Top.Mail.Ru

Белы халат — у спадчыну: сёння ў Гомелі працуе ўжо чацвёртае пакаленне прадстаўнікоў вядомай медыцынскай дынастыі

Сумесны працоўны стаж у гэтай медыцынскай сям’і — 230 гадоў. 


Першае і другое пакаленне ўрачоў: урокі прафесійнай самаахвярнасці 

Я трымаю ў руках дыплом заснавальніцы вядомай у Гомелі медыцынскай дынастыі — Тамары Лаўрэнцьеўны Салодкінай. Яна атрымала яго ў чэрвені 1939 года. Няма сумненняў, што шчаслівая 22-гадовая дзяўчына ў той момант і ўявіць не магла, якія выпрабаванні чакаюць яе ўжо ў вельмі недалёкай будучыні. Два гады Тамара Салодкіна працавала ў маленькім мястэчку Заходняй Беларусі ўрачом па хваробах вачэй. У чэрвені 1940-га выйшла замуж за Пятра Паўленка. А праз год пачалася вайна, і Тамара Салодкіна была прызначаная начальнікам медыцынскага аддзялення ў эвакашпіталі № 2074 Кіраўскай вобласці. 

— З дзяцінства ў памяці адклаліся расказы бабулі аб тым, што ў эвакашпіталь прывозілі не толькі сваіх параненых, але і немцаў, і як ёй маральна няпроста было аказваць ім медыцынскую дапамогу. Але парушыць клятву Гіпакрата яна не магла, — дзеліцца ўнучка Тамары Лаўрэнцьеўны, загадчыца аддзялення гінекалогіі Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 1 Вольга Варанцова.


Сёння цяжка ўявіць, у якіх умовах Тамара Салодкіна нараджала сваю старэйшую дачку Веру ў суровым 1942 годзе, што адчувала, гледзячы на маленечкае безабароннае немаўля, як сумяшчала мацярынства з напружанымі буднямі ў эвакашпіталі. Другая дачка Яўгенія з’явілася ў сям’і ўжо пасля Перамогі, у 1946 годзе. 

Пасля вайны Пятра Якаўлевіча перавялі на службу ў мястэчка Зябраўка Гомельскага раёна, а Тамара Лаўрэнцьеўна ўладкавалася ў паліклініку № 2 Гомеля і прапрацавала там 33 гады. Пачынала як урач-тэрапеўт, а на пенсію сыходзіла з пасады галоўнага ўрача.

— 9 Мая бацькі і мы з сястрой заўсёды з кветкамі і падарункамі ішлі віншаваць бабулю (дзядуля Пётр памёр да майго нараджэння) з Днём перамогі, — успамінае Вольга Варанцова. — Гэта заўсёды было самае галоўнае для яе свята! Бабуля Тамара адрознівалася выключнай гасціннасцю, любіла збіраць родных, калег, сяброў за сталом, з задавальненнем чакала нас на абед па выхадных.

Тамара Лаўрэнцьеўна рана аўдавела, але гэта не перашкодзіла ёй застацца кіраўніком паліклінікі, паставіць на ногі траіх дзяцей. Малодшы сын Тамары Лаўрэнцьеўны, Аляксандр Паўленка зараз — кандыдат тэхнічных навук. А дзве дачкі — Вера і Яўгенія — скончылі Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (зараз БДМУ), працавалі ўрачамі ў Гомелі. Сёння абедзвюх ужо няма ў жывых. Вера Пятроўна (па мужу — Матусевіч), маці Вольгі Варанцовай, загадвала аддзяленнем Гомельскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы.

— Ні бабуля, ні мама ніколі не тлумачылі мне, якім павінен быць медык, — адзначае Вольга Максімаўна. — Яны паказвалі гэта асабістым прыкладам. Калі б маме не патэлефанавалі (увечары, ноччу, у выхадныя), хто б гэта ні быў (калегі, суседзі, знаёмыя), якой бы стомленай яна не адчувала сябе, ніколі і нікому не адмаўляла ў дапамозе. Часам мне здавалася: маму ведае ўвесь наш Заходні мікрараён. Калі ў аддзяленне прывозілі хворых з дзіцячага дома, мама, каб парадаваць сірот, часта прыносіла ў бальніцу нашы з сястрой цацкі, кнігі. 


Энергічная, жыццярадасная Вера Пятроўна Матусевіч памерла ў 54 гады з-за анкалагічнага захворвання. Не выключана, што на яе здароўе паўплывалі наступствы камандзіроўкі ў Брагінскі раён, куды яе накіроўвалі адразу пасля чарнобыльскай аварыі для аказання медыцынскай дапамогі пацярпелым.

Другая дачка Тамары Салодкінай — Яўгенія Пятроўна Паўленка — загадвала аддзяленнем стаматалогіі паліклінікі № 2 Гомеля. 

— Бабуля Жэня вельмі любіла сваю працу, людзей, жыла актыўна, насычана, ярка, — успамінае праўнучка Тамары Лаўрэнцьеўны Салодкінай — Анастасія Рэзнікава, неўролаг у Гомельскім абласным доме дзіцяці для дзяцей з паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі. — Галоўны яе ўрок, які яна мне дала, — імкнуцца дапамагаць людзям. У дзяцінстве я наведвалася да яе ў паліклініку і памятаю, як цёпла да бабулі Жэні ставіліся калегі, як горача дзякавалі пацыенты. А колькі кветак у яе дома заўсёды было па святах!

Прадстаўнік трэцяга пакалення ўрачоў — Вольга Варанцова: Дапамагчы жанчыне зведаць радасць мацярынства 

Урач-акушэр-гінеколаг Вольга Варанцова пасля заканчэння Віцебскага ордэна Дружбы народаў медінстытута ў 1994 годзе прыйшла ў Гомельскую гарадскую клінічную бальніцу № 1. Сёння яна загадвае аддзяленнем гінекалогіі. 

— Прафесія ўрача ўвайшла ў мяне з самага ранняга дзяцінства. Бабуля і мама ўвесь час пры мне абмяркоўвалі медыцынскія будні, дзяліліся гісторыямі сваіх пацыентаў, раіліся. Не закрануць усё гэта мяне проста не магло, — кажа Вольга Варанцова. — Ужо ў першым класе я стала «санітаркай» акцябрацкага атрада, хадзіла з медыцынскай сумачкай праз плячо і павязкай на рукаве, кожны дзень правярала чысціню рук у аднакласнікаў. Быў час, калі падумвала аб тым, каб паступаць у інстытут культуры: захаплялася народнымі танцамі, мне падабалася харэаграфія. Але мама пераканала: мая дарога — толькі ў медыцынскі. Не стала спрачацца. Сёння ўпэўнена, што гэта было правільным выбарам. Мая малодшая сястра Кацярына таксама медык: працуе пластычным хірургам у Санкт-Пецярбургу.

Вольга Варанцова штодня мае справу з будучымі маці: дапамагае ім захаваць цяжарнасць і нарадзіць жаданых малых. 

— Цяжарнасць кожнай жанчыны — гэта асобная ўнікальная гісторыя, — пераканана Вольга Максімаўна. — Як акушэр-гінеколаг я прымаю ў гэтых гісторыях удзел і заўсёды хвалююся за фінал. Псіхалагічна бывае складана прымаць рашэнне, браць на сябе вялікую адказнасць. Але падзяка з боку шчаслівых жанчын, якія спазналі радасць мацярынства, дорыць неверагодныя эмоцыі, дае сілы і энергію. 

Вольга Варанцова ўпэўнена: урачы з медыцынскіх дынастый — спецыялісты са знакам плюс. У такіх сем’ях дзеці з ранніх гадоў чуюць аб цяжкасцях гэтай прафесіі, яе непарадным баку, а таму прыходзяць у ВНУ свядома, без ружовых акуляраў, разумеючы, што іх чакае наперадзе. 

Сын Вольгі Максімаўны — Пётр бачыў, якой стомленай часам мама вяртаецца з працы, і тым не менш працягнуў дынастыю. Сёння праўнук Тамары Салодкінай працуе ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 1 урачом ультрагукавой дыягностыкі. 


Прадстаўнік чацвёртага пакалення ўрачоў, праўнучка Тамары Салодкінай — Анастасія Рэзнікава: Дапамагчы дзецям у цяжкай сітуацыі

— Гэта, безумоўна, вялікае шанцаванне — нарадзіцца ў такой сям’і, як мая, — перакананая Анастасія Рэзнікава. — У мяне не толькі па мамінай лініі, але і па бацькавай — усе медыкі. Мне здаецца, медыцынская дынастыя — гэта заўсёды высокі ўзровень адукаванасці, зносін, паводзін. Ва ўсякім разе ў нашай сям’і мяне з дзяцінства атачалі эрудзіраваныя, адукаваныя людзі. Напрыклад, мой дзядуля Мікалай Іванавіч Навумоўскі ў 70 гадоў вывучаў за камп’ютарам сучасныя тэхналогіі лячэння. Такое асяроддзе, наглядны прыклад родных людзей, безумоўна, паўплывалі на мой выбар прафесіі.

Вось ужо 10 гадоў Анастасія Аляксееўна працуе неўролагам у Гомельскім абласным доме дзіцяці для дзяцей з паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі. Штодня там маюць справу з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія апынуліся ў няпростых жыццёвых сітуацыях. Камусьці з іх у першую чаргу патрабуецца падбор эфектыўнай тэрапіі, а камусьці — дапамога ў развіцці, сацыялізацыі, адаптацыі, і ўсім трэба цяпло, спагада, увага.

Анастасія Рэзнікава не толькі кваліфікаваны неўролаг, але яшчэ і псіхолаг. 


— Мне падабаецца ўвесь час пазнаваць нешта новае, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Сваё будучае прафесійнае развіццё бачу на стыку медыцыны і псіхалогіі. Сёння нельга з поспехам аказваць псіхалагічную падтрымку, не ўлічваючы фізічны стан кожнага чалавека, яго хваробы. Мой урачэбны досвед дапамагае больш поўна бачыць, глыбей разумець праблемы тых, хто звяртаецца да мяне па пытаннях эмацыйнага выгарання, дзіцяча-бацькоўскіх адносін, сямейнага жыцця, кар’ернага, прафесійнага, асобаснага росту, даваць ім дакладныя рэкамендацыі. 

...Кім стане яе 7-гадовая дачка Вераніка, Анастасія Рэзнікава пакуль не загадвае. Але пра ўсебаковае развіццё і адукацыю дзяўчынкі вельмі клапоціцца і задаволена тым, што яна расце сярод разумных і добразычлівых дарослых.

*** 

Тэрапеўт-кардыёлаг, інфекцыяніст, стаматолаг, гінеколаг, судовы медыцынскі эксперт-біёлаг, пластычны хірург, неўролаг. У гэтай сям’і ў жанчын-урачоў — розныя спецыяльнасці. Але ўсіх іх аб’ядноўваюць нейкія «фамільныя» рысы: актыўнасць, прыязнасць, адукаванасць, гатоўнасць браць на сябе адказнасць і выдатна з ёй спраўляцца. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіва суразмоўцаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю