30 верасня ў Мінску пачне працаваць выстава «ІНАПРАМ. Беларусь». Больш за пяцьсот экспанентаў з Беларусі і Расіі прадставяць сваю прадукцыю, тэхналогіі, магчымасці. Таксама будуць прадстаўлены стэнды прамыслоўцаў з Казахстана, Кыргызстана, Азербайджана. Упершыню ў выстаўцы будуць удзельнічаць Іран і Камбоджа.
Праграмны дырэктар «ІНАПРАМ. Беларусь» Антон Атрашкін адзначыў, што ІНАПРАМ уяўляе сабой вялікую экасістэму. Выстаўка ўзнікла ў расійскім Екацярынбургу. Але сёння яна распаўсюдзілася на шырокую геаграфію. Праходзіла ў Казахстане, Узбекістане, Егіпце. Сёлета былі адкрыты яшчэ дзве краіны: Саудаўская Аравія і Індыя. І ва ўсіх мерапрыемствах, запэўніў Антон Атрашкін, удзельнічалі беларускія кампаніі. Ён дадаў, што многія суб’екты гаспадарання не маглі выбраць, на якой пляцоўцы экспанавацца ў Мінску: на расійскай ці беларускай. Настолькі моцна нашы эканомікі пераплецены кааперацыйнымі сувязямі, што не заўсёды можна дакладна вызначыць, чыёй больш з’яўляецца вырабленая прадукцыя.
Ён прывёў прыклад 3D-прынтара, які распрацоўваўся сіламі беларускіх і расійскіх інжынераў. Шмат дарожнай тэхнікі, транспарту сабраны з камплектуючых вытворчасці дзвюх краін. Як выказаўся Антон Атрашкін, «ІНАПРАМ. Беларусь» — кірмаш для прафесіяналаў. На яе прыязджае бізнес з розных краін, каб наладзіць кантакты, правесці перагаворы, заключыць кантракты.
Як адзначыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, «ІНАПРМ. Беларусь» атрымала шырокае міжнароднае прызнанне. Летась выстаўку наведалі 14 тысяч чалавек з 24 краін. Па даных на панядзелак, зарэгістравалася ўжо больш за 10 тысяч наведвальнікаў з 40 дзяржаў. Гэта добры вынік, бо шмат гасцей праходзяць рэгістрацыю перад самым пачаткам выстаўкі ці нават у працэсе яе работы.
Намеснік міністра прамысловасці Леанід Рыжкоўскі расказаў аб некаторых навінках, якія будуць прадстаўлены беларускай прамысловасцю на выстаўцы. Перш за ўсё, гэта ўніверсальнае шасі Мінскага аўтамабільнага завода. Яно можа выкарыстоўвацца для вытворчасці шырокай лінейкі самай разнастайнай тэхнікі. БелАЗ прадэманструе свае кар’ерныя самазвалы на звадкаваным прыродным газе і вадародзе, а таксама сістэмы дыстанцыйнага кіравання тэхнікай. Сваю навінку МТЗ-5425 — адзін з самых магутных трактароў класічнай камплектацыі — прадставіць Мінскі трактарны завод. Усяго адкрытая пляцоўка, на якой будзе размешчана экспазіцыя тэхнікі, зойме плошчу каля 3 тысяч квадратных метраў.
Арганізатары выстаўкі таксама адзначылі яе насычаную дзелавую праграму. У прыватнасці, прадугледжана мноства двухбаковых перагавораў, у тым ліку і з падпісаннем кантрактаў.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