Top.Mail.Ru

Бізнес любіць канфідэнцыяльнасць, а Беларусь для асабістых перагавораў — цалкам прыдатнае месца

У мінулым дзесяцігоддзі, калі глабалізацыя і еўрапейскі капітал усё больш шчыльна пранікалі ў краіны СНД, у Беларусі лунала ідэя развіваць дзелавы турызм. Грэх было не выкарыстоўваць наша выгаднае геаграфічнае становішча для сустрэч дзелавых колаў Усходу і Захаду. Пры дастаткова добрай і якаснай інфраструктуры правядзенне розных семінараў, карпаратыўных нарад і іншых мерапрыемстваў абыходзілася ў Мінску танней, чым у Маскве ці Берліне. 


Вядома, як і ў любым бізнесе за дзелавых людзей канкурыравалі шмат якія дзяржавы. Але шанцы атрымаць сваю долю ў гэтай нішы ў нас былі. І цалкам рэальныя. Больш за тое, зрухі ў гэтым кірунку ўжо назіраліся. І дастаткова дынамічныя. Зблыталі карты ковід і напружанасць міжнароднага становішча, якая здарылася хутка пасля пандэміі. Зрэшты, нягледзячы на змену навакольнага асяроддзя, канкурэнтныя перавагі ў сегменце дзелавога турызму, мабыць, толькі ўзмацніліся.

Рыторыка з усіх бакоў гучыць дастаткова ваяўнічая. Часам нават непрымірымая. Эканамічнае супрацоўніцтва Усходу і Захаду знаходзіцца, мякка кажучы, не на самым высокім узроўні. Алею ў агонь дадаў і Дональд Трамп, дэкларуючы масіраваную палітыку пошлін і падштурхоўваючы сусветную эканоміку да гандлёвых войн. Альбо як мінімум да гандлёвага супрацьстаяння. Зрэшты, палітыка — палітыкай, санкцыі — санкцыямі, але дзелавыя кантакты працягваюць захоўвацца. Так, яны сталі менш публічнымі. Згодны, што часта яны маюць нефармальны характар. Але калі іншы раз узаемадзеянне пастаўлена на паўзу ў сілу асаблівасцяў сучаснай міжнароднай абстаноўкі, то кантакты прадпрымальнікаў, фінансістаў, экспертаў, навуковых колаў цалкам не зніклі. І людзі па розныя бакі тэктанічнага геапалітычнага разлому працягваюць камунікаваць.

Найноўшыя камунікацыйныя тэхналогіі, вядома, робяць цуды дазваляючы вырашаць пытанні на любой адлегласці, без асабістых сустрэч. Але сярод пераваг электронных гаджэтаў ёсць адна вельмі істотная загана — яны змяншаюць узровень канфідэнцыяльнасці, якая сёння ў бізнесе як ніколі важная. Самы бяскрыўдны дыялог, падслуханы, вырваны з кантэксту, можа імгненна быць занадта прадузята вытлумачаны. А наколькі распаўсюджаныя месенджары ўмеюць захоўваць таямніцу, а сусветныя камунікацыі абаронены ад нясціплых вачэй і вушэй — пытанне вельмі дыскусійнае. Таму сёння ў шэрагу выпадкаў лепш не рызыкаваць і пагаварыць асабіста, адзін на адзін. І, як бачыцца, Беларусь для такіх сустрэч цалкам прыдатнае месца.

З дзяржавамі ў рамках ЕАЭС і СНД у нас граніца ўвогуле адкрытая. Прыехаць у Мінск прасцей простага: не трэба ні візы, ні нейкіх іншых спецыяльных дазволаў. Як бы да Беларусі ні ставіліся краіны еўрапейскага Захаду, але граніца ў нас не перакрытая. Больш за тое, дзейнічае бязвізавы рэжым. Таму для грамадзян Прыбалтыкі, Германіі ці Польшчы, многіх іншых дзяржаў адсутнічаюць нейкія бар’еры для прыезду ў Беларусь. Іншае пытанне, што з-за розных санкцыйных гісторый і ўзброенага канфлікту ва Украіне некалькі мудрагеліста выглядае транспартная лагістыка. З вядомых прычын прамых авіяцыйных і чыгуначных зносін паміж Мінскам і еўрапейскімі сталіцамі няма. Аднак застаюцца крыху даўжэйшыя, але цалкам даступныя абходныя шляхі праз Стамбул, напрыклад. Або Дубай.

5-9 копия.jpg

Турцыя і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ў сілу міжнароднай абстаноўкі ўзмацнілі свае пазіцыі буйных лагістычных хабаў. І дзелавы турызм у гэтых дзяржавах таксама, будзем аб’ектыўнымі, развіты нядрэнна. Нямала сустрэч і кантактаў адбываецца менавіта ў згаданых краінах. Але гэта зусім не значыць, што ў нас няма шанцаў. Іншая справа, што пытанне неабходна ўважліва і дасканала вывучыць, знайсці ў сегменце дзелавога турызму нішы, у якіх у нас могуць быць якасныя прапановы, сфарміраваць адпаведныя прадукты і прапаноўваць, рэкламаваць іх. Адкінуўшы ілюзіі, што прадстаўнікі бізнес-колаў самі паедуць да нас. Безумоўна, адукаваныя людзі ведаюць, дзе на карце свету размешчаны Мінск. І нейкая колькасць можа прыехаць па ўласнай ініцыятыве. Але каб гэты кірунак стаў адным з драйвераў росту турыстычнай галіны, неабходна прыкласці пэўныя намаганні. Перш за ўсё на ўзроўні камерцыйных кампаній з гэтай сферы. Са свайго боку дзяржава робіць дастаткова шмат, каб у нашых гасцей не ўзнікала перашкод для ўезду ў краіну. Зрэшты, перакананы: калі высветліцца, што неабходны нейкія дадатковыя меры падтрымкі, то дадзенае пытанне можа быць вырашана дастаткова аператыўна. Калі, вядома, будзе адпаведнае абгрунтаванне, аб’ектыўнае і адэкватнае ў межах існуючых рэалій.

Інтэлект ШТУЧНЫ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю