Top.Mail.Ru

Больш за 800 чалавек выйшлі на вясновую прыборку ў Брэсце

Першы дзень вясны ў Брэсце адзначылі вялікай прыборкай. Напярэдадні кіраўнікі гарвыканкама і гарсавета заклікалі гараджан далучыцца да працоўнай акцыі на карысць роднага горада. Ініцыятыва была падтрыманая. Паводле даных выканкама, на суботнік выйшлі больш за 800 чалавек.


Загадзя былі вызначаны тры асноўныя пляцоўкі для навядзення парадку. Удзельнікі суботніка працавалі на ўездзе ў горад з трасы М1, гэта вуліца Маскоўская, а таксама на вуліцах Ковельскай і Абаронцаў Айчыны. На Маскоўскай працоўны дэсант узначаліў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей ЛАБАДЗІНСКІ. «Сваім прыкладам хочам даць старт усяму гораду ў справе вясновай прыборкі. Зараз працуем каля ўязной групы, якая сустракае нашых гасцей. Летась прыбралі з аднаго боку стэлы, цяпер наводзім парадак з другога», — адзначыў кіраўнік горада.

У Брэсце з 1 сакавіка да 19 красавіка аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні. Да акцыі падключаюцца прадпрыемствы і арганізацыі, установы адукацыі, аховы здароўя, культуры, а галоўнае — многія нераўнадушныя грамадзяне. «Усе разам мы зробім наш горад найпрыгажэйшым, — падкрэсліў Сяргей Лабадзінскі і нагадаў, што горад — у чаканні святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі. І падчас месячніка па добраўпарадкаванні будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага памятным мясцінам, абласны цэнтр да гэтай даты вельмі старанна прыбярэцца».

Разам з мэрам на ўчастку — з правага боку тэльмінскага лесу — працавалі калегі з гарадскога выканаўчага камітэта, ваеныя, студэнты, навучэнцы.

Асабліва актыўна ўдзельнічалі дэпутаты гарадскога Савета. Паводле слоў старшыні Брэсцкага гарадскога Савета Андрэя ФІЛАНОВІЧА, брастаўчане маюць вялікі вопыт у справе паляпшэння тэрыторый талакой. Менавіта суботнікі, акцыі прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзі ў свой час адыгралі вялікую ролю пры аднаўленні парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Паляпшэнне парку стала справай усяго Маскоўскага раёна Брэста. Там працавалі некалькі гадоў, былі выдзелены пэўныя сродкі з гарадскога бюджэту на добраўпарадкаванне, якія паспяхова асвойваліся профільнымі арганізацыямі. Але работа па санітарнай ачыстцы, праведзеная рукамі гараджан, дазволіла зрабіць парк светлым, прывабным для сямейнага адпачынку. У чым мы ўсе разам змаглі яшчэ раз упэўніцца падчас святкавання Масленіцы ў мінулую нядзелю. І заўсёды завадатарамі добрай справы былі дэпутаты ўсіх узроўняў.

Па гэтым жа прынцыпе падышлі да паляпшэння лесапаркавага масіву ў раёне вуліцы Медыцынскай. Там ужо прайшло некалькі працоўных акцый, новыя запланаваны і на гэту вясну. Вельмі радуе, што ў суботніках актыўна ўдзельнічае моладзь. Вось і гэтым разам на гарадскі суботнік выйшлі студэнты нашых навучальных устаноў, актывісты грамадскіх арганізацый. Дэпутацкі дэсант на аб’екце каля трасы М1 узначаліў намеснік старшыні гарадскога Савета Алег НЕСЦЯРУК.

Начальнік Брэсцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр ХУДОБКА адзначыў, што ў рамках месячніка будзе наводзіцца парадак на самых розных тэрыторыях, у тым ліку на тэрыторыі гаражных кааператываў, садаводчых таварыстваў. Ён выказаў упэўненасць, што большасць гараджан далучацца да добрай справы, бо ўсе ж хочуць жыць у прыгожым і чыстым горадзе.

Фота Брэсцкага гарвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю