Прэзідэнт Беларусі 31 студзеня падпісаў Указ «аб асаблівасцях будаўніцтва і прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю», паведамілі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы.
У адпаведнасці з дакументам істотна спрашчаецца будаўніцтва юрыдычнымі асобамі аб’ектаў, якія адносяцца да чацвёртага і пятага класаў складанасці (паводле класіфікацыі, устаноўленай будаўнічымі нормамі Беларусі).
Прыёмка ў эксплуатацыю такіх аб’ектаў, збудаваных па паўторна выкарыстаных проектах ці праектах, якія прайшлі дзяржаўную будаўнічую экспертызу, будзе ажыццяўляцца толькі на падставе заключэння органаў Дзяржбуднагляду без атрымання заключэнняў іншых наглядных органаў. Заказчыкам прадастаўляецца права будаваць (узводзіць, рэканструяваць, мадэрнізаваць) названыя аб’екты на падставе чарцяжоў, дастатковых для пацверджання выканання патрабаванняў бяспекі, і эскізнага праекта, узгодненага падраздзяленнем па архітэктуры мясцовага выканкама.
Склад і аб’ём неабходных чарцяжоў вызначаецца заказчыкам самастойна. Парадак узгаднення эскізнага праекта і яго склад будзе ўсталяваны ўрадам. Указам выключаецца неабходнасць атрымання дазвольнай дакументацыі, распрацоўкі перадпраектнай, праектнай дакументацыі і правядзення яе экспертыз (будаўнічай, экалагічнай і іншых).
Асноўнымі ўмовамі прымянення спрошчанага парадку будаўніцтва з’яўляюцца наяўнасць у заказчыка зямельнага ўчастка, прадастаўленага ва ўстаноўленым парадку, а прызначэнне будуемага аб’екта павінна адпавядаць зацверджанаму генеральнаму плану развіцця тэрыторыі.
У мэтах забеспячэння бяспекі будуемых аб’ектаў Указам прадугледжаны асаблівы парадак прыёмкі іх у эксплуатацыю, у тым ліку з улікам патрабаванняў экалагічнай, пажарнай бяспекі і будаўнічых нормаў.
Нормы ўказа ў частцы спрошчанага парадку прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю ўступаюць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання, растлумачылі ў прэс-службе.
Намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Сівак каментуючы прыняты дакумент заўважыў, што ўказ не тое што спрашчае працэдуру, ён адмяняе яе для будынкаў 5-4 класа складанасці:
— Практычна ўжо не будзе ніякіх працэдур. Адзінае патрабаванне, якое павінен выканаць забудоўшчык, ён павінен атрымаць ўзгадненне ў архітэктуры раённага ўзроўню, якое пакажа, ці можна такі аб’ект у адпаведнасці з генпланам будаваць на ўчастку, які належыць патэнцыйнаму забудоўшчыку. Гэта значыць ён (указ-заўв.аўт.) фактычна адмяняе ўсе працэдуры.
На думку профільнага віцэ-прэм’ера, такое радыкальнае рашэнне павінна спрасціць дзейнасць бізнесу, павысіць яго эфектыўнасць, скараціць тэрміны пачатку будаўніцтва аб’екта:
— Практычна па прыняцці рашэння можна пачынаць будаваць, — дадаў ён.
Тлумачачы якія аб’екты закрануць навацыі, Анатоль Сівак адзначыў, што 5 клас — гэта, напрыклад, гандлёвая кропка, крама да 1000 кв. м.:
— Гэта будынкі раённага ўзроўню, любога населенага пункта. У горадзе Мінску таксама такія аб’екты ёсць. Гэта не вялікія гандлёвыя цэнтры, крамы да 1000 кв.м. або вытворчыя аб’екты да 5000 кв. м. Скажам, на тэрыторыі трактарнага завода неабходна зрабіць цэх памерам 50 на 100 метраў. Або пяціпавярховы будынак адміністрацыйнай накіраванасці (бізнес-цэнтр). Гэта досыць буйныя аб’екты. Іх можна і новыя будаваць, і можна будзе рэканструяваць. Таму гэта (рашэнне — заўв.аўт.) фактычна паскарае эканамічныя працэсы.
Па словах Анатоля Сівака ўказ закране прыватны бізнес, дзяржаўныя прадпрыемствы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, усе галіны:
— Скарыстацца можа любы, там няма абмежаванняў. Гэта дае права, яно не абавязвае: вы можаце будаваць у адпаведнасці з дзеючымі працэдурамі.
На яго думку, дзеючыя працэдуры будуць выконвацца тады, калі гаворка ідзе аб фінансаванні будаўніцтва за бюджэтныя сродкі:
— Таму што там важна расходаванне любога рубля, прыняцце эфектыўных рашэнняў. Хаця гэта не выключае досыць простыя тэхнічныя рашэнні рэалізоўваць па такой схеме, галоўнае, каб персанал забудоўшчыка быў уважлівы. І афармленне актаў адпавядала фактычным выдаткам, не было нейкіх адхіленняў. Гэта ўсё магчыма, гэта не вялікая праблема. Будуюцца і бюджэтныя аб’екты з паралельным будаўніцтвам, праектаваннем. Ёсць асобнае рашэнне Кіраўніка дзяржавы, якое дае права і да цяперашняга часу будаваць аб’екты па такой схеме. Таму гэта ўсіх закране.
Ацэньваючы аб’ём узвядзення аб’ектаў па новай схеме, Анатоль Сівак растлумачыў:
— На маю думку, на сённяшні дзень можна да 50% аб’ектаў будаваць па такой схеме. Працэдуры склаліся гадамі, гэтыя працэдуры прадыктаваныя (не сакрэт) перастрахоўкай чыноўнікаў на кожным працоўным месцы, калі кожны крок трэба ўзгадніць. Тут на першым месцы — адказнасць самога бізнесу
Маргарыта ЗАРОЎКІНА