У Гомельскай вобласці ў выніку складаных умоў надвор’я, моцнага снегу, завеі, дажджу і ўзмацнення ветру парывамі 15-20 м/с з 8 па 9 студзеня адбыліся парушэнні электразабеспячэння ў 38 населеных пунктах Рэчыцкага, Жлобінскага і Гомельскага раёнаў. Аднаўленне электразабеспячэння працягваецца ў населеных пунктах Гомельскага і Лоеўскага раёнаў. Пра гэта паведамілі БелТА ў «Гомельэнерга».
Энергетыкі ва ўзмоцненым рэжыме аднаўляюць энергазабеспячэнне ў рэгіёне. Паводле інфармацыі спецыялістаў, асноўнымі прычынамі парушэнняў сталі абрывы ліній электраперадачы з-за падзення дрэў, наліпанне мокрага снегу на правадах і ўздзеянне ветравой нагрузкі.
«Аднаўленне электразабеспячэння працягваецца ў пяці населеных пунктах Гомельскага і Лоеўскага раёнаў. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, работы вядуцца ў максімальна магчымым тэмпе. У ліквідацыі наступстваў задзейнічаныя 11 аварыйных брыгад і 16 адзінак спецтэхнікі», — расказаў ў «Гомельэнерга».
Работы па аднаўленні электразабеспячэння працягнуцца ў кругласутачным рэжыме.
У «Гомельэнерга» нагадалі жыхарам рэгіёна аб мерах засцярогі, якія неабходна выконваць. Так, катэгарычна забараняецца набліжацца да абарваных або правіслых правадоў, да абваленых апор ЛЭП. Бяспечная адлегласць — не менш за 8 м. «Аб усіх выяўленых пашкоджаннях неабходна паведамляць па адзіным дыспетчарскім нумары 144 або 115 службы ЖКГ», — адзначылі спецыялісты.
Паводле звестак сіноптыкаў, 9 студзеня захаваюцца складаныя ўмовы надвор’я: мяцеліца, узмацненне ветру і наліпанне мокрага снегу. «Гэтыя фактары захоўваюць высокую рызыку новых пашкоджанняў у электрасетках», — дадалі ў «Гомельэнерга».