Top.Mail.Ru

Безбар’ерны свет Кацярыны Петуховай

Паміж гісторыяй і жывапісам

Жыццёвы шлях Кацярыны Петуховай стаў прыкладам таго, як талент і ўнутраная сіла ламаюць любыя стэрэатыпы, адкрываючы прастору абсалютнай свабоды і роўных магчымасцей. Напярэдадні Сусветнага дня падтрымкі людзей з ДЦП, які адзначаецца 7 кастрычніка, мы паразмаўлялі пра магію жывапісу, безбар’ернае асяроддзе і пра тое, як сучасныя медыя вучацца размаўляць з грамадствам пра сапраўдную інклюзію.

Час пік у карычневасініх адценнях

— Кацярына, для чытачоў газеты, якія ўпершыню адкрываюць вашу творчасць, як бы вы сябе прэзентавалі? Раскажыце, калі ласка, як прыйшлі ў свет выяўленчага мастацтва?

— Па першай адукацыі я гісторык, цяпер працую старшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі горада Мінска. Маляваць мне падабалася яшчэ з дзяцінства, але першая спроба вучыцца гэтаму адбылася дзесьці ў 14 гадоў, аднак тады нічога не атрымалася. Другі раз я пайшла займацца ў творчую студыю ўжо падчас вучобы ва ўніверсітэце, тады і пазнаёмілася са сваёй лепшай настаўніцай Ірынай, якая і навучыла мяне маляваць.

— Ваша станаўленне ў прафесіі выглядае вельмі яркім і цікавым. Як веданне мінулага дапамагае ў творчасці? Ці ёсць у вашых карцінах прыхаваныя гістарычныя сэнсы?

— На самай справе шлях быў больш складаны. Пасля ўніверсітэта я працавала ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, у гэты ж час атрымлівала другую адукацыю, вучылася на мастака народных рамёстваў. Цяпер працую ў Музеі гісторыі горада Мінска. Мае творчыя работы ніяк не звязаны з гісторыяй, я выбрала для сябе іншыя тэмы, больш за ўсё мяне цікавяць пейзажы.

— Праца ў гарадскім музеі, напэўна, звязана з асаблівым адчуваннем прасторы. Калі б вам трэба было намаляваць усяго адну карціну, якая б цалкам перадавала дух і характар сучаснай сталіцы, што б на ёй было адлюстравана? І на якія экспанаты ў вашых залах вы б параілі звярнуць увагу ў першую чаргу?

— Калі гаварыць пра вобраз сталіцы, то гэта быў бы мінскі метрапалітэн у час пік у адценнях карычневага і сіняга. А ў залах музея я б параіла звярнуць увагу на экспанаты, якія адлюстроўваюць жыццёвы шлях Міхаіла Савіцкага, бo яго Мастацкую галерэю можна лічыць галоўным аб’ектам музея.

Калі на першым месцы асоба

— Наша размова прымеркавана да Сусветнага дня падтрымкі людзей з ДЦП, і мы ведаем, што гэтыя асаблівасці сталі часткай вашага ўласнага жыццёвага вопыту. Раскажыце, як гэта паўплывала на ваш характар і выбар прафесіі?

— Мяне заўсёды цікавілі гуманітарныя навукі. Думаю, ДЦП як медыцынскі дыягназ увогуле ніяк не паўплываў на мае інтарэсы і выбар прафесіі. Наконт характару, магчыма, я стала больш упартай у рэалізацыі сваіх памкненняў. Падчас спроб уладкавацца на працу было даволі шмат пытанняў накшталт: «А што ў вас з нагой?», «А што ў вас з рукой?». Затым ветліва давалі зразумець, што мая кандыдатура ім не падыходзіць, нягледзячы на адукацыю і вопыт працы ў заяўленай сферы.

— Сёння ў медыяпрасторы ўсё часцей гавораць пра інклюзію. Як вы лічыце, ці правільна СМІ асвятляюць жыццё і творчасць людзей з асаблівасцямі?

— Пра захворванне, дыягназ ці спецыфіку рэабілітацыі можна спытаць, бо гэта дапамагае людзям, якія сутыкнуліся з падобнай праблемай. Але гэта дакладна не павінна быць галоўнай тэмай матэрыялу, таму што «няма здаровых, ёсць недаабследаваныя». Шкадаванне і спачуванне ў форме, у якой часцей за ўсё іх выказваюць людзі, якія ў паўсядзённасці не сутыкаюцца з праявамі ДЦП ці іншых захворванняў, выглядаюць як знявага. Таму журналістам варта акцэнтаваць увагу менавіта на асобе чалавека.

Настаўнікі і першыя крокі ў творчасці

— Вы з вялікай цеплынёй згадалі сваю настаўніцу. Якую ролю педагог адыгрывае ў жыцці творцы, і што, акрамя тэхнікі малявання, ён здольны даць свайму вучню?

— Калі гэта добры настаўнік, які захоплены сваёй справай, то акрамя тэхнічнай падрыхтоўкі вучня ён дае яшчэ эмацыянальную падтрымку, якая потым дапамагае ў далейшым развіцці.

— Вы паспяхова сумяшчаеце традыцыйны жывапіс і лічбавую вектарную ілюстрацыю. Як сучасныя тэхналогіі змянілі ваша мастацкае жыццё? Ці можна сказаць, што віртуальная прастора дала вам больш фізічнай і творчай свабоды?

— Хутчэй наадварот, я зразумела, што класічны напрамак дае больш магчымасцей для рэалізацыі маіх ўласных задумак. Па суб’ектыўным меркаванні: сучаснасць патрабуе працы ў лічбе ў даволі абмежаваных рамках па запыце заказчыкаў, на продаж. Традыцыйнае выяўленчае мастацтва адышло на другі план, і тыя, хто працягвае ім займацца, робяць гэта, за рэдкім выключэннем, для сябе ці для калекцыянераў, таму тут свабоды нашмат больш.

— Многія людзі з акадэмічнай адукацыяй часта пакутуюць ад так званага сіндрому самазванца і баяцца паказваць свае работы публічна. Ці знаёмае вам гэтае пачуццё?

— Што датычыцца страху прыходу ў мастацтва ў дарослым узросце, то я сама пасля ўніверсітэта проста пайшла займацца ў студыю, бо мяне вельмі захапляў акадэмічны малюнак, ніякай боязі ў звычайным разуменні ў мяне ніколі не было. А вось сіндром самазванца мне знаёмы, і я не ведаю, як яго пераадолець. Дапамагаюць, мабыць, толькі парады настаўнікаў і водгукі зацікаўленых людзей.

— Хто з класікаў жывапісу альбо сучасных мастакоў стаў для вас галоўным арыенцірам?

— Сярод мастакоў мінулага больш за ўсё мяне натхніла творчасць Аркадзя Астаповіча і Зінаіды Серабраковай. Калі трэба выбраць усяго адзін твор, то гэта будзе карціна Зінаіды Серабраковай «За туалетам. Аўтапартрэт» 1909 года. Яна ўражвае тым, як звычайныя рэчы паказаны з дапамогай мастацкіх сродкаў. Сярод сучасных магу вылучыць Валерыя Талкачова, Анастасію Вастрацову, таксама акварэлістаў Уладзіміра Тупоршына, Міхаіла Кузняцова. Асобна трэба адзначыць пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, у яго рукапісах шмат цудоўных ілюстрацый і замалёвак.

Камунікацыя ў лічбавай прасторы

— Ваш Instagram выглядае вельмі эстэтычна. Што б вы маглі параіць маладым мастакам у плане вядзення сваіх старонак і з чаго наогул пачынаць прэзентацыю сваіх работ у інтэрнэце?

— Па-першае, вызначыць для сябе, якая тэма будзе галоўнай, напрыклад, творчасць, паўсядзённае жыццё ці будні мастака, а якія — другаснымі. Па-другое, паглядзець, як гэта рэалізоўваюць мастакі, блогі якіх падабаюцца. Імкнуцца да таго, каб здымаць пры добрым асвятленні, часцей за ўсё дзённым. Здымаць не ўвесь працэс, а цікавыя ці галоўныя моманты. Пакуль што вырашыла для сябе, што буду за кадрам агучваць сваю ідэю і тое, з чым сутыкнулася ў працэсе яе рэалізацыі. З цягам часу я адмовілася ад таго, каб ДЦП быў асноўнай тэмай блога, таму што, на мой погляд, пра яго трэба казаць, калі ёсць нейкая спецыфічная рэабілітацыя і асаблівасці жыцця, у мяне іх практычна няма, ёсць візуальныя асаблівасці, але на гэтым усё.

— У заключэнне нашай гутаркі, што б вы хацелі сказаць чытачам газеты, асабліва тым творчым людзям, якія пакуль баяцца адкрыцца свету з-за ўласных страхаў ці знешніх бар’ераў?

— Не слухайце меркаванняў тых, у каго не спыталі б парады. Трэба рабіць тое, да чаго ёсць імкненне, бо спадабацца ўсім ніколі не атрымаецца, ды гэта ўвогуле і непатрэбна.

Вікторыя ГАХОВІЧ

Фота з асабістага архіва Кацярыны ПЕТУХОВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю