Больш за 42 тыс. чалавек у Беларусі зарэгістраваліся на другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання (РТ), паведаміў БелТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый Міронаў.
Другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання стартаваў 3 студзеня. Менавіта гэтага чысла адкрылі свае дзверы першыя пункты РТ. «Для праходжання рэпетыцыйнага тэставання зарэгістравана больш за 42 тыс. чалавек», — сказаў Дзмітрый Міронаў.
Ён адзначыў, што другі этап РТ, як і першы, праходзіць па 14 прадметах, якія выносяцца ў якасці цэнтралізаванага экзамену або цэнтралізаванага тэсціравання.
У 20-х чыслах лютага пасля праверкі бланкаў усе асобы, якія прайшлі РТ, атрымаюць вынікі. Паглядзець іх можна будзе ў асабістых кабінетах на сайце РІКВ. Па кожным прадмеце будзе арганізавана адпаведнае кансультаванне.
Дзмітрый Міронаў звярнуў увагу, што другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання праводзіцца з улікам асобных карэкціровак, унесеных Міністэрствам адукацыі ў парадак правядзення цэнтралізаванага экзамену. Так, пры рэгістрацыі і афармленні бланкаў адказаў замест серыі і нумара пашпарта неабходна ўказваць ідэнтыфікацыйны нумар.
Навацыяй стане і тое, што па такіх прадметах, як фізіка і хімія, з гэтага года дапускаюцца выключна простыя аднарадковыя калькулятары, якія выконваюць простыя арыфметычныя функцыі: множанне, складанне, адніманне, дзеянні з квадратнымі каранямі, разлікі працэнтаў.
У краіне дзейнічаюць 139 пунктаў рэпетыцыйнага тэсціравання. Абітурыенты пры рэгістрацыі на РТ самі выбіраюць пункт рэпетыцыйнага тэсціравання, зыходзячы з чаго плануюць дату таго ці іншага прадмета.
Дзмітрый Міронаў дадаў, што пры наяўнасці пытанняў тэхнічнага характару — па рэгістрацыі, аплаце — можна звярнуцца да чат-бота РІКВ. У тэлеграм-канале РІКВ можна паглядзець любую інфармацыю, якая цікавіць.