Top.Mail.Ru
289

Больш за 5 тысяч ваеннаслужачых і каля тысячы адзінак тэхнікі будзе задзейнічана ў сумесных вучэннях АДКБ у 2025 годзе

Дзеля міру і стабільнасці ў рэгіёне

Аб гэтым падчас брыфінгу па тэме «Аб гатоўнасці органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай АДКБ да правядзення сумесных вучэнняў» заявіў начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў. Ён заўважыў, што сумесная падрыхтоўка ў 2025 годзе праходзіць ва ўмовах складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі, падкрэсліўшы, што ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца, з’яўляюцца планавымі, не накіраваны супраць трэціх краін.

Асноўным мерапрыемствам аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ў пачатку верасня стане сумеснае вучэнне з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання «Узаемадзеянне-2025», якое пройдзе на палігонах Лосвіда і Лепельскі. У рамках падрыхтоўкі да яго будуць праведзены спецыяльныя вучэнні з сіламі і сродкамі разведкі «Пошук-2025» і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння «Эшалон-2025». Адзначаецца, што задумы гэтых вучэнняў цесна ўвязаны з задумай сумеснага стратэгічнага вучэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2025». Асноўная задача Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання — забеспячэнне разгортвання рэгіянальнай групоўкі войск.

У верасні на тэрыторыі Кыргызстана, на базе навучальнага трэніровачнага цэнтра «Эдэльвейс», пройдзе камандна-штабное вучэнне «Рубеж-2025» з падраздзяленнямі Калектыўных сіл хуткага разгортвання Цэнтральна-азіяцкага рэгіёна. У кастрычніку на палігоне Фахрабад у Таджыкістане плануецца правядзенне сумеснага вучэння з Міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае братэрства — 2025». Упершыню ў рамках міратворчага вучэння будзе праведзена спецыяльнае вучэнне з сумесным фарміраваннем РХБ абароны і медыцынскага забеспячэння «Бар’ер-2025», дзе плануецца адпрацоўка задач па ліквідацыі біялагічных пагроз у інтарэсах Калектыўных міратворчых сіл. Актыўныя фазы гэтых вучэнняў будуць праводзіцца ў сумешчаным фармаце з заключным этапам сумеснага антытэрарыстычнага вучэння кампетэнтных органаў дзяржаў — удзельніц СНД «Садружнасць-Антытэрор — 2025».

Як адзначыў начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ, у ходзе ўсіх вучэнняў спланавана правядзенне даследаванняў па актуальных пытаннях павышэння эфектыўнасці прымянення Калектыўных сіл, з прыцягненнем профільных спецыялістаў ад базавых навучальна-метадычных і навукова-даследчых арганізацый краін АДКБ. 

Практычныя мерапрыемствы па вылучэнні нацыянальных кантынгентаў у раёны правядзення вучэнняў ужо пачаліся. Войскі і тэхніка дастаўляюцца на палігоны ваенна-транспартнай авіяцыяй, чыгуначным і аўтамабільным транспартам. «Улічваючы аб’ём выкананых задач і праведзеных мерапрыемстваў, упэўнены, што сумесныя вучэнні будуць праведзены арганізавана і якасна, а вучэбныя і даследчыя мэты — дасягнуты, — падкрэсліў Андрэй Сердзюкоў. — Калектыўныя сілы пакажуць высокую палявую вывучку і зладжанасць дзеянняў. Мерапрыемствы, якія праводзяцца арганізацыяй, з’яўляюцца асновай ва ўмацаванні міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абароны на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту нашых дзяржаў, прыярытэт у дасягненні якіх дзяржавы-члены аддаюць палітычным сродкам».

Паводле Мінабароны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю