Top.Mail.Ru
284

Больш за 2 тысячы чалавек з пачатку года атрымалі юрыдычную дапамогу на прафсаюзным прававым прыёме

Кожны апошні чацвер месяца юрысты ФПБ лраводзяць юрыдычныя кансультацыі. Ужо заўтра, 29 мая, прававыя інспектары працы пракансультуюць грамадзян ва ўсіх рэгіёнах краіны па працоўных і звязаных з імі пытаннях. Час і месца можна даведацца на афіцыйным Інтэрнет-партале ФПБ.



Толькі з пачатку года магчымасцю пракансультавацца скарысталіся больш за 2 тысячы грамадзян. Сярод пытанняў, з якімі найбольш часта звяртаюцца людзі, — умовы выканання кантракта, парадак канчатковага разліку пры звальненні, прадастаўленне працоўных і сацыяльных водпускаў, выплата матэрыяльнай дапамогі і гарантыі па калектыўных дагаворах.

— Такая практыка — гэта магчымасць аператыўна атрымаць прадметную кансультацыю і дапамогу. У многіх выпадках, на прававы прыём грамадзяне прыходзяць з неабходнымі дакументамі, якія дапамагаюць максімальна акунуцца ў пытанне. Акрамя таго, калі неабходна юрысты на месцы дапамагаюць скласці працэсуальныя дакументы і звароты ў адпаведныя службы і дзяржорганы. Дарэчы, на прыёмах прысутнічаюць прадстаўнікі пракуратуры, якія таксама падключацца да вырашэння пытанняў тых, хто звярнуўся, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення юрыдычнай работы і прававога забеспячэння Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Марына Лазар. — Адзначу, што з чэрвеня аб’яўляецца перапынак у правядзенні выязных прававых прыёмаў, адновіцца такая практыка з верасня. Разам з тым прафсаюзныя юрысты прадоўжаць аказваць неабходную дапамогу ў любых зручных для грамадзян формах — па тэлефоне, праз пісьмовы зварот або праз зварот на спецыяльны сэрвіс на Інтэрнэт-партале ФПБ.

Трэба адзначыць, што не рэдкія выпадкі, калі прафсаюзныя юрысты падчас прававога прыёму вядуць перамовы з наймальнікамі тых, хто звярнуўся для вырашэння працоўнага пытання. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці ў красавіку на прыём звярнуўся шматдзетны бацька, якому наймальнік адмовіў у прадастаўленні дадатковага аплатнага выхаднога дня ў тыдзень на падставе, што жонка заяўніка не працуе. Заканадаўствам прадугледжана, што ў поўнай сям’і догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў адным з бацькоў прыраўноўваецца да занятасці другога з бацькоў. Юрыст перагаварыў з наймальнікам, растлумачыў нюансы Працоўнага кодэкса. Пытанне ўдалося вырашыць станоўча.

А ў Быхаве на прыёме паступіла пытанне ад маладога спецыяліста, які не атрымлівае даплаты да заработнай платы. Як высветлілася, малады работнік не можа атрымаць законны дадатак з-за страты пасведчання з асабістай справы. Падчас прыёму прафсаюзны юрыст звязаўся з выканкамам і ВНУ, выпрацаваў схему, якая дазволіць аднавіць дакументы. Пытанне заставалася на кантролі ў прадстаўніка прафсаюза — на сённяшні дзень малады спецыяліст ужо пачаў атрымліваць належную даплату.

Нагадаем, задаць сваё пытанне і пракансультавацца можна па тэлефоне Міжгаліновага маніторынгавага цэнтра ФПБ — 8 801 100 1111. Званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life), A1, МТС. Звароты прымаюцца з панядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю