Днямі генеральны дырэктар ДВА «Белэнерга» Андрэй Панчанка сумесна з кіраўніцтвам РУП «Віцебскэнерга» ў рэжыме відэаканферэнцсувязі правёў рабочую сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх кампаній.
Як растлумачылі ў прэс-службе ведамства, мерапрыемства прайшло пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
Бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў рэалізацыі маштабнага праекта па будаўніцтве 55 гектараў аўтаматызаваных цяплічных комплексаў 4-5-га пакаленняў з прымяненнем перадавых кітайскіх тэхналогій. Кітайскія партнёры падзяліліся вопытам узвядзення падобных аб’ектаў за мяжой і пацвердзілі зацікаўленасць у рабоце на беларускай пляцоўцы.
У сваю чаргу, Андрэй Панчанка праінфармаваў кітайскія кампаніі аб значным вопыце РУП «Віцебскэнерга» ў вырошчванні агародніны ў прамысловых цяпліцах, а таксама аб наяўнасці перадпраектнай дакументацыі для першага этапу будаўніцтва новых цяплічных комплексаў.
Па выніках перагавораў дасягнута дамоўленасць аб правядзенні кансультацый па тэхнічных, арганізацыйных і фінансавых пытаннях пры ўдзеле Генеральнага консульства ў Шанхаі. Акрамя таго, кітайскія калегі атрымалі афіцыйнае запрашэнне наведаць нашу краіну для агляду патэнцыяльных пляцовак пад будаўніцтва, што стане наступным крокам у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.