Top.Mail.Ru
297

«Белнафтахім»: за шэсць месяцаў 2025 года рост здабычы нафты ў Беларусі склаў 4,5 працэнта

Рост здабычы нафты ў Беларусі за шэсць месяцаў 2025 года склаў 4,5 працэнта. Аб гэтым па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі заявіў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ілья Ікан, паведамляе БелТА.



Ілья Ікан адзначыў поспехі, якія робіць «Беларуснафта» ў здабычы нафты за апошнія гады. Дадатная дынаміка назіраецца і ў бягучым годзе.

«За шэсць месяцаў гэтага года аб’ём здабываемай нафты склаў з прыростам да ўзроўню мінулага года больш за 4,5 працэнта», — заявіў кіраўнік канцэрна.

Ён падкрэсліў, што гэта забяспечваецца перш за ўсё дзякуючы перадавому вопыту сусветнага ўзроўню, які маюць спецыялісты «Беларуснафты». Гэта дае магчымасць эфектыўна здабываць нафту з пастаянным прыростам як здабываемых, так і разведваемых аб’ёмаў. Сёння гэта добрая падмога не толькі для Гомельскай вобласці, дзе ў асноўным вядзе сваю дзейнасць кампанія, але і ў цэлым для краіны.

«У гэтым годзе мы плануем здабыць крыху больш за 2 млн т нафты», — заявіў Ілья Ікан.

Паводле яго слоў, беларуская нафта добрай якасці. Напрыклад, яна лягчэйшая, чым расійская, і з яе большы выхад светлых нафтапрадуктаў. А гэта — бензін, дызель.

Акрамя таго, існуючыя напрацоўкі і кваліфікаваныя спецыялісты даюць магчымасць «Беларуснафце» ўпэўнена выходзіць на сусветныя рынкі паслуг. «Сёння шэраг брыгад працуюць на расійскім рынку. Тое, што яны на канкурэнтнай аснове там прысутнічаюць і ёсць на іх попыт, сведчыць аб тым, што нашы кампетэнцыі, спецыялісты, наш сабекошт у рамках здабычы абсалютна запатрабаваны і адпавядаюць сусветным узроўням», — падкрэсліў Ілья Ікан.

У частцы развіцця нафтаздабычы ў Беларусі кіраўнік канцэрна канстатаваў, што Прэзідэнт ставіць правільныя амбіцыйныя задачы, арыентуючы на дасягненне значных вынікаў: «У Прэзідэнта заўсёды амбіцыйныя задачы. Гэта правільна. Яны стымулююць нас хутчэй ісці да пастаўленых мэт».

Паводле слоў кіраўніка канцэрна «Белнафтахім», у Беларусі ў сферы нафтаздабычы ўжо ідуць не экстэнсіўным, а інтэнсіўным шляхам. Ставіцца задача нарошчвання геолагаразведкі, паколькі гэта павышае верагоднасць выяўлення запасаў не толькі вуглевадароднай сыравіны, але і залежаў іншых карысных выкапняў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю