Top.Mail.Ru
141

Брэндавыя мерапрыемствы, студатрадаўскі вектар. Якія планы ў гродзенскай моладзі ў 2026 годзе?

У Гродне адбыўся II пленум Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», на якім падведзены вынікі работы за 2025 год, а таксама пастаўлены задачы на 2026-ы, паведаміла БелТА.


Як адзначыў першы сакратар Гродзенскага абкама БРСМ Пётр Касіцкі, мінулы год у моладзі быў насычаным на падзеі. «Год быў няпростым, — сказаў ён. — У нас ёсць чым ганарыцца. Мы сталі пераможцамі конкурсу „Студэнт года“. У нас ёсць пэўныя напрацоўкі, ёсць тыя брэнды, якія за Гродзеншчынай замацаваліся. Спадзяюся, сёлета мы гэтыя напрацоўкі не страцім».

Са слоў Пятра Касіцкага, гродзенская моладзь актыўная і не стаіць на месцы: «Мы гатовыя да новых адкрыццяў. І сёлета пастараемся стварыць яшчэ больш менавіта брэндавых мерапрыемстваў у невялікіх рэгіёнах, каб саюз моладзі быў вядомы на лакальным узроўні». Так, маладыя людзі сёлета плануюць правесці маштабны фестываль «Прыцягненне». «Мы нацэлены на тое, каб саюз моладзі стаў пунктам прыцягнення і апоры для моладзі, каб кожны знайшоў для сябе нешта новае, у асобе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі атрымаў надзейнага сябра, партнёра і таварыша», — падкрэсліў Пётр Касіцкі, дапоўніўшы, што праект запланаваны шматступеньчатым, каб ахапіць як мага большую колькасць моладзі рэгіёна. 

Як было агучана на мерапрыемстве, 2025 год запомніўся шматлікімі дасягненнямі. Актывісты вобласці неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў. Так, у рэспубліканскім конкурсе «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак», арганізаваным Міністэрствам прыроды і БРСМ, валанцёрскі атрад «Крыніцы дабрыні» Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта заняў першае месца ў намінацыі «Найлепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод студэнцкай моладзі». Таксама мінулы год стаў значным для маладых журналістаў Гродзенскай вобласці, якія сталі пераможцамі IV Рэспубліканскага конкурсу «Прэс-код». 

Як падзялілася сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ з правамі раённага камітэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Вольга Масько, для іх пярвічкі мінулы год быў асабліва выніковым. «Што датычыцца дзейнасці беларускіх студэнцкіх атрадаў, то летась наша ВНУ добра папрацавала. Штабам працоўных спраў Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта была арганізавана дзейнасць 29 студэнцкіх атрадаў, у якіх былі задзейнічаны больш за 300 чалавек. У нашых рабят ёсць вялікія дасягненні. Напрыклад, студэнцкі сельскагаспадарчы атрад «Парэчанка» стаў лепшым сярод профільных атрадаў у краіне. Студэнцкі сэрвісны атрад «Авангард» таксама стаў лепшым у рэспубліцы. А наш штаб працоўных спраў стаў лепшым у Гродзенскай вобласці сярод ВНУ», — сказала яна, падкрэсліўшы, што дасягнутыя вынікі абавязваюць узмоцнена працаваць і ў 2026-м. Дарэчы, з пачатку года тут арганізавалі работу трох студатрадаў, асноўная ж частка байцоў прыступіць да работы летам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю