Top.Mail.Ru

Будаўнікі прыступілі да асноўнага этапу аднаўлення канструкцый дома, пацярпелага ад выбуху бытавога газу ў Гомелі

З ходам аднаўленчых работ у доме па вуліцы Косарава азнаёміўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў важнасць строгага захавання запланаванага графіку будаўнічых работ на аб’екце і аднаўлення жылых памяшканняў у вызначаны тэрмін. 


«Зрабіце сумленна, каб дом стаў лепшым за ранейшы», — даручыў кіраўнік рэгіёна будаўнікам.

Нагадаем, што шматпавярховік па вуліцы Косарава, які пацярпеў, быў узведзены ў 1980-я гады. Для аднаўлення пашкоджаных канструкцый дома спецыялістам давялося адаптаваць старыя інжынерныя рашэнні пад сучасныя будаўнічыя нормы і патрабаванні бяспекі. Сумесна з інстытутам «Гомельграмадзянпраект» на Гомельскім домабудаўнічым камбінаце распрацавалі і вырабілі знешнія і ўнутраныя сценавыя панэлі, пліты перакрыцця, лоджыі і іншыя элементы. Перад пачаткам серыйнай вытворчасці пробныя ўзоры вырабаў прайшлі выпрабаванні, пацвердзілі адпаведнасць патрабаванням трываласці, бяспекі і вогнеўстойлівасці. Пасля чаго новыя вырабы накіравалі на будаўнічую пляцоўку. Цяпер будаўнікі пачалі мантаж шостага паверху. 


— Усе вырабы для аднаўлення дома па вуліцы Косарава гатовы. Яны прайшлі выпрабаванні і сертыфікаваны, атрыманы станоўчыя заключэнні дзяржэкспертызы. Работы вядуцца ў планавым рэжыме, — адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Аляксандр Ганчароў

Як патлумачылі спецыялісты, праект аднаўлення і капітальнага рамонту шматпавярховага дома будзе праходзіць паэтапна. 

— Першая чарга будаўніцтва прадугледжвае аднаўленне пашкоджанай часткі трэцяга пад’езда. Другая чарга — гэта комплексны капітальны рамонт усяго жылога дома, — звярнуў увагу намеснік дырэктара — галоўны інжынер інстытута «Гомельграмадзянпраект» Віктар Кавалёў


Праектныя работы і па першай і па другой чарзе завершаны, атрымана станоўчае заключэнне дзяржаўнай экспертызы. Пасля мантажу канструкцый пашкоджанага пад’езда пачнецца капітальны рамонт, замена камунікацый, пракладка інжынерных сетак і аздабленне кватэр.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота аўтара 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю