Top.Mail.Ru

Больш за 800 удзельнікаў у васьмі дысцыплінах: Астана рыхтуецца прыняць Гульні Будучыні

З 29 ліпеня па 9 жніўня ў сталіцы Казахстана Астане пройдзе міжнародны мультыспартыўны форум «Гульні Будучыні — 2026», паведамляе БелТА.

На маштабны турнір, які спалучае лічбавыя тэхналогіі і класічны спорт, заявілася звыш 800 удзельнікаў з больш як 50 краін. Спаборніцтвы прымуць чатыры сталічныя пляцоўкі: лёгкаатлетычны СК Qazaqstan, Палац адзінаборстваў імя Жаксылыка Ушкемпірава, Нацыянальны тэнісны цэнтр Beeline Arena і шматфункцыянальная «Барыс Арэна».

Прызёры Гульняў Будучыні вызначацца ў васьмі дысцыплінах. У фіджытал-футболе, фіджытал-баскетболе і фіджытал-файтынгу ігракі пачнуць паядынкі ў спартыўных сімулятарах, пасля чаго прадоўжаць высвятляць адносіны на рэальных пляцоўках. У фіджытал-танцах удзельнікі будуць спаборнічаць у дакладнасці паўтарэння рухаў за віртуальным персанажам на экране.

Фіджытал-шутар аб’яднае лічбавы этап (матч у Counter Strike 2 на ПК) і фізічную фазу (бітва на арэне ў лазертаг). Таксама ў рамках форуму пройдуць турніры па камп’ютарных гульнях Dota 2 і PUBG: Battlegrounds і мабільнай відэагульні Mobile Legends: Bang Bang (MLBB).

У Казахстане беларусы будуць прадстаўлены ў трох відах праграмы. У спаборніцтвах па фіджытал-баскетболе прыме ўдзел БК «Мінск» (29 ліпеня — 3 жніўня), за прызы ў фіджытал-шутары паспрачаецца каманда Minsk House (з 4 па 8 жніўня), а Данііл Чарапко выступіць у фіджытал-танцах (6 і 7 жніўня).

Мультыспартыўны форум у Астане стане трэцім па ліку, агульны прызавы фонд складзе $4,75 млн. Першыя Гульні Будучыні прайшлі ў 2024 годзе ў Казані, год таму іх прымала сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю