Пра бягучую сітуацыю з паводкай журналістам расказала начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў службы гідралогіі і аграметэаралогіі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Алена Зубчонак, паведаміла БелТА.
У гэтым годзе з-за снежнай і марознай зімы паводка чакаецца вышэйшай, чым у апошнія гады. «Максімальныя ўзроўні вады будуць блізкія да сярэдніх шматгадовых значэнняў, у выніку чаго будуць адзначацца затапленні пойменных участкаў рэк», — адзначыла Алена Зубчонак.
Яна расказала, што на гэты момант затапленне поймы ўжо назіраецца ў басейнах Нёмана, Віліі і Прыпяці. «Максімальныя ўзроўні вады наблізяцца да небяспечных высокіх адзнак, пры якіх адбываюцца затапленні прыбярэжных тэрыторый. Найбольш складаная паводкавая сітуацыя чакаецца ў басейнах рэк Днепр, Сож і Прыпяць», — падкрэсліла начальнік аддзела.
Алена Зубчонак падзялілася, што ўжо крыгалом пачаўся і часткова ачысціліся ад ледзяных утварэнняў рэкі басейна Заходняга Буга, большасць рэк басейнаў Нёмана, Віліі і Прыпяці, а таксама прытокі Бярэзіны, Дняпра і Сожа. На рэках басейнаў Заходняй Дзвіны, а таксама на буйных рэках, такіх як Днепр, Бярэзіна і Сож, усё яшчэ назіраецца ледастаў таўшчынёй да 30 см. «Аднак яго структура ўжо змянілася: у ім утвараюцца закраіны і праталіны», — дадала начальнік аддзела.
Яна паведаміла, што рост узроўняў вады адзначаецца паўсюдна, аднак яго інтэнсіўнасць невялікая з-за характару надвор’я: «Вясновыя працэсы ў бягучым годзе развіваюцца павольна, на гэта спрыяльна ўплывае характар надвор’я. У другой дэкадзе сакавіка чакаецца цёплае надвор’е з дэфіцытам ападкаў, што таксама спрыяльна паўплывае на прадаўжэнне паводкі. У далейшым паводкавую сітуацыю можа ўскладніць толькі выпадзенне значнай колькасці ападкаў».
Алена Зубчонак таксама падкрэсліла, што для гідралагічнага маніторынгу штодзённа апрацоўваецца і аналізуецца інфармацыя, якая паступае з пунктаў назірання Белгідрамета.