Top.Mail.Ru

Будаваць там, дзе сапраўды трэба

У Віцебскай вобласці ў 2026 годзе будзе рабіцца стаўка на ўзвядзенне арэнднага жылля ў раёнах, дзе ёсць неабходнасць, каб замацаваць кадры.


Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, у ходзе якога абмеркавалі пытанне развіцця будаўнічай галіны і праблемныя пытанні ў жыллёвым будаўніцтве. Асаблівую ўвагу ўдзялілі перспектывам жылбуда. «Пяцігодка 2021—2025 гадоў была арыентавана на аб’ёмныя паказчыкі. З мэтай паляпшэння ў цэлым эканамічнага складніка прымаецца план на наступную пяцігодку, і тут сыходзіць вектар у бок раёнаў і на якасны паказчык. Каб замацаваць кадры, неабходныя ў раёнах, стаўка робіцца больш на арэнднае жыллё», — адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Андрэй Галяковіч.

AHIT1447_1.jpg

Ён зрабіў акцэнт на тым, што будаўніцтва арэндных кватэр будзе ісці ў тых раёнах, дзе ў перспектыве з’явяцца патрэбныя кадры і дзе такім відам жыллёвага будаўніцтва не займаліся апошнія гады. Андрэй Галяковіч расказаў, што ў спіс на 2026 год ужо ўключаны Бешанковіцкі, Талачынскі, Лёзненскі і Дубровенскі раёны, дзе, паводле інфармацыі Мінпрацы, для замацавання кадраў трэба вырашаць жыллёвае пытанне. Акрамя таго, кіраўнікам раёнаў даручана вызначыць, спецыялісты з якіх сфер маюць патрэбу ў жыллі, каб разумець, колькі трэба пабудаваць кватэр.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што гэта пытанне трэба прапрацаваць комплексна і будаваць жыллё не для «птушачкі», а шукаць пункты росту, аналізаваць, дзе і хто больш мае патрэбу ў арэндных кватэрах.

У гэтым годзе перад будаўнікамі стаіць задача ўзвесці ў цэлым 400 тысяч кв. м жылля. Па стане на студзень — жнівень уведзена ў эксплуатацыю амаль 186 тыс. кв. м жылля, што не дасягае нават 50 працэнтаў ад гадавога плана. Андрэй Галяковіч расказаў, што адставанне будзе навёрствацца за кошт будаўніцтва ў раёнах. Цяпер у вобласці ўзводзяць 28 шматкватэрных дамоў.

Старшыня камітэта адзначыў і яшчэ адно праблемнае пытанне ў індывідуальным будаўніцтве. Больш як 1 тысяча дамоў у раёнах стаіць пад дахам, гэта значыць фактычна лічацца завершанымі, але з нейкіх прычын уладальнікі не хочуць рэгістраваць іх у БТІ, а значыць, гэта жыллё не трапляе ў афіцыйную статыстыку. Андрэй Галяковіч падкрэсліў, што на заканадаўчым узроўні ўздзейнічаць на такіх забудоўшчыкаў немагчыма, аднак спецыялісты ўжо ўнеслі прапанову ў галіновае міністэрства, каб перагледзець нарматывы ў актах прыёмкі індывідуальнага жылля. Дадзенае пытанне будзе абмяркоўвацца на высокім узроўні.

AHIT1469_1.jpg

Па выніках пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы па Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка, які прысутнічаў на абмеркаванні, у размове з журналістамі адзначыў: «Калі ў цэлым гаварыць аб рабоце Віцебскай вобласці на працягу пяцігодкі, то праглядаецца тэндэнцыя недавыканання плана будаўніцтва жылля штогод, пачынаючы з 2021-га. Таму сёння адбылася даволі патрабавальная размова. Вызначаны рэзервы, для таго, каб і тэмпы, і тое заданне, якое было спланавана з улікам рэальнай абстаноўкі, былі выкананы. Ёсць сур’ёзныя задзелы, але ёсць і сур’ёзныя прэтэнзіі, у тым ліку да будаўнічага комплексу рэгіёна. Гэта і недастатковыя тэмпы будаўніцтва арэнднага жылля, у тым ліку для ваеннаслужачых, і для патрэбных на месцах спецыялістаў. Размова ішла аб тым, каб глядзець на перспектыву — будаваць арэнднае жыллё там, дзе яно неабходнае, дзе яно запатрабаванае, там, дзе ствараюцца вытворчасці, там, дзе трэба падтрымаць і замацаваць маладых спецыялістаў — медработнікаў, педагогаў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Тэмп выканання пастаўленых задач зададзены, сёння было выказана меркаванне кіраўніка камітэта па будаўніцтве аб тым, што ўсё-такі запланаваныя аб’екты будуць уведзены да канца года ў строй і людзі атрымаюць новае жыллё». 

AHIT1402_1.jpg

Паводле БелТА і прэс-службы Палаты прадстаўнікоў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю