«Не будзе прарыўных навуковых адкрыццяў — не будзе ўнікальных тэхналогій»
«Галоўная асаблівасць нашага часу (я пра гэта шмат апошнім часам гавару) — беспрэцэдэнтная колькасць навацый, — адзначыў Прэзідэнт. — Змяняецца ўсё: парадыгмы, тэхналогіі, тэмпы развіцця паскорыліся. Ды і мы самі, людзі, мяняемся. Імкліва трансфармуюцца ідэалагічныя, геапалітычныя ландшафты. На нашых вачах набірае хуткасць новы этап так званай лічбавай рэвалюцыі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, будучыня, аб якой яшчэ ўчора марылі самыя прасунутыя фантасты, наступіла. «І гэта будучыня, між іншым, — час навукі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Без яе гарантаваць бяспеку, дабрабыт дзяржавы і дзяржаў свету ў цэлым немагчыма».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што беларуская навука ва ўмовах глабальных выклікаў і нявызначанасці тым не менш дэманструе ўстойлівасць і здольнасць да ўспрымання і пастаяннага развіцця інавацый. «Эканоміка ведаў, так званы штучны інтэлект, біятэхналогіі, разумная сельская гаспадарка, новыя матэрыялы — усё гэта знаходзіцца ў сферы інтарэсаў нашых вучоных, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Гэта значыць, вас, у тым ліку тых, хто прысутнічае ў гэтай зале».
Па словах кіраўніка дзяржавы, краіне патрэбны своечасовыя і эфектыўныя рашэнні. «Калі сёння не будзе прарыўных навуковых адкрыццяў, заўтра ў нас не будзе ўнікальных тэхналогій», — патлумачыў ён.
«Мы можам дасягнуць больш высокіх вынікаў»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прыярытэты і новыя арыенціры для беларускай навукі і краіны ў цэлым маштабна абмяркоўваліся на вялікай нарадзе з вучонымі і на Усебеларускім народным сходзе.
«Перад айчыннай навукай стаяць стратэгічныя задачы: развіццё высокатэхналагічных вытворчасцяў, міждысцыплінарных даследаванняў і вытворчых школ, інтэграцыя навукі, адукацыі і рэальнага сектара эканомікі з выхадам на ўкараненне і серыйную вытворчасць, — агучыў кіраўнік дзяржавы. — Павышэнне прадукцыйнасці такога ўзаемадзеяння і зніжэнне тэхналагічнай залежнасці — наш галоўны прыярытэт».
Вучоныя, па яго словах, у гэтым адыгрываюць асаблівую ролю. «Вы не толькі ствараеце новыя веды, але і фарміруеце стратэгічнае бачанне развіцця навукі, удзельнічаеце ў экспертнай ацэнцы ключавых рашэнняў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вы здолелі стварыць навуковыя школы і вырашыць канкрэтныя праблемы ў галіне клінічнай медыцыны і дэмаграфіі, мікраэлектронікі, тэхналогій апрацоўкі драўніны, апрацоўкі айчынных сартоў сельскагаспадарчых культур».
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што наша навука зрабіла многае. І ён абсалютна перакананы, многае яшчэ зробіць, бо ў нашай навукі ёсць задзел, падмурак. Для гэтага, па словах кіраўніка дзяржавы, і акадэмічнай, і галіновай навуцы, вытворчай у тым ліку, неабходна арганізавацца, выбудаваць адпаведную сістэму, вызначыць мэты.
«Тады і дробнатэм’е знікне, аб якім самі вучоныя шмат гавораць апошнім часам, — дадаў беларускі лідар. — Мы можам дасягнуць больш высокіх вынікаў».
Яшчэ раз звярнуўшы ўвагу на тое, што жыццё паскараецца, Прэзідэнт адзначыў, што нават у свеце, які імкліва змяняецца, ёсць абсалютныя рэчы. «Для нас гэта любоў і прывязанасць да сваёй зямлі, да родных і блізкіх, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Здаецца, філасофія, мараль пэўная. Але гэта таксама ляжыць у аснове ўсіх навуковых даследаванняў і душы вучонага. Тое, што дае апору, правільныя арыенціры і напаўняе сэнсам усё, што мы робім у жыцці».
Прэзідэнт падкрэсліў, што надышоў час дзейнічаць, ажыццяўляць самыя дзёрзкія планы, праекты, задумы. «Час канкрэтных спраў і новых прарыўных адкрыццяў на карысць нашай Беларусі», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў новых дактароў навук і прафесараў з заслужанымі дасягненнямі, уручыў вучоным дыпломы і атэстаты.
