Днямі ў сучаснай шматпавярхоўцы ў хуткарослым мікрараёне Грандзічы адзначылі наваселле пагранічнікі самых розных катэгорый, незалежна ад звання або выслугі гадоў. Галоўны крытэрый — неабходнасць паляпшэння жыллёвых умоў. Пры гэтым 14 сем’яў ваеннаслужачых Гродзенскай пагранічнай групы атрымалі ключы ад трохпакаёвых кватэр, 20 — ад двухпакаёвых, 11 — ад аднапакаёвак.
Такая добрая падзея не першая для гродзенскіх пагранічнікаў. У апошнія тры гады 82 ваеннаслужачыя палепшылі жыллёвыя ўмовы. Сімвалічна, што пагранічнікі будуць пражываць на праспекце Вольгі Санфіравай — Героя Савецкага Саюза, камандзіра эскадрыллі 46-га гвардзейскага начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. За гады Вялікай Айчыннай вайны яна здзейсніла 630 баявых вылетаў, праявіўшы выключную адвагу. Загінула ў баі і пахавана ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у парку Жылібера ў цэнтры Гродна.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Максім Бутранец, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель і іншыя ганаровыя госці.
Намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта Максім Бутранец адзначыў важнасць падзеі ў маштабах краіны:
— Дзяржавай на сістэмнай аснове рэалізуюцца сацыяльныя праекты, дзякуючы якім людзі ў пагонах, ваеннаслужачыя, у тым ліку пагранічнікі, становяцца шчаслівымі ўладальнікамі ўласнага жылля, — падкрэсліў Максім Бутранец. — Калі гаварыць мовай лічбаў, то з моманту ўкаранення інстытута арэнднага жылля для органаў пагранічнай службы пабудавана 826 жылых памяшканняў, з іх 156 — уведзена ў эксплуатацыю летась. Гэта стварае неабходны баланс інтарэсаў паміж дзяржавай і тымі грамадзянамі, якія закліканы абараняць нацыянальныя інтарэсы. Падкрэслю, што Гродзенская вобласць займае лідзіруючую пазіцыю па будаўніцтве жылля для пагранічнікаў рэгіёна.
Намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта павіншаваў навасёлаў і адзначыў, што будаўніцтва жылля для пагранічнікаў у Беларусі носіць сістэмны характар. Пры гэтым Гродзенскі рэгіён займае лідзіруючую пазіцыю.
— Безумоўна, гэта з’яўляецца нагляднай праявай павагі і клопату беларускай дзяржавы аб людзях у пагонах. Адначасова падкрэслівае агульнанацыянальны падыход і аб’яднаўчую ідэю — час канкрэтных спраў, — рэзюмаваў Максім Бутранец.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў сказаў цёплыя словы пагранічнікам:
— Старыя «службовыя» людзі адзначаюць, што ў часы іх маладосці пра такую ўвагу да забеспячэння камфортнымі ўмовамі для пражывання можна было марыць. Сёння ключы ад службовага жылля атрымліваюць радавыя, палкоўнікі і нават кантрактнікі. Пра што гэта кажа? Дзяржава робіць усё, каб чалавек, які абараняе яе граніцы, не меў патрэбы ў базавых рэчах. Перш за ўсё для стварэння сям’і, уладкавання побыту для сваіх дзяцей, — адзначыў губернатар.
Малодшы сяржант Гродзенскай пагранічнай групы (медсястра) Аляксандра Крупіца — адна з шчаслівых уладальніц арэндных квадратных метраў.
— Прыступіла да службы ўсяго паўгода таму і ўжо атрымала магчымасць засяліцца ў новы дом, дзе будуць жыць ваеннаслужачыя, якія прысвяцілі шмат гадоў жыцця ахове граніц нашай Радзімы. Гэта дарагога варта! — пераканана малодшы сяржант. — Абраная мною прафесія патрабуе стойкасці і мужнасці, але мне яна здаецца вельмі важнай. Задача нашай службы — сачыць за здароўем ваеннаслужачых, што вельмі важна для забеспячэння іх поўнай баявой гатоўнасці. Родам я з Ваўкавыска і да цяперашняга моманту здымала кватэру, таму сёння такая шчаслівая.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Гродзенскай пагранічнай групы