Top.Mail.Ru
172

Будні аператыўна-дзяжурнай службы: дапамога ў кругласутачным рэжыме

Сэрца кожнага органа ўнутраных спраў — аператыўна-дзяжурная служба. Калі скончаны працоўны дзень для большасці міліцыянераў, супрацоўнікі службы працягваюць працаваць. Асноўная задача дзяжурнага — пастаянны кантроль за аператыўнай абстаноўкай у раёне, своечасовы прыём і рэгістрацыя інфармацыі і паведамленняў аб здарэннях, неадкладнае рэагаванне на іх. 


Як праходзяць гэтыя важныя суткі для супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурнай службы? Уявіце сабе сэрца горада, якое б’ецца бесперапынна, і кожнае яго скарачэнне — гэта сігнал, які патрабуе імгненнай рэакцыі. Менавіта так можна апісаць работу гэтага падраздзялення. 105-годдзе з Дня ўтварэння аператыўна-дзяжурнай службы адзначаць 18 лістапада.

— Змена пачынаецца з перадачы інфармацыі, — расказвае начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Савецкага РУУС г. Мінска Сяргей ПЯТРЭНКА. — Дзяжурны, які прымае пост, павінен быць у курсе ўсіх падзей, што адбыліся за папярэднія суткі: ад дробных здарэнняў да сур’ёзных злачынстваў. Кожны супрацоўнік знаходзіцца ў стане поўнай гатоўнасці, бо ў любы момант можа паступіць званок, які запатрабуе неадкладнага выезду на месца здарэння. Наша задача — максімальна хутка ацаніць сітуацыю, прыняць рашэнне і накіраваць неабходныя сілы і сродкі.

Супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы на змене цэлыя суткі. За змену прымаюць каля сотні паведамленняў. Ад іх зладжанай работы часта залежыць жыццё чалавека, таму рашэнні трэба прымаць імгненна. Нядаўна, напрыклад, паступіла інфармацыя аб тым, што згубілася 88-гадовая пенсіянерка. Дзяжурны неадкладна накіраваў на месца найбліжэйшы нарад.


 Супрацоўнікі ППСМ Савецкага РУУС прыехалі за лічаныя хвіліны.

— Аказалася, што пажылая жанчына забылася свой адрас. Праваахоўнікі высветлілі, дзе жыве пенсіянерка, звязаліся са сваякамі і падвезлі дадому. Жанчына падзякавала праваахоўнікам за дапамогу, — расказвае начальнік аператыўна-дзяжурнай службы.

Па словах Сяргея Пятрэнкі, у буднія дні паступае больш выклікаў, звязаных з дарожна-транспартнымі здарэннямі, а таксама парушэннямі Правілаў дарожнага руху. Па суботах і нядзелях супрацоўнікі міліцыі часцей выязджаюць на сямейна-бытавыя скандалы, шум з боку суседзяў. Асноўная маса грамадзян адпачывае пасля працоўнага тыдня дома, некаторыя ўжываюць алкаголь, што нярэдка становіцца прычынай самых розных канфліктаў.

Апошнім часам адзначаецца павелічэнне паведамленняў аб фактах махлярства: заяўнікі ўкладваюць грошы ў неіснуючыя біржы, «дэкларуюць» грошы і ўдзельнічаюць у «спецаперацыях». На шчасце, як адзначае афіцэр, сёння дзякуючы прафілактычнай інфармацыі, якая размяшчаецца ў СМІ, гутаркам праваахоўнікаў у працоўных калектывах, некаторыя грамадзяне перш чым перавесці грошы невядомым, тэлефануюць у міліцыю і правяраюць дакладнасць пададзенай ім інфармацыі.


— Мы ж у сваю чаргу хутка рэагуем: правяраем паведамленне і тлумачым, што з грамадзянінам звязваліся ашуканцы, настойліва рэкамендуем не адказваць на іх званкі і паведамленні, — акцэнтуе ўвагу праваахоўнік.

Работа ў аператыўна-дзяжурнай службе — гэта не толькі напружаныя моманты. Супрацоўнікі службы з асаблівай цеплынёй ставяцца да юных гасцей, якія ў рамках Дзён адкрытых дзвярэй прыходзяць да іх на экскурсіі. Для дзяцей гэта сапраўдная прыгода — магчымасць даведацца больш аб рабоце міліцыі, натхніцца на будучую службу, калі такое жаданне ёсць.

— Мы заўсёды рады бачыць дзяцей, — адзначае Сяргей Пятрэнка. — Для нас гэта магчымасць не толькі паказаць нашу работу, але і выхаваць у падрастаючым пакаленні павагу да закона і праваахоўных органаў. Мы стараемся зрабіць экскурсію цікавай і пазнавальнай, расказваем пра нашы задачы, адказваем на ўсе іх пытанні.

105 гадоў — гэта значны рубеж. Аператыўна-дзяжурная служба міліцыі Беларусі працягвае сваю работу, застаючыся надзейным шчытом для грамадства, гатовым прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну.

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Савецкага РУУС г. Мінска. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю