Больш за 13 тыс. чалавек ужо прагаласавалі за новы графічны знак беларускага рубля, паведамілі БелТА ў прэс-службе Нацыянальнага банка.
Азнаёміцца з работамі-фіналістамі і аддаць свой голас за ўпадабаную можна на сайце Нацбанка. Галасаванне завершыцца 28 лістапада 2025 года.
Амаль 2,7 тыс. заявак паступіла для ўдзелу ў конкурсе на новы графічны знак беларускага рубля. Конкурсная камісія вызначыла пяць лепшых работ, якія размясцілі на сайце Нацбанка для галасавання. На падставе ацэнак камісіі і вынікаў анлайн-галасавання будзе выбраны новы графічны знак беларускага рубля.
Раней намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун тлумачыў у гутарцы з журналістамі, навошта быў абвешчаны конкурс. «Нагадаю, 20 гадоў таму Нацыянальны банк прыняў рашэнне аб выбары графічнага сімвала. Гэта дзве літары — Br на лацінцы. Мінула 20 гадоў, і мы ўбачылі, што гэты знак ніяк не прыжыўся. Таму было прынята рашэнне аб'явіць адпаведны конкурс. Менавіта так, шляхам конкурснага адбору, 20 гадоў таму выбіраўся графічны знак. Бачым, што ў гэтым зноў ёсць крайняя неабходнасць», — падкрэсліў ён. На яго думку, гэта павінен быць адзін сімвал на лацінцы, які будзе зразумелы ўсёй міжнароднай супольнасці і будзе асацыявацца менавіта з беларускім рублём.