Top.Mail.Ru

Больш за 48,2 тыс. чалавек ужо зарэгістравалася на ЦТ у Беларусі

Для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ўжо зарэгістравалася больш за 48,2 тыс. абітурыентаў. Пра гэта БелТА паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый Міронаў.


«На 18.00 14 красавіка для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ўжо зарэгістравалася больш за 48,2 тыс. чалавек. Самым папулярным прадметам пакуль з’яўляецца англійская мова, на яе запісалася амаль 14,8 тыс. абітурыентаў. На другім месцы фізіка і больш за 10,5 тыс. На трэцім месцы матэматыка, на прадмет запісалася больш за 8,8 тыс. чалавек», — праінфармаваў Дзмітрый Міронаў. 


Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне працягнецца па 22 красавіка. Заяву для ўдзелу ў ЦТ абітурыент можа падаць альбо запоўніўшы электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, альбо асабіста, наведаўшы адзін з пунктаў рэгістрацыі, маючы пры сабе дакумент (копію дакумента), які сведчыць асобу (пашпарт, ідэнтыфікацыйную карту, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца), або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу. Кошт удзелу ў ЦТ па адным вучэбным прадмеце складае 4,5 рубля. Аплаціць можна праз АРІП. Пасля аплаты абітурыент не пазней за 22 красавіка, маючы пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, павінен асабіста забраць пропуск на кожны прадмет.

ЦЭ і ЦТ пройдуць у адзіныя тэрміны для выпускнікоў 2026 года, выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў. Так, 26 мая адбудзецца ЦЭ па прадмеце на выбар для 11-класнікаў і ЦТ па прадмеце на выбар для выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў. ЦЭ па беларускай або рускай мове для 11-класнікаў і ЦТ па беларускай або рускай мове для выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў пройдуць 29 мая. Таксама 2 і 5 чэрвеня адбудзецца ЦТ па прадмеце на выбар для ўсіх абітурыентаў. Рэзервовымі днямі для ЦТ вызначаны 18, 20, 22 чэрвеня. Рэзервовыя дні для ЦЭ — 20, 22 чэрвеня, іншыя тэрміны — 17, 19 жніўня.

Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе з 8 па 11 чэрвеня.

Час работы пунктаў рэгістрацыі для праходжання ЦТ — з 9.00 да 19.00, у суботнія (11 красавіка, 18 красавіка) дні — з 9.00 да 18.00. Час пачатку ЦТ, уключаючы рэзервовыя дні, — 11.00. Сертыфікаты ЦТ будуць выдавацца абітурыентам у пунктах правядзення з 1 ліпеня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю