Больш за 18 млн дрэў высаджана ў рамках акцыі «Дай лесу новае жыццё!». Пра гэта расказаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Андрэй Карась падчас удзелу ў высадцы лесу ў Мінскім раёне, паведаміла БелТА.
«Удзел у акцыі „Дай лесу новае жыццё!“ за гэтыя кароткія 20 дзён прыняло каля 53,5 тыс. чалавек. У ёй прынялі ўдзел і вышэйшыя службовыя асобы, і кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, і працоўныя калектывы. Высадзілі мы каля 18 млн дрэў, стварылі каля 1,6 тыс. га лясных культур і правялі дапаўненні, дзе гэта патрабавалася, на плошчы каля 5 тыс. га. Аб’ём вельмі сур’ёзны», — расказаў Андрэй Карась.
На восень па лясгасах пастаўлена задача стварыць каля 3 тыс. га лесу — больш за палову гэтага было выканана ў рамках акцыі. «Лесааднаўленне будзе працягвацца і далей. У нас ёсць планавыя высечкі, нягледзячы на тыя бураломы, з якімі мы змагаемся. Яны будуць патрабаваць лесааднаўлення», — растлумачыў ён.
Сёння, у апошні дзень акцыі «Дай лесу новае жыццё!», кіраўніцтва Мінлясгаса высаджвае дрэвы сумесна з прадстаўнікамі пасольства Індыі. Больш за 1 тыс. дрэў сасны і елкі ўпрыгожылі тэрыторыю Заслаўскага лясніцтва. Праз сем гадоў саджанцы стануць паўнавартасным лесам.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Ашок Кумар падкрэсліў, што правядзенне такіх ініцыятыў вельмі важна для ўсіх краін, якія хочуць падтрымліваць прыроду і яе багацце.