Пасля ўрачыстай цырымоніі Прэзідэнт пагутарыў з вучонымі, выслухаў іх прапановы.
«На канкрэтныя навуковыя справы мы заўсёды знойдзем і грошы, і час»
«Кожны дзень трэба нешта рабіць, каб дасягнуць тых вышыняў, якіх вы дасягнулі, — звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Адсюль мая шчырая і бязмерная павага да працы вучоных. Я як кіраўнік дзяржавы, вядома, чакаю ад вучоных поспехаў, ганаруся імі, калі вы дасягаеце нечага, але і патрабаванні прад’яўляю. Чаму? Без навукі сёння немагчыма. І перш за ўсё ад нашай галоўнай навуковай арганізацыі — Акадэміі навук — я чакаю канкрэтных вынікаў».
Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб беларускія вучоныя развівалі навуковыя школы, здзяйснялі новыя адкрыцці. «Мы ўсяляк будзем гэтаму садзейнічаць, — падкрэсліў беларускі лідар. — На канкрэтныя навуковыя справы мы заўсёды знойдзем і грошы, і час».
«Не захаваеце малых — не будзе і народа»
Дацэнт 1-й кафедры дзіцячых хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вераніка Прылуцкая расказала, што яе шматгадовая навуковая і практычная дзейнасць прысвечана нованароджаным і дзецям ранняга ўзросту. Доктар медыцынскіх навук адзначыла, што развіццё ў першую тысячу дзён жыцця чалавека вызначае яго здароўе на наступныя гады, а таксама яго працягласць. Па словах Веранікі Прылуцкай, укараненне яе навуковых даследаванняў накіравана на вырашэнне актуальнай праблемы педыятрыі — прафілактыкі захворванняў у нованароджаных з парушэннем масы цела пры нараджэнні і дзяцей ад маці з цукровым дыябетам.
«Для нашай краіны такі падыход напрамую звязаны з аховай мацярынства і дзяцінства, дэмаграфічнай бяспекай, — падкрэсліла дацэнт. — У Рэспубліцы Беларусь медыцына знаходзіцца на найвышэйшым узроўні. Навуковыя даследаванні, якія падтрыманы дзяржавай, дазваляюць укараняць персаніфікаваныя, практыкаарыентаваныя падыходы, павышаць якасць і эфектыўнасць аказання медыцынскай дапамогі дзіцячаму насельніцтву».
Вераніка Прылуцкая выказала ўдзячнасць Прэзідэнту за тое, што ў Беларусі створана годная педыятрычная школа, якую важна захаваць, паслядоўна развіваць і перадаць будучаму пакаленню педыятраў і неанатолагаў.
Прэзідэнт заўважыў, што ў гэтым — не толькі яго заслуга. «Заслуга маіх калег і падначаленых у тым, што мы не адкінулі тое, што было дасягнута ў савецкі перыяд, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Усё-такі, як бы там ні было, пасля вайны, страціўшы столькі насельніцтва, атрымаўшы разбураную краіну, наш беларускі народ, грамадзяне Беларусі па-сапраўднаму, як у народзе кажуць, упёрліся і дасягнулі пэўных вышынь у ахове здароўя».
Нямала было зроблена. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі нічога не адкінулі, не сталі ламаць сістэму, а зыходзілі з жыцця. «Мы разумелі, што, перш чым нешта зламаць, трэба падумаць, а што ўзамен? — патлумачыў ён. — І ідучы як па тонкім лёдзе, паціхеньку, сціснуўшы зубы, як я калісьці гаварыў гадоў 15 таму, адрываючы ад сябе, ад сваіх патрэб паўсядзённых, мы ўдасканальвалі нашы школы. І ў адукацыі, і ў ахове здароўя — ва ўсім. Таму гэта вялікая заслуга тых людзей і тых пакаленняў, якія стварылі аснову нашай медыцыны, нашай аховы здароўя».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ва ўрачоў-педыятраў — найважнейшая функцыя: «Вы робіце ўсё для таго, каб даць усім нам магчымасць стаць дарослымі. Не захаваеце малых (а яны ўсе праходзяць праз рукі педыятраў, вашы рукі) — не будзе і народа, не будзе і грамадзян Беларусі. Таму вы робіце вялікую справу».
