Top.Mail.Ru

Біятланісты і батутысты паказалі клас

Турнір тыдня. У «Раўбічах» завяршыўся галоўны старт сезона-2024/25 для беларускіх біятланістаў — Кубак мацнейшых спартсменаў. На дамашнім старце беларусы заваявалі 12 медалёў — па чатыры кожнай вартасці. Тры залатыя медалі сабраў Антон Смольскі, ён перамог у спрынце, пасьюце і мас-старце. Дзінара Смольская заваявала «серабро» ў спрынце і гонцы пераследавання. Дзмітрый Лазоўскі заняў другое месца ў мас-старце. Ілья Аўсеенка заняў трэцяе месца ў спрынтарскай гонцы, Сцяпан Данілаў — у гонцы пераследавання, Ірына Шаклеіна — у мас-старце. Акрамя таго, сямейны дуэт Дзінары і Антона Смольскіх перамог у сінгл-міксце, а Ганна Сола і Ілья Аўсеенка сталі ў гэтым відзе праграмы другімі. Гэтая чацвёрка таксама заняла трэцяе месца па выніках змешанай эстафеты. З такім выдатным выступленнем нашу каманду павіншаваў кіраўнік дзяржавы.


Героі тыдня. Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская выйгралі этап Кубка свету па скачках на батуце ў Баку. Іван Літвіновіч у мужчынскім фінале атрымаў ад суддзяў 69,950 бала. З адзнакай 62,550 трэцяе месца заняў Станіслаў Яскевіч. Віялета Бардзілоўская набрала 56,070 бала.
Гонар тыдня. Беларускія спартсмены паспяхова выступілі на этапе Кубка свету па фехтаванні на інвалідных калясках у Сан-Паўлу. Удзел у жаночым турніры прынялі чатыры беларускі, якія выступаюць у катэгорыі В (спартсмены з траўмамі груднога аддзела пазваночніка). У спаборніцтвах па фехтаванні на шаблях Настасся Касцючкова заняла другое месца, Крысціна Феклістава — трэцяе. 

У фехтаванні на шпагах Крысціна Феклістава была пераможцай. Аляксандра Ільмінская заняла трэцяе месца ў фехтаванні на рапірах. У мужчынскім турніры беларус Андрэй Праневіч заваяваў бронзавы медаль у фехтаванні на шпагах.

Лічба тыдня. 12 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на першым этапе Кубка Расіі 2025 года. Трохразовай пераможцай этапа стала Аліна Змушко, якая паказала найлепшыя вынікі на дыстанцыях 50 і 100 метраў брасам, а таксама 200 метраў комплексным плаваннем. Настасся Шкурдай была найлепшай на дыстанцыях 100 і 200 метраў на спіне і паказала другі вынік на 50 метрах. Настасся Куляшова заваявала «золата» на 100 метрах і «серабро» на 50 метрах батэрфляем. Заплыў на 200 метраў батэрфляем выйграў Іван Шамшурын. Сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 1500 м вольным стылем стаў Канстанцін Курачкін, а Аляксей Рылько быў трэцім на 200-метроўцы комплексным плаваннем. Алеся Акінчыц заняла трэцяе месца на дыстанцыі 800 м вольным стылем.

Гульня тыдня. Розыгрышы важных трафеяў прайшлі ў беларускім футболе. Футбалісты мінскага «Дынама» ўпершыню сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі. У вырашальным матчы яны пераўзышлі гродзенскі «Нёман» з вынікам 2:0. А футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-17) заваявалі сярэбраныя медалі 21-га розыгрышу Кубка развіцця, які завяршыўся ў Мінску. У фінале гаспадары ўступілі аднагодкам з Расіі з вынікам 2:4.
Каманда тыдня. Выдатную выязную серыю ў рамках рэгулярнага чэмпіяната Кантынентальнай хакейнай лігі правялі хакеісты «Дынама-Мінск». 

Спачатку «зубры» абыгралі «Віцязь» з вынікам 2:4. Пасля аказаліся мацнейшымі за ЦСКА — 1:4. Усухую мінчане згулялі з маскоўскім «Дынама» — 0:5. Усухую з вынікам 0:3 скончыўся матч са «Спартаком». На гэтым тыдні пачынаецца дамашняя серыя «Дынама-Мінск» — на лёдзе «Мінск-арэны» 27 лютага «зубры» прымуць «Спартак».

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю