Традыцыйна ў перыяд навагодніх і калядных свят прафсаюзныя арганізацыі па ўсёй краіне праводзяць мноства мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі «Прафсаюзы — дзецям». Гэта правядзенне дабрачынных акцый для выхаванцаў розных дзіцячых устаноў, уручэнне падарункаў дзецям работнікаў — членаў прафсаюзаў, арганізацыя святочных навагодніх прадстаўленняў.
Так, напрыклад, прафсаюзы правялі больш за 1600 дабрачынных мерапрыемстваў па аказанні дапамогі дзіцячым інтэрнатным установам, у якіх выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама ўстановам аховы здароўя і адукацыі, фондам і асацыяцыям. Прадстаўнікі прафсаюзаў не толькі сустрэліся з дзецьмі і арганізавалі яркія навагоднія віншаванні, але і ўручылі ім падарункі. Гэта і кандытарскія вырабы, і розныя гульні, кнігі, прадметы адзення і многае іншае.
Акрамя таго, прафсаюзныя арганізацыі аказалі бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтых арганізацый (пералічаны грашовыя сродкі, уручаны сертыфікаты, набыты музычныя інструменты, бытавая і камп’ютарная тэхніка, спартыўны інвентар, пасцельныя рэчы, цацкі, кнігі і г. д.).
Таксама практычна ў кожнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадоўжана добрая традыцыя віншавання дзяцей работнікаў арганізацый. У цэлым навагоднія падарункі атрымалі больш за 700 тысяч дзяцей работнікаў арганізацый — членаў прафсаюзаў. А ў навагодніх паказах, арганізаваных прафсаюзамі ва ўсіх рэгіёнах, прынялі ўдзел звыш 350 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.
Пры гэтым асаблівая ўвага ў час правядзення такіх мерапрыемстваў была ўдзелена дзецям са шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’яў. Напрыклад, Федэрацыя прафсаюзаў правяла напярэдадні Новага года ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў дабрачыннае свята для выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных, апякунскіх, прыёмных сем’яў і дзяцей-інвалідаў, якое ўжо стала добрай традыцыяй. Усяго ў ім прынялі ўдзел каля 500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для маленькіх гасцей быў падрыхтаваны тэатралізаваны паказ і інтэрактыўныя мерапрыемствы з Дзедам Марозам, Снягуркай і іншымі казачнымі персанажамі. Пасля завяршэння мерапрыемстваў кожнае дзіця атрымала вялікі салодкі падарунак.
У цэлым на правядзенне святочных навагодніх мерапрыемстваў для дзяцей прафсаюзамі ўсёй краіны было накіравана звыш 38,6 мільёна рублёў.
Даведачна
Дабрачынная акцыя «Прафсаюзы — дзецям» праводзіцца Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ўжо больш за дваццаць гадоў з мэтай праяўлення ўвагі і клопату аб дзецях, аказання ім дапамогі і ўсебаковай падтрымкі. Апроч навагодняга этапу акцыі прафсаюзы аказваюць дапамогу сем’ям пры падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года, у летнюю аздараўленчую кампанію, да Дня абароны дзяцей. Круглы год дапамога аказваецца і сем’ям, якія па тых ці іншых прычынах аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.
Алена КРАВЕЦ.