Навуковыя фантасты звычайна палохаюць нас паўстаннем машын. Тэарэтычна заўсёды ёсць верагоднасць выхаду электронных прылад з падпарадкавання. Сучасны аўтамабіль, які забяспечаны шматлікімі мікрасхемамі, можа выйсці з падпарадкавання праз некарэктную работу мікрачыпаў, памылкі ў праграмным забеспячэнні або злосныя выхадкі хакераў. «Разумныя» дамы таксама далёка не заўсёды паводзяць сябе так, як трэба было б.
І з ростам пранікнення ў наша жыццё электронных сістэм мы ўсё больш залежым ад іх карэктнай работы. Штучны інтэлект і іншыя лічбавыя рашэнні па вынаходлівасці пакуль не абагналі чалавека. Хоць ужо ўсё больш бяруць на сябе і руцінную, і больш складаную работу. У гэтым, на думку экспертаў Bloomberg, хаваецца рызыка сацыяльных дыспрапорцый і перакосаў. У эканоміцы тэхналогій і машын значная колькасць людзей можа проста апынуцца на абочыне цывілізацыі. Гэты працэс ужо адбываецца, і ён становіцца прычынай сацыяльна-палітычнага напружання ў тых жа еўрапейскіх дзяржавах.
Тэхналагічныя рэвалюцыі не праходзілі для грамадства бясследна. Замена драўніны вугалем, конскай цягі — паравым рухавіком, ручной працы — фабрычнай вытворчасцю працякалі з велізарным сацыяльным напружаннем. Тая ж Брытанія пасля аграрнай рэвалюцыі (у ХVІ стагоддзі) і прамысловай (у другой палове XVІІІ — першай палове XІX стагоддзяў) палала ад сацыяльнага бязладдзя. І хоць Брытанская імперыя шырылася і мацнела, але назваць дзяржаву паспяховай было немагчыма нават з вялікай нацяжкай. Большасць грамадзян жылі ў галечы: прагрэсіўнае земляробства і станкі на паравой цязе забіралі ў англічан працоўныя месцы. Бадзяжніцтва і бандытызм працвіталі, нават у Лондане, які з’яўляўся адным з самых небяспечных, мабыць, месцаў на планеце. І з пункту гледжання фізічнай бяспекі, і з пазіцыі эпідэміялагічнага дабрабыту.

Другое пытанне, што магчымасць каланізацыі іншых кантынентаў з’яўлялася тым клапанам, які дазваляў пазбавіцца ад лішніх людзей. Выхадцы з Туманнага Альбіёна актыўна засялялі абшары Паўночнай Амерыкі, Індыі, Блізкага Усходу, Афрыкі. Паколькі ў метраполіі не было ўжо месца ў турмах для катаржнікаў, іх прыдумалі перамяшчаць у Аўстралію. І так белымі людзьмі быў заселены гэты кантынент. Дарэчы, не толькі злачынцамі, але і іх турэмшчыкамі, адміністрацыяй, якія за гады службы ўдалечыні ад радзімы абжываліся на новым месцы. Балазе свабодных земляў хапала.
Лічбавізацыя і аўтаматызацыя ўжо спараджаюць востры сацыяльны канфлікт у краінах развітога капіталізму. І пакуль, мяркуючы па ўсім, урады гэтых дзяржаў альбо не бачаць выхаду, альбо ў іх не хапае палітычнай волі і аўтарытэту да змены сацыяльнай парадыгмы. Бо эканамічны складнік трансфармуецца сам сабой.
На чым будаваўся капіталізм фармату мінулага стагоддзя? Ён абапіраўся на шырокі пласт сярэдняга класа, які фарміраваў попыт і дазваляў развівацца вытворчасці. Ён жа нядрэнна зарабляў і з’яўляўся асноўным плацельшчыкам падаткаў: і на даход, і ўскосных — на маёмасць, напрыклад. Гэтыя ж людзі былі асновай электаральнага ландшафту і забяспечвалі адносную ўстойлівасць палітычнай сістэмы. Не абыходзілася без забастовак, пратэстаў, вулічных беспарадкаў, але гэтыя нягоды ўдавалася больш-менш без страт прайсці. Часцей за ўсё — заліць грашыма.
Ужо ў гэтым стагоддзі, ледзь ці не з самага яго пачатку, сярэдні клас пачынае «прасядаць». І гэта адбываецца нарастальным эфектам і ў Еўропе, і ў ЗША, і ў Канадзе. Нездарма ж павялічваецца няроўнасць як па ўзроўні актываў, так і па ўзроўні даходаў. Працэсы аўтаматызацыі, якія пачаліся ўжо гадоў трыццаць таму, паступова скарачалі колькасць адносна высокааплатных працоўных месцаў, якія патрабуюць сярэдняй кваліфікацыі. Камп’ютарныя сістэмы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў уразаюць штат «белых каўнерыкаў»: бухгалтараў, аўдытараў і іншых офісных работнікаў. У тым жа гандлі ўжо не з’яўляецца крытычнай адсутнасць маркетолагаў, таваразнаўцаў, аналітыкаў... Усе продажы сканцэнтраваныя ў базах даных, якія сёння выдатна навучыліся апрацоўваць і рабіць высновы з дапамогай спецыяльных праграм. Лічбавыя рашэнні замяняюць персанал у лагістыцы: склады становяцца практычна цалкам аўтаматызаванымі. Лічбавыя рашэнні ўсё часцей замяняюць чалавека. Сярэдні клас пачынае «здзімацца» і прыступае да эканомнай мадэлі паводзін. Як вынік — зніжаецца і паступленне ад яго падаткаў. Несумненна, ёсць патрэба ў супрацоўніках. Але ў спецыялістах найвышэйшай кваліфікацыі, якія будуць распрацоўваць алгарытмы электронных сістэм. Ужо нават айцішнікі сярэдняй рукі страчваюць свае пазіцыі: нейрасеткі навучыліся пісаць коды. Расце колькасць і багатых людзей, якія з’яўляюцца ў той ці іншай ступені бенефіцыярамі тэхналагічнага прагрэсу. Аднак падатковая база звужаецца. Як вядома, да паслуг мультымільянераў і мультымільярдэраў шырокі штат кансультантаў, якія выдатна ўмеюць мінімізаваць падаткі. У тых жа ЗША транснацыянальныя карпарацыі вельмі сціпла папаўняюць бюджэт. Зрэшты, у ЕС падобная сітуацыя.

Сярэдні клас, які бяднее, ужо праяўляе сваю і сацыяльную, і палітычную незадаволенасць. Рэйтынг заходніх лідараў нізкі як ніколі. Беспрацоўе выклікае і незадаволенасць, і хваляванне, прычым «квітнее» яно сярод моладзі. Павышэнне пенсіённага ўзросту з прычыны старэння насельніцтва стварыла сітуацыю, пры якой самыя выгадныя працоўныя месцы займае старэйшае пакаленне. А выразных праграм занятасці, накіраваных на працаўладкаванне выпускнікоў па спецыяльнасці, па сутнасці, не сфарміравана. Рыначная ж мадэль прадугледжвала ролю дзяржавы выключна ў якасці рэгулятара фінансавых патокаў, з мінімальным удзелам у эканоміцы. Балазе да пары да часу квітнеючы сярэдні клас забяспечваў надзейныя паступленні ў казну. Аднак цяпер сродкаў катастрафічна не хапае: як на сацыяльныя праграмы, так і на стварэнне працоўных месцаў праз пашырэнне розных адміністрацыйных вакансій. У Штатах амаль 10 % (20 мільёнаў чалавек) працуюць у дзяржаўных органах рознага ўзроўню! У Еўропе адміністрацыйны апарат таксама дастаткова магутны. Яго ўтрымлівалі і пашыралі, зыходзячы, у тым ліку, з сацыяльных перадумоў. А дэфіцыт бюджэту пакрывалі за кошт запазычанняў. Але ўзровень дзяржаўнай запазычанасці ў многіх краінах дасягнуў разумнай мяжы. І клапаны (як міграцыя ў мінулыя стагоддзі), каб пазбавіцца ад лішніх людзей, адсутнічаюць.
У гэтым разрэзе Беларусь інстытуцыянальна з’яўляецца краінай, вельмі падрыхтаванай да лічбавай рэвалюцыі. Дзяржаўная палітыка амаль усеагульнай занятасці не дазваляе ўзнікнуць дыспрапорцыям. Плюс дзяржава ўдзельнічае ў эканоміцы праз вытворчыя і сэрвісныя актывы, ствараючы працоўныя месцы і з’яўляючыся па-ранейшаму буйным працадаўцам. Прычым і ў бюджэтным, і ў камерцыйным сектарах. Ёсць праграмы па забеспячэнні моладзі працоўнымі месцамі. Безумоўна, лічбавыя метамарфозы будуць уплываць і на сацыяльную прастору, але ў нас ёсць шанц прайсці гэты шлях з меншымі праблемамі.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