Прэзідэнт выказаў удзячнасць урачам за іх цяжкую, падзвіжніцкую працу. «Вы бачыце, што мы робім нямала, — канстатаваў ён. — Зробім больш. І не толькі ў навуцы, але і ў практычнай медыцыне, якая сёння ў нас і ў РНПЦ, і ў абласных бальніцах, клінічных цэнтрах, раённых бальніцах, за ФАПы ўзяліся, устрасянулі іх...» Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё будзе залежаць ад медыцынскіх работнікаў. «Калі будзе хоць маленькі намёк на перспектыву, мы будзем вас падтрымліваць і дапамагаць», — паабяцаў ён.
Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што ёсць нямала недахопаў у сістэме аховы здароўя. «І вельмі шкада, калі яны носяць суб’ектыўны характар, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Ну ладна, нечага не хапае, не можам мы сёння. Усялякае бывае. Гэта жыццё. Але калі гэта носіць суб’ектыўны характар — залежыць ад самога ўрача, ад тых, хто працуе ў ахове здароўя (і людзі часам аб’ектыўна скардзяцца), — гэта дрэнна. Я думаю, мы здольныя гэта пераадолець. Бачу, што Мінаховы здароўя імкнецца гэта зрабіць».
«Усяго ў нас хапае. Патрэбна арганізаванасць, дысцыпліна»
Загадчык лабараторыі аўса Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве Антон Уласаў расказаў, што ўжо 20 гадоў займаецца даследаваннямі ў галіне селекцыі і тэхналогіі апрацоўкі аўса.
«У сваёй доктарскай дысертацыі я паказаў значэнне кожнага элемента тэхналогіі апрацоўкі для нашых кліматычных умоў, іх ролю, прыярытэтнасць фарміравання ўраджайнасці сучасных айчынных сартоў, — канкрэтызаваў доктар сельскагаспадарчых навук. — Атрыманыя вынікі дазволілі істотна дапоўніць рэгламент апрацоўкі культуры. На бягучы момант 98 % пасяўных плошчаў аўса прыходзіцца на нашы сарты, сарты айчыннай селекцыі, селекцыі навукова-практычнага цэнтра».
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў у вучонага, чаму скарачаюцца плошчы пасеваў гэтай культуры.
Антон Уласаў заўважыў, што, пачынаючы з 2012 года, у краіне стабільна сеюць 125-156 тысяч гектараў аўса, што адпавядае патрэбнасці беларусаў у гэтай культуры. Доктар навук дадаў, што прадукты з аўса з’яўляюцца дыетычнымі, а таму карыстаюцца попытам у тых жа спартсменаў, у людзей з пэўнымі захворваннямі. Новы кірунак — аўсянае малако.
«Якая максімальная ўраджайнасць (аўса. — „Зв“.), якую мы дасягнулі ў пэўнай гаспадарцы?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
«Сёлета ўвогуле атрымана добрая ўраджайнасць: у сярэднім гэта 30,1 ц/га, — адзначыў Антон Уласаў. — У лідарах у нас — Гродзеншчына (46,5 ц/га). Гаспадарак шмат. Калі тэхналогіі выконваць, будзе поспех».
Што датычыцца земляробства, па словах кіраўніка дзяржавы, у краіне сітуацыя складваецца добра. «Натуральна, мы будзем паціху дадаваць, спяшацца нам няма куды, бо мы маем нармальную ўраджайнасць і кармавую базу для таго, каб жывёл накарміць, — заўважыў Прэзідэнт. — Але вось каб мы яшчэ захаванасць нашых жывёл палепшылі, у тым ліку і ў Гродзенскай вобласці, гэта было б нядрэнна. Жывёлагадоўля ў нас крыху адстае ад земляробства. Але, думаю, у бліжэйшыя год-два мы і гэту праблему вырашым».
Па словах кіраўніка дзяржавы, тут галоўнае вырашыць пытанне неарганізаванасці. «Усяго ў нас хапае. Патрэбна арганізаванасць, дысцыпліна, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Патрэбна выбудаваць сістэму, каб захаваць маладняк».
«Без мікраэлектронікі ўвогуле цяжка ўявіць сваё развіццё»
Загадчык галіновай лабараторыі новых тэхналогій і матэрыялаў навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынга «ІНТЭГРАЛ» Яраслаў Салаўёў у сваім выступленні адзначыў, што эфектыўнае вырашэнне многіх інжынерных задач патрабуе глыбокага навуковага падыходу на стыку некалькіх навук.
«Тэматыкай маіх даследаванняў былі выбраны хуткія тэхналагічныя працэсы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай мікраэлектронных тэхналогій і дазваляюць дасягаць лепшай якасці структур больш энергазатратнага абсталявання, — канкрэтызаваў ён. — Дзякуючы вашай падтрымцы „Інтэграл“ ажыццяўляе маштабнае тэхнічнае перааснашчэнне, рэалізуюцца чатыры інвестыцыйныя інавацыйныя праекты». Рэалізацыя гэтых праектаў, па словах доктара тэхнічных навук, дазволіць умацаваць тэхналагічную незалежнасць Беларусі.
«Без мікраэлектронікі ўвогуле цяжка ўявіць сваё развіццё, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Таму вы бачыце сур’ёзную ўвагу з боку дзяржавы да тэхналагічных працэсаў. Будзем разам з Расіяй. Мазгоў у нас хапае, грошай часам не хапае, але добра, што мы запатрабаваны. Калі будзем запатрабаваны, тады і грошы будуць. Многія дзяржавы будуць з намі супрацоўнічаць. Таму ўсё залежыць ад вас, як і ў цэлым ад нашых вучоных».
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што навука становіцца прыярытэтам развіцця нашай краіны. Але, па яго словах, трэба аб’ектыўна ацэньваць свае магчымасці і больш удзяляць увагі прыкладному характару навукі. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу займацца тымі напрацоўкамі, якія паляпшаюць дабрабыт беларускага народа.
«Ідзіце вучыцеся ў ваенных»
Вядучы хірург медыцынскай часці 432-га ордэна Чырвонай Зоркі галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Аляксей Трухан, якому ўручылі атэстат прафесара, адзначыў, што прадстаўляе ўрачоў, якія штодзённа выконваюць вялікую работу па захаванні і ўмацаванні здароўя беларускіх грамадзян.
«Наша дзейнасць не абмяжоўваецца сценамі ваенных арганізацый аховы здароўя, — заўважыў ён. — Калі ёсць неабходнасць, мы працуем і ў палявых умовах, у складзе гуманітарных місій, у грамадзянскіх медыцынскіх установах. Гэта паўсядзённая практычная дзейнасць дапамагае нам бачыць актуальныя праблемы аказання медыцынскай дапамогі».
Па словах Аляксея Трухана, у цяперашні час пытанні лячэння агнястрэльных раненняў, мінна-выбуховых траўмаў перастаюць быць справай толькі ваенных урачоў. «Сучасныя ўзброеныя канфлікты паказваюць, што нацыянальная сістэма аховы здароўя павінна быць гатова пры неабходнасці ў найкарацейшыя тэрміны перайсці на аказанне медыцынскай дапамогі параненым, у тым ліку сярод цывільнага насельніцтва», — канстатаваў ваенны ўрач.
Прэзідэнт пагадзіўся, што ў сучасных умовах мінна-выбуховыя траўмы і раненні людзей — гэта не толькі справа ваенных урачоў, але і цывільных. «Скажу шчыра, калі пачалася спецыяльная ваенная аперацыя, я быў прыхільнікам таго, каб нашых урачоў (і не толькі ваенных) акунуць у тую рэальнасць, якая там адбываецца, — расказаў беларускі лідар. — І нашы ўрачы малайцы».
У гэтай сувязі Прэзідэнт нагадаў пра абмены ваеннапалоннымі, якія адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. Па яго словах, некаторыя людзі знаходзіліся ў вельмі складаным стане, але нашы ўрачы, у тым ліку ваенныя, іх выратавалі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на дзяржаўным узроўні асаблівую ўвагу трэба звярнуць на ваенных урачоў. «Думаю, кіраўнікамі ў нашы цэнтры і іншыя (медыцынскія ўстановы. — «Зв.».) яны пойдуць, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Ды і ўвогуле абмен гэты павінен быць. Гэта цалкам нармальна. Вы малайцы. Я часта, калі размаўляю з цывільнымі (урачамі. — «Зв.».), кіраўнікамі ў асноўным, цэнтраў, бальніц, я ім гавару: «Ідзіце вучыцеся ў ваенных».
