Top.Mail.Ru

Больш як 150 прадметаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць, сёлета папоўняць фонды самых розных музеяў

Выратаваць, захаваць і паказаць людзям


У нашай дзяржаве ўдзяляецца вялікая ўвага захаванню культурна-гістарычных каштоўнасцяў, каб яны не вывозіліся за мяжу, не знікалі дзесьці ў прыватных калекцыях. Робіцца ўсё магчымае, каб папаўняць фонды дзяржаўных музеяў, а ў перспектыве і — іх экспазіцыі самымі рознымі ўнікальнымі прадметамі, якія сапраўды таго вартыя. І гэтая работа пастаянная і штогадовая, а ажыццяўляецца яна ў Беларусі з 2013 года.

Важным крокам у гэтай дзейнасці заклікана стаць пастанова Савета Міністраў ад 8 чэрвеня 2026 г. № 283 «Аб бязвыплатнай перадачы каштоўнасцяў культурна-гістарычнага фонду». Дакумент прадугледжвае перадачу на бязвыплатнай аснове з Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў Міністэрства фінансаў прадметаў, якія папоўняць фонды шэрагу беларускіх дзяржаўных музеяў.


З Дзяржаўнага сховішча — у экспазіцыю

Як паведаміла Святлана КРУЦЬКО, начальнік аддзела экспертна-аналітычнай атэстацыі каштоўнасцяў Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў Міністэрства фінансаў, у гэтым годзе будуць перададзены 159 прадметаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Сярод тых устаноў, што змогуць папоўніць свае фонды, — Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Гомельскі абласны музей ваеннай славы і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж».


— Размова аб каштоўнасцях, якія трапілі ў Дзяржаўнае сховішча ад ламбардаў, скупак, а таксама аб каштоўнасцях, якія былі канфіскаваны, арыштаваны і абернуты ў даход дзяржавы, — распавядае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення каштоўных металаў і каштоўных камянёў Міністэрства фінансаў Павел РАМАНОЎСКІ. — Пярвічны адбор каштоўнасцяў здзяйсняецца спецыялістамі Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў пры апрацоўцы пасылак, якія паступаюць у Дзяржаўнае сховішча. Пасля гэтага ўносяцца на разгляд камісіі са спецыялістаў і экспертаў Міністэрства фінансаў, Дзяржаўнага мытнага камітэта і Міністэрства культуры, музеяў прапановы па залічэнні ў культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду. На аснове пратакола і загаду Міністэрства фінансаў рыхтуецца праект пастановы ўрада, які прадугледжвае перадачу з Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў для ажыццяўлення музейнай дзейнасці каштоўнасці культурна-гістарычнага фонду. Прыняцце пастановы ўрада здзяйсняецца па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы, што сведчыць аб важнасці захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.

Тыя прадметы, якія трапляюць у Дзяржаўнае сховішча каштоўнасцяў, яшчэ «бязлікія», бо па-сапраўднаму яны пачынаюць распавядаць свае гісторыі, калі перададзены ў музей. Менавіта там яны вывучаюцца больш грунтоўна, а ў перспектыве гэтыя прадметы могуць парадаваць вока наведвальнікаў, якія прыйдуць паглядзець тую ці іншую экспазіцыю.


Калі гісторыя ажывае...

Сярод тых музеяў, куды перадаюцца выратаваныя каштоўнасці з Дзяржаўнага сховішча, — Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Зразумела, пра ўсе мы распавесці не зможам, аднак раскажам пра самыя ўнікальныя і цікавыя. А дапаможа ў гэтым намеснік галоўнага захавальніка фондаў музея Святлана ПРЫБЫШ.

Калі казаць непасрэдна пра Дзяржаўнае сховішча каштоўнасцяў, то ў перыяд з 2019 да 2024 года ўключна музей атрымаў адтуль 94 музейныя прадметы, якія папоўнілі розныя калекцыі — гэта і нумізматыка, і прадметы побыту, і фалерыстыка (калі казаць больш прадметна і проста, гэта манеты, гадзіннікі, сталовыя прыборы, узнагароды і г. д.)


— Усе яны выраблены ў розных краінах (Расійская імперыя, Савецкі Саюз, Швецыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Амерыка, Германія і інш.) і ў розны час — ад сярэдзіны XІX да сярэдзіны XX ст. — тлумачыць Святлана Прыбыш. — Самы ўзроставы музейны прадмет, які быў атрыманы з Дзяржаўнага сховішча за апошнія гады, — манета Расійскай імперыі наміналам 1 рубель. Яна датуецца 1804 годам, выпушчана ў перыяд кіравання Аляксандра І, які праводзіў рэформы ў вытворчасці манетных грошай і адмовіўся ад выявы асабістага партрэта на манетах, замяніўшы яе ўказаннем наміналу.

Сярод унікальных прадметаў з фондаў музея, якія нам удалося пабачыць, — швейцарскі кішэнны гадзіннік, дзе ёсць дароўны надпіс «За отличную стрельбу» з выявай вінтовак Мосіна. Ён быў выпушчаны прыкладна ў канцы XІX ст. швейцарскай фірмай, якая распаўсюджвала свой тавар на тэрыторыі Расійскай імперыі.

У фондах музея ёсць і такі рарытэт, перададзены з Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў, як партсігар з дароўным надпісам «К дню 45-летия полковнику Зайцеву И. Г. от полковника Гулякович». На прадмеце пазначана і дата, калі гэты партсігар быў падараваны, — 15 ліпеня 1953 года, але па клеймах на ўнутранай частцы корпуса спецыялісты зрабілі выснову, што партсігар мог быць зроблены ў перыяд з 1927 да 1954 года.

— Важна адзначыць і тыя ўнікальныя ўзнагароды, якія папоўнілі фонды музея з Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў, — адзначае Святлана Міхайлаўна. — Гэта, напрыклад, ордэны Баявога Чырвонага Сцяга Мангольскай Народнай Рэспублікі (ордэн быў заснаваны ў 1926 г. і меў некалькі разнавіднасцяў), а таксама савецкія ўзнагароды — ордэны Чырвонага Сцяга, Багдана Хмяльніцкага, Аляксандра Неўскага. Нашымі супрацоўнікамі вядзецца работа па ўдасканаленні пастаяннай экспазіцыі, якую ў перспектыве пасля вывучэння змогуць папоўніць новыя прадметы, якія нам былі перададзены з Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў.

Які «скарб» захоўваецца ў Нясвіжы?

Сярод устаноў, куды перадаецца «скарб» з Дзяржаўнага фонду каштоўнасцяў Мінфіна, — Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», фонды якога сёння налічваюць больш як 29 тысяч экспанатаў. Як паведаміў яго дырэктар Дзмітрый ЯШЧАНКА, за апошнія пяць гадоў фонды музея-запаведніка «Нясвіж» папоўніліся на 1260 прадметаў.


Сярод самых цікавых прадметаў — 146 манет рознага наміналу перыяду з 1635 па 1932 гады, якія былі перададзены Упраўленнем па Брэсцкай вобласці Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Асобую каштоўнасць з пункту гледжання гісторыі прадстаўляюць 108 срэбраных манет, а таксама больш за 30 юбілейных і памятных манет XX ст., — распавядае Дзмітрый Леанідавіч. — Дзякуючы перададзеным нам на бязвыплатнай аснове прадметам, мы змаглі стварыць вельмі цікавую экспазіцыю «Казна» ў гарадской ратушы.

Варта адзначыць, што сярод новых музейных прадметаў — не толькі манеты. Ёсць, напрыклад, фарфоравыя і фаянсавыя вазы, розныя рэчы для сервіроўкі і ўпрыгожвання стала (гэта 30 прадметаў еўрапейскай вытворчасці пачатку — сярэдзіны XX ст.). Палова з іх змяшчае серабро. Гэтыя прадметы былі атрыманыя ад Упраўлення па г. Мінску і Мінскай вобласці раней ужо згаданага Дэпартамента.


Паводле слоў Дзмітрыя Яшчанкі, сярод перададзеных бязвыплатна з Дзяржаўнага сховішча каштоўнасцяў Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь — 79 прадметаў з утрыманнем серабра, лампада канца XІX ст., прадметы сталовага серабра 1960 —1970-х гг.

— Вядома, мы вельмі ўдзячны за тое, што нашы фонды пастаянна папаўняюцца новымі цікавымі музейнымі прадметамі. Вельмі добра, што наша дзяржава клапоціцца пра гэта, ствараючы ўмовы для бязвыплатнай перадачы нам рэчаў, якія прадстаўляюць сабой вялікую каштоўнасць для нашай культуры і гісторыі. Вядома, набыць дзесьці такія каштоўныя прадметы для свайго музея мы б наўрад ці змаглі самастойна, — перакананы Дзмітрый Яшчанка. — Такім чынам, дзякуючы папаўненню нашых фондаў новымі рарытэтамі, у нас ёсць магчымасць арганізаваць яшчэ больш цікавыя і разнастайныя выстаўкі і экспазіцыі ў будучыні.

Ірына ПРЫМАК

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю