Top.Mail.Ru

Больш за 18 тыс. тон бульбы, гародніны і яблыкаў закладуць у стабфонды Брэсцкай вобласці

Больш за 18 тыс.тон бульбы, агародніны і яблыкаў закладуць на міжсезоннае захоўванне ў стабілізацыйныя фонды Брэсцкай вобласці. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама.



У паўднёва-заходнім рэгіёне закладваць плодаагароднінную прадукцыю ў стабфонды пачалі тры тыдні таму. У кастрычніку гэта работа стала весціся масава. Так, у вобласці запланавалі адправіць на захоўванне больш як 6,7 тыс. т бульбы (ужо закладзена больш як 4,1 тыс. т), звыш 3 тыс. т капусты (цяпер 531,5 т). Для паставак у міжсезонне зарэзервавана каля 2 тыс. т морквы (закладзена каля 70 т), больш за 1,3 тыс. т сталовых буракоў (цяпер 93,6 т), звыш 1,7 тыс. т цыбулі (на захоўванні ўжо 389,3 т). У стабфондах будуць чакаць паставак амаль 3,2 тыс. т яблыкаў (закладзена больш за 1,7 тыс.т).

Напрыклад, у ААТ «Пачапава» ў Пінскім раёне яблыневы сад займае 128 га. Палешукі вырошчваюць сарты беларускай і імпартнай селекцыі. Валаўтваральныя — «Чэмпіён», «Лігал» і «Айдарэд». Акрамя іх, ёсць «Голдэн Дэлішэс», «Гала», «Глостэр», «Беларускае салодкае», «Алеся» і іншыя. У гаспадарцы чакаюць сабраць больш за 5 тыс. яблыкаў. Каля палавіны ўраджаю ўжо ўбрана. З сярэдзіны верасня фрукты пачалі закладваць у стабфонд, дзе ў міжсезонне будзе захоўвацца 600 т. Гэтаму ўдзяляецца павышаная ўвага, каб забяспечыць харчовую бяспеку. «Наша фруктасховішча разлічана на 3 тыс. т. Ёсць і халадзільныя, і маразільныя камеры. Асноўная задача — максімальна захаваць таварны яблык. Усё распісана па стабфонду», — расказалі ў «Пачапава».

Збор фруктаў плануюць завяршыць да пачатку лістапада. Вытворцы задаволены цяперашнім ураджаем. У садзе цяпер працуюць каля 100 чалавек. Дапамагаюць і навучэнцы са студэнцкіх атрадаў. «У кожнага сорту ёсць тэрмін здымнай спеласці, спажывецкай, калі яблык ляжыць у сховішчы і даходзіць да сваёй кандыцыі, набірае максімальную колькасць цукраў. Наша задача — сабраць своечасова, каб яно не пераспявала. Тады будзе добра захоўвацца. Асабліва ў гэтым годзе заўважылі, што яблык вельмі хутка спее, напэўна, з-за перападу начных і дзённых тэмператур. Робім усё, што ад нас залежыць, каб у аптымальныя тэрміны сабраць ураджай», — дадалі ў гаспадарцы.

У цэлым закладка плодагародніннай прадукцыі ў стабфонды завершыцца да сярэдзіны лістапада. «Усяго ў міжсезонны перыяд 2026/27 года ў аб’екты гандлю і сацыяльнай сферы Брэсцкай вобласці плануецца паставіць больш за 20 тыс. т плодаагародніннай прадукцыі. Асаблівасць цяперашняга сезона ў тым, што па дзяржаўным заказе ў магазіны таксама будуць пастаўляцца агуркі і таматы, вырашчаныя ў айчынных цяплічных камбінатах. Для патрэб паўднёва-заходняга рэгіёна зарэзервавана 1,27 тыс. т агуркоў і 0,85 тыс. т таматаў», — звярнулі ўвагу ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама. Агуркі і таматы пасля збору будуць трапляць адразу на паліцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю