Top.Mail.Ru

Новых кіраўнікоў пасля кадравага дня ў Прэзідэнта прадставілі ў калектывах

У панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў кадравыя прызначэнні, якія закранулі важныя рэспубліканскія органы ўлады і не толькі. Новых кіраўнікоў урачыста прадставілі ў рабочых калектывах.


Начальніка генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны прадставілі калектыву ведамства.

У панядзелак пасля адпаведных кадравых прызначэнняў Павел Муравейка развітаўся са сцягам Міністэрства абароны ў сувязі з прызначэннем намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Міністр абароны Віктар Хрэнін падзякаваў Паўлу Муравейку за ўзорную службу, важкі ўнёсак у будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл. Рашэннем калегіі Міністэрства абароны за шматгадовае выкананне воінскага абавязку, стараннасць і поспехі, дасягнутыя ў службовай дзейнасці, генерал-маёр Павел Муравейка занесены ў Кнігу пашаны Узброеных Сіл.

Таксама Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч прадставіў асабоваму складу новага начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны Уладзіміра Белага.

«Мы маем патрэбу ў сур’ёзных аналітычных дакументах»

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД) пад кіраўніцтвам новага дырэктара Андрэя Кунцэвіча арыентаваны на выкананне менавіта стратэгічных даследаванняў, адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ, прадстаўляючы калектыву новага кіраўніка.


Уладзімір Пярцоў нагадаў, што кіраўнік дзяржавы арыентаваў БІСД на канцэнтрацыю менавіта на стратэгічных даследаваннях. Адзначана неабходнасць у больш шчыльным і цесным выбудоўванні работы са структурамі Адміністрацыі Прэзідэнта, у тым ліку прэс-службай кіраўніка дзяржавы. «Мы маем патрэбу ў сур’ёзных аналітычных дакументах, якія павінны ўтрымліваць стратэгічную кампаненту і меркаваць пэўныя напрамкі для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў тымі дзяржаўнымі служачымі, якім гэтыя дакументы адрасуюцца», — сказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

За апошні час БІСД, паводле яго слоў, праведзена каласальная работа, у тым ліку па нядаўна апублікаваным для шырокай грамадскасці сацыялагічным даследаванні, вынікі якога дазволілі аб’ектыўна вымераць настроі людзей па розных кірунках. «У тым ліку зразумець у палітычна спакойны перыяд, у якім мы цяпер знаходзімся, нягледзячы на знешнюю электрызацыю каля нашых граніц, што хвалюе людзей і наколькі адрозніваецца іх светаадчуванне ў розных рэгіёнах Беларусі», — адзначыў Уладзімір Пярцоў. Ён звярнуў увагу на важнасць міжнароднай дзейнасці — экспертнай дыпламатыі. Паводле яго слоў, варта звярнуць увагу на мерапрыемствы, у якіх бяруць удзел прадстаўнікі БІСД.

«Выбраць тыя стратэгічныя, дзе мы можам не толькі сябе паказаць, але і карыснае запазычыць, прывезці сюды, падзяліцца тэндэнцыямі, у тым ліку глабальнымі разважаннямі, якімі жывуць калегі з іншых дзяржаў, у першую чаргу, глабальных лідараў свету», — адзначыў Уладзімір Пярцоў. Таксама ўвага была звернута на ўнутраны парадак дня.

«Участак работы адказны»

Прадстаўляючы ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алега Дзячэнку, Уладзімір Пярцоў указаў на задачы, якія стаяць перад калектывам: захаванне міру, балансу і спыненне любых спроб праявы перавагі адной катэгорыі грамадзян Беларусі над іншай і адпаведных укідаў звонку.

