У нашы днi ахова здароўя — адна з найбольш iнавацыйных галiн навукi. Менавiта ў медыцыну па ўсiм свеце перш за ўсё iнтэгруюцца высокiя тэхналогii i найноўшыя навуковыя распрацоўкi. Мы пабывалi на выстаўцы ў рамках 30-га, юбiлейнага Мiжнароднага медыцынскага форуму «Ахова здароўя Беларусi — 2025», дзе свае дасягненнi прадставiлi больш за 190 экспанентаў з розных краiн. I высветлiлi, што будучыня медыцыны больш шматгранная i складаная, чым лекi ад раку цi перамога над каранавiрусам.
Калi ўсё вельмi спрасцiць, то будучыня медыцыны сёння бачыцца навукоўцам i практыкам як максiмальнае падаўжэнне жыцця чалавека.
Але ключавым тут становiцца пытанне якасцi гэтага самага доўгага жыцця, якая павiнна дасягацца захаваннем здароўя на доўгiя гады. Гэтай мэце служаць перадавыя дасягненнi фiзiкi i хiмii, генетыкi i бiялогii, iнфарматыкi i лiчбавых тэхналогiй, якiя медыцына акумулюе i накiроўвае на служэнне здароўю чалавека.
Капсулы здароўя i прэвентыўная медыцына
— У Беларусi сёння паверылi ў айчынныя лекавыя прэпараты, — адзначае начальнiк сектара маркетынгу ААТ «Экзон» Крысцiна Пракапук. — Цi ёсць сэнс набываць iмпартныя лекi, дапусцiм, за 60 рублёў, калi айчынны, не менш эфектыўны прэпарат можна купiць за 25? Вядома, некаторыя прэпараты беларуская фармацэўтычная галiна пакуль не вырабляе. Але, у цэлым, сваю нiшу мы занялi, павагу спажыўцоў заваявалi. Мы працуем з якаснай субстанцыяй, тэхналогii вытворчасцi беларускiх лекаў адпавядаюць стандартам GMP, так што давер людзей апраўданы.
Фармацэўтычная галiна нашай краiны прадставiла сёлета мноства iнавацый. Iнстытут бiяарганiчнай хiмii паказаў новыя супрацьпухлiнныя лекавыя сродкi, якiя распрацаваны ў НПЦ «ХiмФармСiнтэз». Iнстытут радыёбiялогii — сонцаахоўны кампазiт з экстрактаў лiшайнiкаў (прынцыпова новы падыход да абароны скуры ад шкоднага ўздзеяння ультрафiялету), а таксама харчовую дабаўку на аснове стрэс-актываванай бiямасы спiрулiны, што ўмацоўвае iмунiтэт. Iнстытут бiяхiмii бiялагiчна актыўных злучэнняў прэзентаваў iнавацыйны сродак, якi залечвае раны.
Прэвентыўная медыцына — адзiн з трэндаў сучаснасцi, i сёння, распавялi фармацэўты, iдзе пераарыентацыя ад барацьбы з сiмптомамi, як гэта было яшчэ некалькi дзесяцiгоддзяў таму, да пошуку прычын развiцця паталогiй i вывучэння псiхафiзiчных фактараў узнiкнення захворванняў. Паступленне ў арганiзм усiх неабходных вiтамiнаў i мiкраэлементаў — адна з ключавых умоў гарманiчнай працы ўсiх органаў i сiстэм, i на гэта накiраваны вiтамiнныя комплексы i БАДы новага пакалення, якiя прадставiў лiдар беларускай фармiндустрыi «Мiнскiнтэркапс».
— Радуе, што сёння ў Беларусi людзi клапоцяцца пра здароўе: iмкнуцца сачыць i за якасцю харчавання, i за дастатковай фiзiчнай актыўнасцю, пазбягаюць шкодных звычак, — падкрэслiў прадстаўнiк кампанii «Мiнскiнтэркапс» Аляксей Нiканчык. — I не купляюць вiтамiны i БАДы бяздумна, а здаюць аналiзы, каб дакладна ведаць, чаго не хапае арганiзму.
Генетычныя тэсты i штучны iнтэлект
Цяжкiмi або невылечнымi большасць хвароб становяцца з-за позняга звароту да ўрача. Адпаведна, ранняя дыягностыка — адзiн з прыярытэтаў сучаснасцi. Новыя тэхналогii павiнны быць вельмi дакладнымi, дзякуючы чаму ўрачы змогуць адсочваць узнiкненне захворванняў на вельмi раннiх стадыях. У гэтым кiрунку ўжо зроблены iстотныя крокi. Так, генетычная медыцына — вобласць медыцынскай навукi, што развiваецца надзвычай хутка.
Сучасныя генетычныя тэхналогii дазваляюць карэкцiраваць стан арганiзма, прадухiляючы паталогii ў рэпрадуктыўнай медыцыне, кардыялогii, эндакрыналогii i г. д.
— У нас шырокi спектр распрацовак у галiне генетычнага тэсцiравання — гэта сардэчна-сасудзiстыя захворваннi, астэапароз, дыябет, невыношванне цяжарнасцi, мужчынскае бясплоддзе i гэтак далей, — распавяла загадчыца аддзела навуковай i iнавацыйнай работы Iнстытута генетыкi i цыталогii Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Маргарыта Бортнiк.
Тэсцiраванне праходзiць бязбольна, не патрабуе падрыхтоўкi, можа быць праведзена нават груднiчкам. На аснове атрыманых даных урач праводзiць медыкаментозную карэкцыю, прадухiляючы развiццё паталогiй у пацыента.
На рашэнне праблемы ранняй дыягностыкi анкалагiчных захворванняў накiраваны распрацоўкi з выкарыстаннем штучнага iнтэлекту.
— Мы прадстаўляем нашу распрацоўку «Faust view». Праграма выяўляе рак малочнай залозы на раннiх стадыях, якiя прадугледжваюць у многiх выпадках безаперацыйнае, неiнвазiўнае лячэнне, — распавёў кiраўнiк ТАА «Элiтсофт» Юрый Баль. — Жанчыны праходзяць мамаграфiю, здымак загружаецца ў праграму, i яна паказвае на што звярнуць увагу. Наша праграма — гэта «другое меркаванне». Трэба разумець, што штучны iнтэлект не заменiць спецыялiста-анколага. Але гэта вельмi эфектыўны памочнiк урача.
Калi чалавек прымае мноства пацыентаў у i можа прапусцiць, не заўважыць драбнюткiя змены тканiн, тлумачыць суразмоўца. Сiстэма аналiзуе выявы «без стомы», знаходзiць праблемы i паказвае на iх.
Праграма ўжо працуе ў Гомелi, на базе некалькiх устаноў аховы здароўя, распавялi распрацоўшчыкi. Упершыню яна была апрабавана пазалетась на эканамiчным форуме, якi праходзiў у гэтым абласным цэнтры.
Гiпергравiтацыя i бязважкасць
Спектр айчынных медыцынскiх iнавацый на выставе «Ахова здароўя Беларусi — 2025» быў сапраўды шырокi. Толькi арганiзацыi Нацыянальнай акадэмii навук прадставiлi 140 новых тэхналогiй i распрацовак. Сярод iх — унiкальная ўстаноўка для гiпергравiтацыйнай тэрапii. У ходзе працэдуры чалавек раскручваецца вакол восi галавы, тлумачыць супрацоўнiк аддзела новай тэхнiкi НВА «Цэнтр» Канстанцiн Жук. Устаноўка спраектавана так, што галавакружэння пацыент не адчувае нават пры хуткасцi кручэння да 40 абаротаў у хвiлiну. У вынiку нармалiзуецца цыркуляцыя крывi, знiжаецца артэрыяльны цiск, праходзяць мiгрэнi, вырашаюцца многiя праблемы з крывяноснай сiстэмай i сасудамi.
— Падчас выпрабаванняў устаноўкi, пасля 5-10 хвiлiн гэтай працэдуры людзi казалi, што iх стан параўнальны з тым, якi бывае пасля здаровага васьмiгадзiннага сну: яны адчувалi сябе бадзёрымi i поўнымi сiл, — распавёў спецыялiст.
Яшчэ адна распрацоўка навукоўцаў НВА «Цэнтр» — iмерсiйная (або сухая) ванна, якая стварае адчуванне бязважкасцi. Працэдура знiжае выпрацоўку гармона стрэсу карцiзолу, лечыць ад трывожных станаў i дэпрэсii.
Фота Вiктара IВАНЧЫКАВА