«Трэба, каб нацыя была здаровая, адзетая, накормленая»
У завяршэнні кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў вучоных з новымі званнямі і ступенямі, выказаў ім удзячнасць за высокі ўзровень прафесіяналізму, а таксама пажадаў не спыняцца на дасягнутым. «Буду вельмі рады, калі вы сваім родным, блізкім будзеце перадаваць свае навыкі, свой вопыт, — удакладніў беларускі лідар. — Асабліва таленавітым людзям, якіх вы бачыце ў жыцці. Гэта вельмі важна».
Аляксандр Лукашэнка пажадаў вучоным і далей дапамагаць людзям. «Трэба, каб нацыя была здаровая, адзетая, накормленая, — падкрэсліў ён. — Усё ў нас для гэтага ёсць. Нават больш таго. Будзем арыентавацца на тое, каб ствараць новыя вытворчасці: і суднабудаванне, і самалётабудаванне — мы пачалі ўжо гэта рабіць. Мы гэта ўмеем рабіць».
У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў атамную энергетыку, заўважыўшы, што сёння многія краіны просяць, каб Беларусь дапамагла ім сваімі спецыялістамі ў гэтай галіне.
«У нас няма лішніх людзей, але тым не менш спецыялістамі дапамагаем, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Хто б мог падумаць, што мы можам будаваць атамную станцыю. Навучыліся. Значыць, нацыя адукаваная. Усё мы можам. Усё! Толькі трэба разумець, што мы павінны гэта рабіць самі. Для сябе. Усё неабходнае. А чаго не хопіць — купім».
Даслоўна
Прыносіць карысць дзяржаве і людзям
Прафесар кафедры дзяржаўнага кіравання юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Талочка прызналася, што заўсёды марыла атрымаць з рук кіраўніка дзяржавы атэстат прафесара. Яна амаль 40 гадоў займаецца навукай. «Вядома, многае памянялася з тых часоў. І свет мяняецца, і краіна мяняецца, але тым больш цікава працаваць у гэтай сферы», — падкрэсліла Вольга Талочка. Гаворачы пра сваіх паслядоўнікаў, прафесар адзначыла аднаго кандыдата навук, а таксама сваіх студэнтаў і магістрантаў, у тым ліку замежных. Паводле яе слоў, моладзі падабаецца сфера юрыдычнага права. «Вучыцца і працаваць вельмі цікава. Высокія конкурсы на юрыдычныя факультэты і на спецыяльнасць „Міжнароднае права“ гавораць самі за сябе. Да нас паступае найлепшая моладзь. Таму наша спецыяльнасць сапраўды запатрабаваная. Я спадзяюся, што так будзе і далей».
Прафесар кафедры прамянёвай дыягностыкі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Жук у сваёй паўсядзённай дзейнасці сумяшчае тэорыю з практыкай. «Акрамя выкладання я займаюся тым, што працую практычным урачом у РНПЦ анкалогіі. Мая дысертацыя прысвечана распрацоўцы аптымальных алгарытмаў прамянёвай дыягностыкі для ацэнкі распаўсюджанасці злаякасных захворванняў. Яе каштоўнасць заключаецца ў тым, каб у рамках работы было выканана ранняе выяўленне метастазаў», — расказала прафесар.
Начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання міждзяржаўнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт» Аляксандр Даўгалёў падкрэсліў, што ўся яго педагагічная і навуковая дзейнасць звязана з Магілёўскім машынабудаўнічым інстытутам, цяпер Беларуска-Расійскім універсітэтам. «Мая дысертацыйная работа прысвечана пытанням распрацоўкі інавацыйнай тэхналогіі для дэталяў машын, якая называецца камбінаваная магнітна-дэфармацыйная апрацоўка — яна мае міжнароднае прызнанне. Нашы тэхналогіі абаронены патэнтамі Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі. Распрацоўкі знаходзяць прымяненне ў машынабудаванні. Яна ўкаранёна на 7 машынабудаўнічых прадпрыемствах дзвюх краін».
Аляксандр Даўгалёў адзначыў, што вучоныя штосьці распрацоўваюць для таго, каб прыносіць карысць дзяржаве: «На гэта мы і нацэлены ў першую чаргу. Наша тэхналогія па ўмацаванні дэталяў камбінуючай магнітна-дэфармацыйнай апрацоўкай дазваляе істотна павысіць зносаўстойлівасць. А гэта ўжо фактар павышэння канкурэнтаздольнасці вырабаў машынабудавання, якія выпускаюцца».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА