Бізнес-курс «Шлях экспарцёра 2026» арганізуе Беларуская гандлёва-прамысловая палата (БелГПП) для навучання прадпрыемстваў асновам і тонкасцям выхаду на замежныя рынкі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік старшыні БелГПП Віталь Вабішчэвіч, перадае БелТА.
Адзін з напрамкаў дзейнасці БелГПП — павышэнне кампетэнцый кіраўнікоў і спецыялістаў, якія займаюцца знешнеэканамічнай дзейнасцю. Адукацыйныя праграмы для экспарцёраў праводзяцца ўжо на працягу васьмі гадоў. Цэнтр дзелавой адукацыі БелГПП афіцыйна атрымаў статус бізнес-школы. У гэтым годзе плануецца правядзенне бізнес-курса «Шлях экспарцёра 2026».
«Ёсць пытанні па экспарце нават у суседнія краіны, не гаворачы аб краінах „далёкай дугі“ — Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і іншых. Важна зразумець, як на гэтых рынках працаваць, якія ёсць нюансы. Бізнес-курс якраз накіраваны на дапамогу ў вырашэнні няпростых задач. Топ-менеджары беларускіх прадпрыемстваў раскажуць пра сваю практыку работы, падзеляцца вопытам. Нас падтрымала у тым ліку Міністэрства замежных спраў, адбудзецца сустрэча з пасламі», — расказаў Віталь Вабішчэвіч.
Праграма падзелена на дзевяць модуляў, кожны з якіх разлічаны на два дні і будзе праходзіць на розных пляцоўках, у тым ліку на базе Беларускай універсальнай таварнай біржы, Дзяржстандарту, індустрыяльнага парка «Вялікі камень», прадпрыемстваў-экспарцёраў. У ліку тэм — спагнанне пратэрмінаванай запазычанасці, абарона нацыянальнага брэнда, дзе эксперты разбяруць канкрэтныя сітуацыі. «Наша задача — максімальна наблізіць удзельнікаў да практыкі. Фармат навучання гібкі», — адзначыў Віталь Вабішчэвіч.
За мінулыя гады ў бізнес-курсах для экспарцёраў прынялі ўдзел больш за 2 тыс. чалавек. Праводзяцца і іншыя мерапрыемствы — практыка-арыентаваныя форумы, сустрэчы, якія збіраюць прадстаўнічую аўдыторыю.