Многія канфлікты, войны, кровапраліцці, міжусобіцы распальваюцца на міжканфесійнай, міжнацыянальнай і міжрасавай глебе, калі чалавека пачынаюць чапаць за жывое — яго нацыянальнасць, родную мову, колер скуры, шлях да храма, заўважыў Уладзімір Пярцоў, згадаўшы аб небяспечных сусветных тэндэнцыях апошніх дзесяцігоддзяў. «Тое, што ў нас у краіне ўстанавіўся і падтрымліваецца міжканфесійны і міжрэлігійны мір, — гэта ў першую чаргу заслуга кіраўніка нашай дзяржавы, які заўсёды палітыку мультыкультуралізму падтрымлівае, ставіць у аснову, не вылучаючы і не падзяляючы людзей па нацыянальнасці, веры, расе», — сказаў Уладзімір Пярцоў.

І гэту палітыку пад непасрэдным кіраўніцтвам беларускага лідара і куратарствам Адміністрацыі Прэзідэнта ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў трэба будзе рэалізоўваць і далей, падкрэсліў ён.

«Участак работы адказны. Тая работа, якую вы рэалізуеце і ў рамках адкрытых публічных мерапрыемстваў (кульмінацыя — гэта Фестываль нацыянальных культур, які праходзіць раз у два гады ў Гродне, іншыя мерапрыемствы, што праходзяць пад вашым патранатам і ў якіх вы ўдзельнічаеце), але і непублічная складаная карпатлівая работа па ўзаемадзеянні з кіраўнікамі рэлігійных, нацыянальных аб’яднанняў — вельмі вялікая работа», — дадаў Уладзімір Пярцоў.

«Галоўнае патрабаванне — дысцыпліна і прафесійная аддача»

Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай СНАПКОЎ прадставіў калектыву Дзяржстандарту новага кіраўніка — Дзмітрыя Баско. Мікалай Снапкоў адзначыў важнасць сумеснай работы ў абароне ўнутранага рынку і развіцці краіны. Паводле яго слоў, стандарт не павінен станавіцца бар’ерам, а быць рухавіком эканомікі. Ствараць сістэму праверкі і ацэнкі якасці прадукцыі на ўваходзе і пры гэтым не стрымліваць прагрэс у галінах — няпростая задача. «Вельмі спадзяюся, што, накіраваўшы ў патрэбнае рэчышча прафесіяналізм шматтысячнага калектыву, дасягнём чаканага выніку», — сказаў першы намеснік Прэм’ер-міністра.


Дзмітрый Баско адной са сваіх першачарговых задач бачыць павышэнне эфектыўнасці дзейнасці. «Галоўнае патрабаванне — дысцыпліна і прафесійная аддача», — сказаў ён, звяртаючыся да калектыву.

«Сфера гандлю штодзённа на вастрыі ўвагі кожнага чалавека ў краіне»

Мікалай Снапкоў прадставіў калектыву Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю новага кіраўніка — Аляксандра Якоўчыца. Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што сфера адказнасці МАРГ — важная і складаная, патрабуе філіграннага падыходу. «Тут няма простых рашэнняў. Патрабуюцца рашэнні тонкія, з глыбокім веданнем прычынна-выніковых сувязяў, разуменнем, што будзе, калі мы гэта рашэнне прымем. Яблыкі, памідоры, агуркі, птушка — быццам бы ўсё проста, але на самай справе гэта не так. Сфера гандлю штодзённа на вастрыі ўвагі кожнага чалавека ў краіне, гэта накладае на вас адказнасць і патрабуе ўмення кіраваць сітуацыяй», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер і падзякаваў калектыву міністэрства за работу.

Аляксандр Якоўчыц адзначыў, што яшчэ ў час работы ў іншых арганізацыях азнаёміўся з патэнцыялам МАРГ. «Давер, аказаны Прэзідэнтам, урадам, павінен быць апраўданы. Не сумняваюся, што гэта работа простай не будзе. У поўнай меры буду абапірацца на прафесіяналізм калектыву, каб паспяхова вырашаць усе задачы», — абазначыў ён.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю