Будаўніцтва жылля ў Мінску аптымізуюць і пераарыентуюць на малыя гарады і гарады-спадарожнікі. Пра гэта заявіў Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын на справаздачы ўрада кіраўніку дзяржавы, перадае БелТА.
«Аптымізуем будаўніцтва ў Мінску з пераарыентацыяй на малыя гарады і гарады-спадарожнікі. Асноўны ўпор на арэнднае жыллё для спецыялістаў у рэгіёнах: зацверджаны ўвод не менш за 650 тыс. кв. м такога жылля, у тым ліку 400 тыс. кв. м у рамках дзяржаўнага заказу», — сказаў Аляксандр Турчын.
Што датычыцца інфраструктуры, будаўніцтва будзе ажыццяўляцца ў рамках прынятай дзяржінвестпраграмы і рэгіянальных інвестпраграм. На гэтыя мэты прадугледжана каля 7 млрд бел. рублёў. У асноўным гэта аб’екты сацыяльнай накіраванасці — бальніцы, школы і дарогі.
Асобна кіраўнік беларускага ўрада спыніўся на тэме інвестыцый. «На 2026 год запланавана рэалізацыя больш чым 630 камерцыйных вытворчых праектаў на суму 10 млрд бел. рублёў. Трэць з іх павінны завяршыцца ўжо сёлета. Для фінансавай падтрымкі новых праектаў па павышэнні лакалізацыі і тэхналагічнасці прадукцыі, а таксама развіцця турызму ўрадам запушчаны спецыяльныя крэдытныя прадукты пад ільготную стаўку 6-7% гадавых. Пры гэтым нарошчванне аб’ёмаў інвестыцыйнага фінансавання ўстаноўлена для банкаў у якасці KPI», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр.
У снежні 2025 года на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу кіраўніком дзяржавы ўраду пастаўлены канкрэтныя задачы, вырашэнне якіх ляжыць у плоскасці кардынальнага павышэння якасці, тэхналагічнасці і экспартнага патэнцыялу айчыннай прадукцыі, а таксама стварэння ўмоў для камфортнага жыцця насельніцтва ў любым кутку краіны. «Урад у выкананні пастаўленых задач зыходзіць з наступнага: максімальная сабранасць, патрабавальнасць, жорсткія задачы і кантроль. Ад кіраўнікоў усіх узроўняў — безумоўнае выкананне пастаўленых задач. Усе мэты дасягальныя і падмацаваныя рэсурсамі. У аснове — збалансаванасць і эканамічная эфектыўнасць», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Турчын.