Цяперашнія рэаліі такія, што нелегальны бізнес можа паўстаць там, дзе патрабуецца вырашэнне любой жыццёвай праблемы. Напрыклад, ні для каго ні сакрэт, што на перасячэнне граніцы можа спатрэбіцца час: ад дзясятка гадзін да некалькіх дзён. Раней «паслугі» па паскораным праходжанні граніцы прадавалі гандляры месцамі ў чарзе. А што цяпер?
Як расказалі ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах, падчас правядзення мерапрыемстваў такіх гандляроў чаргой выяўляюць і прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі, а таксама прад’яўляюць падатковыя абавязацельствы.
— Апошнім часам назіраецца апдэйт гандлю месцамі ў чарзе — права на прыярытэтнае перасячэнне граніцы сталі прадаваць з уцягваннем асоб, якія маюць ільготныя падставы для паскоранага перасячэння граніцы, — растлумачылі ў ведамстве.
У прыватнасці, на паскоранае перасячэнне граніцы маюць права інваліды І, ІІ груп, грамадзяне з дзецьмі да трох гадоў і (або) з дзецьмі-інвалідамі да 18 гадоў.
Падчас сумесных мерапрыемстваў падатковых, мытных і пагранічных органаў устаноўлена, што прадпрымальныя браты з Брэсцкай вобласці, адзін з якіх з’яўляўся індывідуальным прадпрымальнікам у стадыі спынення дзейнасці, арганізавалі нелегальны бізнес па пошуку і выкарыстанні ў схеме з хуткім праходжаннем граніцы такіх ільготнікаў.
Але іх спроба нелегальнага заробку не ўдалася. Падчас правядзення кантрольнай закупкі ў аўтамабіль быў падсаджаны «льготнік», якому належала толькі частка ад абумоўленай за паслугу сумы, астатняе забіралі арганізатары схемы.
— Даказаны факт не менш за 40 выплатных падсадак, устаноўлена сума незаконнага даходу, арыштаваны транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваліся ўдзельнікамі схемы ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, — пракаментавалі ў МПЗ.
У выніку эканамічны суд Брэсцкай вобласці прыцягнуў прадпрымальных братоў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 80 базавых велічынь з канфіскацыяй 15 % незаконна атрыманага даходу.