Top.Mail.Ru

Біржавы экспарт малакапрадуктаў вырас у 9 разоў

Летась праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу рэалізавана звыш 181 тысячы тон малочнай прадукцыі, што амаль у 9 разоў больш, чым у 2023 годзе, паведамілі ў прэс-службе БУТБ. І дадалі, што асноўнымі кірункамі паставак былі краіны СНД, Грузія, Кітай, Манголія, ААЭ, Сербія, Сінгапур і Турцыя.


— Адначасова на экспартных біржавых таргах назіраўся ўзыходзячы цэнавы трэнд, абумоўлены павышаным попытам з боку замежных пакупнікоў на большасць пазіцый дадзенай таварнай групы, — адзначылі на таварнай біржы, прывёўшы наступныя лічбы. — За ІV квартал 2024-га біржавая каціроўка на сухое абястлушчанае малако вырасла на 22% (да 257 RUB/кг) пры пастаўцы ў Расію і на 12% (да 2,47 USD/кг) пры пастаўцы ў ЕАЭС, СНД і трэція краіны.

У БУТБ адзначылі, што нязначнае зніжэнне кошту было характэрна толькі для сметанковага масла ў сувязі з узмацненнем канкурэнцыі на ключавым для Беларусі рынку збыту — Расійскай Федэрацыі, якая з мэтай стрымлівання інфляцыйных працэсаў істотна нарасціла пастаўкі масла з такіх краін, як Індыя, Іран і Турцыя. У выніку да канца 2024-га сярэднеўзважаная біржавая каціроўка на сметанковае масла 72,5% тлустасці склала 731 RUB/кг, а на сметанковае масла 82,5% тлустасці — 801 RUB/кг.

— Кошты на біржавых таргах фарміраваліся ў адпаведнасці з кан’юнктурай рынку і ў большасці выпадкаў перавышалі індыкатыўныя значэнні, устаноўленыя рабочай групай пры Мінсельгасхарчы Рэспублікі Беларусь, — растлумачылі ў БУТБ, дадаўшы, што за некаторыя лоты канкурыравалі да шасці замежных пакупнікоў, і гэта дазваляла беларускім малакаперапрацоўчым прадпрыемствам нават у перыяды паніжанага попыту атрымліваць дадатковую выручку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю