Top.Mail.Ru

БСЖ і Палата прадстаўнікоў працягнуць працаваць разам на кансалідацыю грамадства

Высокая планка ва ўсіх сферах жыцця

У Авальнай зале Дома ўрада адбылася сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі і дэпутатаў з прадстаўніцамі актыву грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА адзначыў, што такія кантакты — заўсёды добрая нагода абмяняцца думкамі, абмеркаваць планы і магчымыя варыянты ўзаемадзеяння. «Палата прадстаўнікоў — першы дзяржаўны орган, які актыў Беларускага саюза жанчын наведвае пасля Усебеларускага народнага сходу. Нам гэта вельмі прыемна, — падкрэсліў спікер. — Адметна і тое, што наша сустрэча праходзіць у пачатку года, абвешчанага кіраўніком дзяржавы Годам беларускай жанчыны».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын задаюць высокую планку ва ўсіх сферах жыцця — у эканоміцы, адукацыі, медыцыне, культуры. «Вы праслаўляеце Беларусь на сусветных спартыўных арэнах, скараеце космас. Праяўляеце сябе добрасумленнымі работнікамі ў сферы дзяржаўнага кіравання, — дадаў Ігар Сергяенка. — Усе прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын па праве займаюць годнае месца ў структуры грамадзянскай супольнасці краіны. Сведчаннем гэтага з’яўляецца дэлегацыя ў складзе Усебеларускага народнага сходу. Дзякуючы гуманітарным, асветніцкім і дабрачынным праектам грамадская арганізацыя заваявала шырокую вядомасць як у Беларусі, так і за яе межамі. І нам важна падтрымліваць цесныя сувязі з такім аўтарытэтным грамадскім аб’яднаннем».

  • Старшыня Палаты прадстаўнікоў прапанаваў задзейнічаць рэсурс Беларускага саюза жанчын для актыўнага прыцягнення грамадзян да грамадскай экспертызы дзеючых законаў і выпрацоўкі прапаноў па іх удасканаленні. Такі падыход, па яго словах, цалкам сугучны з ідэяй Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці развіцця народнай законатворчасці. Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што найважнейшым кірункам супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў з Беларускім саюзам жанчын з’яўляецца працяг работы па кансалідацыі грамадства і захаванні адзінства беларускага народа.

Спікер Палаты прадстаўнікоў таксама адзначыў, што беларускія жанчыны знаходзяцца ў авангардзе грамадска-палітычнага жыцця краіны. У прыватнасці, у Палату прадстаўнікоў у восьмым скліканні выбрана 37 жанчын, што складае трэцюю частку ад агульнай колькасці. І ўсе яны займаюць актыўную пазіцыю ў вырашэнні пастаўленых перад парламентам задач.

Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ ў размове з журналістамі падкрэсліла, што ў Палаце прадстаўнікоў ёсць пярвічная арганізацыя БСЖ, жанчын-парламентарыяў з часам становіцца ўсё больш. «Так, як жанчына адчувае нерв грамадства і разумее, якія заканадаўчыя навелы павінны з’явіцца, каб увогуле жыццё сям’і стала яшчэ лепш, напэўна, не разумее ніхто іншы. Таму гэта лагічна, што жанчын у парламенце становіцца ўсё больш. Я думаю, гэта толькі пачатак», — падзялілася меркаваннем Вольга Шпілеўская.

Усе тыя ініцыятывы, якія ўнеслі прадстаўніцы БСЖ падчас мерапрыемства, накіраваныя на абарону правоў жанчын, сям’і, дзяцей, адзначыла яна. «Жанчыны сабраліся абсалютна розныя (на сустрэчы. — „Зв.“). Яны дасягнулі поспехаў у сваёй галіне, але з работай парламентарыяў многія не сутыкаліся, скажам, ужывую. Таму паглядзець і зразумець, чым займаюцца нашы парламентарыі штодня, якія законапраекты яны распрацоўваюць, над чым працуюць цяпер, і каб атрымаўся жывы дыялог, умоўна кажучы, жанчын „з месцаў“ з тымі, хто сёння творыць законы, — вельмі важна», — лічыць старшыня Беларускага саюза жанчын. Такое ўзаемадзеянне, па яе словах, мае прыкладное значэнне.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю