Top.Mail.Ru

«Белавія» прапаноўвае новы напрамак — прамыя рэйсы ў в’етнамскі Нячанг

20 сакавіка нацыянальны авіяперавозчык адкрыў рэгулярнае авіязлучэнне з адным з папулярных курортаў В’етнама. Гэта ўжо другая лакацыя далёкай краіны, куды лётаюць беларускія самалёты. Раней, у кастрычніку 2025 года, «Белавія» распачала чартарную праграму палётаў на востраў Фукуок.


Першы рэйс з Мінска ў Нячанг (аэрапорт Камрань) выкананы на далёкамагістральным самалёце Aіrbus A330-200, загрузка якога склала 270 пасажыраў. Вылет адбыўся ў 00:30. Розніца ў часе паміж гарадамі складае чатыры гадзіны.

Дарэчы, новы маршрут стаў самым працяглым у сетцы «Белавія». Адлегласць паміж Мінскам і Нячангам складае каля 9300 кіламетраў. Час у палёце ў адзін бок займае прыблізна 11 гадзін, а ў зваротным напрамку — каля 11 гадзін 40 хвілін.

Кошт прамога авіяпералёту па маршруце Мінск — Нячанг — Мінск пачынаецца ад 3222 рублёў без уліку багажу і ад 3360 рублёў з багажом.

Запуск новага напрамку суправаджаўся ўрачыстымі мерапрыемствамі як у Мінску, так і ў В’етнаме. У Нацыянальным аэрапорце Мінск у цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел прадстаўнікі Пасольства В’етнама ў Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства замежных спраў, а таксама авіякампаніі і аэрапорта. Гасцей перад рэгістрацыяй сустракала в’етнамская дыяспара з нацыянальным танцам, пасажыраў частавалі салодкімі пачастункамі. У Міжнародным аэрапорце Камрань самалёт з Мінска сустрэла афіцыйная дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі авіякампаніі, дыпламатычнага корпуса, аэрапорта, мясцовых і авіяцыйных улад.

Першапачаткова планавалася, што рэйсы ў Нячанг пачнуць выконвацца з 31 сакавіка, але з-за высокай цікавасці з боку турыстычных аператараў старт праграмы быў перанесены на 20 сакавіка. Наступны рэйс запланаваны на 27 сакавіка, а ўжо з 31 сакавіка палёты будуць ажыццяўляцца тры разы на тыдзень — у аўторак, чацвер і суботу.

Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці авіякампаніі Уладзімір БАРКУН, адкрыццё рэгулярнага авіязлучэння дазваляе пасажырам падарожнічаць без працяглых перасадак. Пры гэтым яны могуць выбіраць паміж набыццём турыстычных пакетаў або самастойным планаваннем паездкі. Паводле яго слоў, новы маршрут мае ўсе шанцы стаць адным з найбольш запатрабаваных у сетцы перавозчыка. Палёты выконваюцца на шырокафюзеляжных самалётах Aіrbus 
A330-200, разлічаных на 281 пасажыра.

Сімвалічна, што першы рэгулярны рэйс у В’етнам выконваецца на самалёце ў спецыяльнай юбілейнай ліўрэі, прадстаўленай напярэдадні 30-годдзя авіякампаніі. Новы напрамак не толькі пашырае геаграфію палётаў «Белавія», але і адкрывае для беларускіх пасажыраў яшчэ адну магчымасць для падарожжаў у краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан ВАРАНКОЎ падкрэсліў, што адкрыццё новага авіямаршруту мае важнае і доўгатэрміновае значэнне: непасрэдныя кантакты паміж людзьмі заўсёды стымулююць развіццё дзелавых сувязяў і ўзаемнага інтарэсу паміж краінамі. Ён таксама звярнуў увагу, што гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і В’етнамам ужо дэманструюць станоўчую дынаміку. Ідзе гаворка як пра пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, так і пра ўдзел у інфраструктурных праектах і іншыя магчымасці.

— Перспектывы каласальныя. Мы глядзім на многія працэсы, якія адбываюцца ў свеце, аднолькава, — дадаў Руслан Варанкоў.

Сваю ацэнку новаму напрамку даў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь Нгуен Ван Чунг. Ён падкрэсліў, што запуск рэгулярных рэйсаў стварае дадатковыя ўмовы для развіцця народнай дыпламатыі. Паводле яго слоў, Беларусь і В’етнам звязваюць сяброўскія адносіны, якія працягваюць умацоўвацца. Адкрыццё прамога авіязлучэння адкрывае новыя перспектывы для супрацоўніцтва ў розных сферах.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю