улічваючы падтрымку, якая аказваецца айчыннаму АПК дзяржавай, і новыя магчымасці для кааперацыі і супрацоўніцтва з нашымі партнёрамі па ЕАЭС, СНД і іншых міжнародных аб’яднанняў, патэнцыял росту адкрываецца значны.

Сяргей КУРКАЧ

Чытайце таксама: «Высокая якасць беларускай прадукцыі ацэнена спажыўцамі 113 краін»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю