У рамках праграмы летняй занятасці моладзі створана 288 студэнцкіх атрадаў рознай накіраванасці: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, экалагічныя, сэрвісныя, медыцынскія, педагагічныя, вытворчыя. У іх склад увайшлі студэнты ВНУ, навучэнцы ССУ, старшакласнікі. Яны вырашылі сваёй працай прынесці карысць розным галінам народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы, а таксама самастойна зарабіць грошы — для многіх першыя.
Прафесійныя навыкі атрымліваюць байцы будаўнічых атрадаў з Полацкага дзяржуніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай, прымаючы ўдзел ва ўсебеларускай маладзёжнай будоўлі «Памяць пакаленняў» — яны занятыя на работах па ўзвядзенні Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і ўладкаванні парка Народнага адзінства ў Мінску.
Напярэдадні Дня студэнцкіх атрадаў Беларусі, які адзначаецца 1 жніўня, адзін дзень у складзе педагагічнага атрада, які працуе на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Магістраль» у Віцебскім раёне, у якасці важатага правёў намеснік старшыні аблвыканкама Аляксей Гуйда. Атрымаўшы ў падарунак куртку-байцоўку, ён падзяліўся ўспамінамі пра ўласны ўдзел у працоўным семестры.
— У час маёй вучобы ў БДПУ імя Максіма Танка напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя будатрадаўскі рух у Беларусі часова прыпыніўся, — узгадаў Аляксей Гуйда. — Але знайшлося некалькі энтузіястаў, у тым ліку і я, якія самаарганізаваліся і вырашылі падзарабіць да новага навучальнага года. Сабраліся — і паехалі на лесанарыхтоўкі ў Карэлію. Працавалі спачатку сякерамі, потым асвоілі бензапілы. План на брыгаду з пяці чалавек складаў 3,2 тыс. кубаметраў лесу, мы, не маючы вопыту, а толькі энтузіязм, нарыхтавалі 2,7 тыс. «кубоў», што вельмі нядрэнна.
Жылі ў вагончыку, паднімаліся вельмі рана, ваду набіралі ў ручаіне, на дзялянку ездзілі за 40 км, часам не хапала ежы. Але ўсе гэтыя першыя сур’ёзныя выпрабаванні паказалі нам лепшыя бакі адзін аднаго, згуртавалі як таварышаў. Таму і дагэтуль мы, удзельнікі самаарганізаванага студатрада, падтрымліваем сувязь. Лічу, што сумесная праца дае ўяўленне аб дарослым жыцці, з’яўляецца своеасаблівым выпрабаваннем і загартоўкай.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота аўтара.
Сонечны гусь Сцеша — талісман студэнцкага педагагічнага атрада «Світанак» імя А.І. Маслоўскай ВДУ імя П.М. Машэрава.