Вайскоўцы 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады падчас праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл прабеглі марш-кідок на 5 км, паведаміла БелТА.
Выпрабаванні на цягавітасць дэсантнікі прайшлі на брэсцкім палігоне. Афіцэры, прапаршчыкі, салдаты кожнага з падраздзяленняў, што правяраюцца, прабеглі па 5 км з поўнай выкладкай. А гэта яшчэ дадатковыя 5 кг вагі: аўтамат, чатыры магазіны, процігаз.
«Складана не было. Мы знаходзімся на палявым выхадзе, прабеглі проста ў радасць. Спадзяюся, што здалі нарматыў на выдатна, — заўважыў старшына падраздзялення. — Марш-кідкі бегаем прыкладна раз на месяц, па-рознаму бывае. Залежыць ад таго, якія задачы мы выконваем. У асноўным бегаем 5 км. Вельмі шмат часу праводзім за межамі брыгады».

Падраздзяленні выходзілі на старт па чарзе. І нават падчас марш-кідка вайскоўцы праяўлялі сваё дэсантнае братэрства. Некаторыя беглі «ў счэпцы» са сваімі калегамі. «Гэта робіцца, каб таварышу было лягчэй бегчы, каб паскорыцца і агульны вынік быў лепшы. Адчуванні пасля марш-кідка нармальныя. Не першы раз ужо бяжым 5 км. Было няцяжка», — падзяліўся малодшы сяржант.
На паўднёвым захадзе Беларусі зноў усталявалася мінусавое надвор’е. На марш-кідку не вытрымалі марозу электронныя секундамеры. Дэсантнікі гэтую цяжкасць пераадолелі. «Хлопцы трымаліся як маглі, дапамагалі адзін аднаму. Надвор’е дрэннае: твар мерзне. Падчас праверкі паказваем усё, чаму нас навучылі. Складана, але церпім», — запэўніў радавы.
У вышэйшую ступень гатоўнасці 38-я брыгада ў адпаведнасці з планам праверкі Узброеных Сіл па рашэнні кіраўніка дзяржавы была прыведзена 10 лютага. На першым этапе падраздзяленні здалі экзамен па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы. Затым пачалася ацэнка вынікаў па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы.