Віцебскую вобласць у агульным маштабе можна лічыць беларускім рэгіёнам, які мяжуе з Расійскай Федэрацыяй. Асноўныя ж аўтамагістралі, якія звязваюць суседнія дзяржавы, пралягаюць з Віцебска праз гарадскія пасёлкі Езярышча і Лёзна, дзе ўладкаваны аўтазаправачныя станцыі. Як жа тут ідуць справы з наяўнасцю паліва? Высвятлялі на самай што ні на ёсць памежнай з Расіяй АЗС № 17 «Беларуснафты».
Цэнавая стэла здалёк інфармуе: у наяўнасці 95-ы і 92-і бензін, дызельнае паліва. Аніякіх даўжэзных чэргаў, станцыя працуе ў звычайным рэжыме, супрацоўнікі занятыя звыклымі справамі, спакойныя кліенты пад’язджаюць да палівараздатачных калонак, запаўняюць бакі — і рухаюцца, куды каму трэба. Поўная супрацьлегласць таму, што малююць у інтэрнэце.
— Каб не Цік-Ток, я б і не ведаў, што ў нас «не хапае» паліва, — разгаварыўся са мною па дарозе кіроўца маршрутнага таксі Станіслаў. — Штодня запраўляюся на АЗС у Лёзне, заліваю літраў па 20 паліва. Бачыў машыны на маскоўскіх нумарах, якія залівалі поўныя бакі, перакідваўся некалькімі словамі з іх кіроўцамі, яны гаварылі, што так ім зручней. Ну дык так заўсёды бывала. А вось каб хтосьці прыехаў з каністрамі, закупляў бензін ці дызель пра запас — не бачыў. Думаю, праблема раздзьмута штучна.
Але людзей з металічнай каністрай (у пластыкавыя заліваць паліва на АЗС строга забаронена) карэспандэнт усё ж заўважыла. Падышла з пытаннем, маўляў, «на чорны дзень» хочаце прыберагчы?
— Ды не, мы з мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — заўсміхаліся мужчыны. — Для бензакос трэба. Кожны дзень так купляем. Ні разу не было, каб пустыя адсюль паехалі.
Падзяліліся пастаянныя кліенты запраўкі і назіраннямі аб тым, што ніхто з Расіі спецыяльна па паліва ў Беларусь не едзе. Вось па малочныя прадукты, каўбасы, іншыя прысмакі — гэта так. Бяруць па некалькі пачкаў, кілаграмамі. Заадно і на АЗС заварочваюць. Так даўно склалася. Ну што ж, тутэйшым не шкада, яны ўпэўненыя, што ўсім усяго хопіць.
З тыдзень таму, калі нядобразычліўцы пачалі «разганяць» у інтэрнэце тэму з перабоямі паліва на беларускіх запраўках, некаторая нервознасць усё ж назіралася на АЗС № 17. Каля бензакалонак выстройваліся ў рад з дзясятак машын. Але хіба гэта чэргі? Усе раз’язджаліся запраўленымі, задаволенымі, не было патрэбы лаяцца ці абурацца. Праз некалькі дзён людзі сцямілі, што ажыятаж ствараецца спецыяльна, іх спрабуюць надурыць — і перасталі паддавацца на правакацыі.

— Каб была мая воля, я б гэтыя цік-токі забараніў. Ну, ці хаця б заблакіраваў несумленных панікёраў, якія падаюць ілжывую інфармацыю з выглядам знатакоў і экспертаў, — далучыўся да размовы дальнабойшчык з Казахстана Аляксандр, які трымае курс з РФ праз Беларусь на Польшчу. — Я дагэтуль запраўляўся апошні раз у Набярэжных Чаўнах. На свае вочы бачыў, што там-сям у Расіі ёсць абмежаванні па паліве, але ў прыгранічных з Беларуссю раёнах яно было на ўсіх станцыях і комплексах. А ў вас, я ўпэўнены, і тым больш. Дарэчы, мае дзеці ўжо даўно жывуць у Беларусі, з іх расказаў я ведаю пра спакой, стабільнасць, высокую якасць жыцця. І ў сваіх рэйсах назіраю добразычлівасць, прыдарожны сэрвіс, парадак. Можа, камусьці тут падаецца інакш, але, думаю, яму проста няма з чым параўнаць. Напрыклад, беларускія дальнабойшчыкі працуюць па кадэнцыях, а я 12-ы месяц запар за рулём, інакш сям’я не пражыве.
Другі дальнабойшчык на машыне з расійскімі нумарамі, Андрэй Пятровіч, ахарактарызаваў сябе як чалавека абачлівага. Залівае ў бак фуры больш за 800 літраў паліва, каб хапіла да Масквы і на дарогу назад.
— Не ведаю, як там будзе: ёсць чэргі, няма чэргаў, ёсць паліва, няма паліва, а ў Беларусь вярнуся — і дакладна «пакармлю» сваю машыну, — упэўнены мужчына.

Пацвердзіць інтэрнэт-плёткі немагчыма. Абвергнуць іх — абавязак. На запраўцы ў Лёзне, што за 80 кіламетраў ад Смаленска, звычайная абстаноўка. Кліенты прыязджаюць, запраўляюцца і дзелавіта ад’язджаюць па сваіх надзённых справах. Во ўжо праўда: сабака брэша, а караван ідзе.
P.S. Каб сабраць больш поўны пазл пра паліўную «праблему», мы патэлефанавалі ў Езярышчанскі сельсавет. Там здзівіліся:
— Няма на нашай запраўцы ніякага намёку на калапс, паліва ёсць, усякае. Усё ў нас нармальна, у штатным рэжыме.

У доказ аператыўна зрабілі і даслалі некалькі фотаздымкаў. Сапраўды, на АЗС № 13 «Беларуснафты», што на Пскоўскім напрамку, амаль пуста, а цэнавая стэла запрашае заправіцца любым відам паліва.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота аўтара
Кампетэнтны каментарый
Паліўная дастатковасць
У Беларусі ёсць вытворчыя, складскія і лагістычныя магутнасці, каб поўнасцю задаволіць унутраны попыт на нафтапрадукты
Сітуацыя з палівам на ўнутраным рынку Беларусі стабільная, запэўніў намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў. У беларускіх заводаў дастаткова вытворчых магутнасцяў для забеспячэння ўнутраных патрэб.

У канцэрне «Белнафтахім» адзначылі наяўнасць пэўнай сезоннасці на рынку паліва, звязанай з сельскагаспадарчымі работамі, перыядамі водпускаў, дачнай актыўнасці. Але гэта — нармальная штогадовая з’ява.
«Мы да гэтага перыяду заўсёды гатовы, і тых нафтапрадуктаў, якія загадзя плануюцца, хапае. Мы прадбачым, што ў бягучым перыядзе ідзе некаторае павелічэнне рэалізацыі, і мы з ім дастаткова проста спраўляемся», — дадаў Уладзімір Сізоў.
«Мы поўнасцю забяспечаны неабходнай колькасцю нафтапрадуктаў. Сітуацыя на запраўках, як мы бачым, спакойная. Якіх-небудзь ажыятажу або чэргаў, нехарактэрных для бягучага перыяду года або для дня тыдня, у нас не назіраецца», — сказаў ён.
У канцэрне «Белнафтахім», на нафтаперапрацоўчых беларускіх заводах, у сістэме нафтапрадуктнага забеспячэння «Беларуснафты» дзейнічае адладжаны працэс, пры якім канцэрн старанна плануе аб’ёмы нафтапрадуктаў, неабходных для задавальнення ўнутранага попыту. Дзейнічае сукупнасць арганізацыйных і тэхнічных рашэнняў, якія даюць магчымасць спланаваць аб’ёмы выпрацоўкі нафтапрадуктаў, аб’ёмы іх захоўвання і лагістычную прапускную здольнасць па дастаўцы нафтапрадуктаў да месцаў іх спажывання.
Уладзімір Сізоў адзначыў высокую якасць беларускіх нафтапрадуктаў, якія па заслугах ацэньваюць і госці нашай краіны. У той жа час, паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім», нехарактэрнае павелічэнне попыту адсутнічае.
Нагадаем, што Беларусь штогод спажывае да 7-8 мільёнаў тон нафты. У той час, як магутнасці двух нашых НПЗ дазваляюць перапрацоўваць да 24 мільёнаў тон за год. Забяспечанасць сыравінай надзейна гарантуецца міжнароднымі дамоўленасцямі.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