Беларускія навукоўцы нацэлены на перавод усёй бібліятэчнай дзейнасці на вэб-тэхналогіі, расказаў БелТА загадчык лабараторыі інфармацыйнага забеспячэння навуковых даследаванняў Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Рамуальд Грыгянец на палях Міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі «Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі» (РІНТІ-2025).
Навукоўцы займаюцца навукова-метадычным забеспячэннем развіцця інфарматызацыі, у тым ліку яны вывучаюць айчынны і замежны вопыт, прапануюць укараняць новыя рашэнні. «Мая лабараторыя займаецца распрацоўкай аўтаматызаваных бібліятэчных інфармацыйных сістэм, а менавіта моўных інтэрфейсаў і праграмнага забеспячэння. Сярод нашых распрацовак — сістэма вядзення зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі на базе Нацыянальнай бібліятэкі. Там жа вядзецца база даных аўтарытэтных (нарматыўных) запісаў. Таксама распрацавана праграмнае забеспячэнне і рэгіянальныя зводныя каталогі бібліятэк для кожнай вобласці. Цяпер у нас рэалізуюцца праекты зводнага электроннага каталога і бібліятэчных сістэм на аснове свабоднага праграмнага забеспячэння. У нас раней выкарыстоўвалася замежная сістэма, а цяпер мы пераходзім на свабоднае ПЗ. Зараз ідуць два праекты па рэалізацыі такога праграмнага забеспячэння», — сказаў Рамуальд Грыгянец.
А якія новыя магчымасці дае «лічба» чытачам бібліятэк? «Мы нацэлены на перавод усёй бібліятэчнай дзейнасці на вэб-тэхналогіі. Такі праект рэалізаваны на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН. Цяпер мы яго прасоўваем далей. У прыватнасці ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы. Што гэта значыць? Чытач бачыць увесь каталог на экране, можа заказваць кнігі. Можа нават з дому паглядзець і заказаць выдачу літаратуры. А потым прыйсці ў бібліятэку і атрымаць яе. Таксама мы займаемся пераводам кніг у электронную форму. Многія рэдкія выданні пераводзяцца ў лічбавую форму. І ў нашым каталогу ёсць спасылка на поўны тэкст — PDF-файл або любы іншы файл. Гэта значыць такія магчымасці маюцца», — адзначыў навуковец.
Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца: Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук (МААН), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка Беларусі. На канферэнцыі прадстаўлены даклады ад больш як 40 арганізацый з шасці краін (Беларусь, Расія, Азербайджан, Узбекістан, Кітай, Італія). Асноўныя кірункі — лічбавая трансфармацыя і электронныя сэрвісы, развіццё адзінай інфармацыйнай прасторы, нарматыўна-прававое забеспячэнне інфарматызацыі, карпаратыўныя і бібліятэчна-інфармацыйныя сістэмы, навукова-інфармацыйныя сеткі, лічбавая эканоміка і грамадства, штучны інтэлект і кагнітыўныя тэхналогіі.