Па ранейшаму айчынныя выдаўцы былі ўважлівымі да творчасці пісьменнікаў, чые апавяданні, казкі, вершы правераны часам і карыстаюцца папулярнасцю ў юных чытачоў розных пакаленняў. Пабачылі свет кнігі для дзяцей, аўтарамі якіх з’яўляюцца народны паэт Беларусі Максім Танк, класік беларускай дзіцячай літаратуры Васіль Вітка, добра вядомыя ў краіне пісьменнікі-прыродазнаўцы Рыгор Ігнаценка, Валерый Кастручын. Выдадзены кнігі заслужанага дзеча культуры Рэспублікі Беларусь Міхася Пазнякова, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Сяргея Клімковіча, Таццяны Дземідовіч, Уладзіміра Мазго і іншых адметных аўтараў.
Уражлівы прыклад руплівасці ў галіне выпуску дзіцячай літаратуры паказваюць Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Беларусь». Многія кнігі беларускіх дзіцячых пісьменнікаў выдатна аформлены найлепшымі ілюстратарамі краіны.
Мікола Берлеж