Маякоўскі для нас — ужо амаль класіка. Хоць яго наватарства пачатку ХХ стагоддзя і цяпер можа ўспрымацца кімсьці як «язда ў незнаёмае». Магчымасць пазнаёміцца даў маскоўскі тэатр, які пачаў свае выступленні ў Беларусі са спектакля «Маякоўскі. Паслухайце» на абноўленай сцэне Дома Масквы. Іншыя пастаноўкі прадставяць на сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра — і яшчэ нават можна ўхапіць квіткі!
У бліжэйшыя выхадныя — «Апошнія спатканні» паводле апавяданняў Івана Буніна (пастаноўка з пазнакай «18+») у пастаноўцы Юрыя Цітова. Вось што ўмеў перадаваць Пётр Фаменка? Атмасферу, ствараў настрой, праз які можна было адчуць тонкія нюансы душы персанажаў, пра якія часам сведчылі нават дробныя дэталі. Так і тут, бо ў дачыненні да Буніна гэта важна: нібыта з туману памяці праступаюць героі, якія дазваляюць паразважаць, што такое шчаслівае ці няшчаснае каханне?

У пачатку наступнага тыдня тут жа пакажуць «незвычайныя гісторыі» ад рэжысёра Юрыя Цітова пад назвай «Мой Брэль» («16+»). Пастаноўка прысвечана бельгійскаму спеваку Жаку Брэлю, нават з выкананнем яго хітоў з аркестрам тэатра. Але ж і тут не ўсё проста, бо гэта яшчэ і размова пра тое, што жыццё ўмее аддзячыць тым, хто здольны супрацьстаяць абставінам.
І, вядома, як жа без рэжысуры Пятра Фаменкі? Адзін з яго легендарных спектакляў «Ваўкі і авечкі» паводле рускага класіка Аляксандра Астроўскага. Не для маленькіх дзяцей, натуральна, але падлеткам ужо глядзець можна. А дарослым будзе цікава сутыкнуцца з вельмі тонкай і пранікнёнай камедыяй, калізіі якой, а таксама вобразы герояў і цяпер будуць зразумелыя. Яе арганізатары гастроляў пакінулі на заканчэнне. На сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра паказы адбудуцца 21 і 22 лістапада. Варта паспець, каб пасля не шкадаваць...
Ларыса ЦІМОШЫК.