Top.Mail.Ru

«Белавія» аднавіла чартарныя рэйсы ў Туніс

У Энфіду — папулярны курортны рэгіён Туніскай Рэспублікі, размешчаны на ўзбярэжжы Міжземнага мора, — самалёты авіякампаніі не лёталі апошнія пяць гадоў. На першым пасля доўгага перапынку рэйс — яго загрузка, дарэчы, склала амаль 100 %, — пабывала карэспандэт газеты «Звязда». 


Гісторыя палётаў «Белавія» на туніскія курорты пачалася яшчэ ў 2000-х. Пазней палётная праграма стала штогадовай, і ўжо ў 2019-м рэйсы ў краіну выконваліся практычна з усіх абласных цэнтраў Беларусі. Тады самалёты лёталі не толькі ў Энфіду, але і ў размешчаны па суседстве Манастыр.

— Дадзены турыстычны напрамак арганічна ўпісваецца ў чартарную праграму авіякампаніі на летні сезон. У 2026 годзе «Белавія» сумесна з партнёрамі выконвае турыстычныя рэйсы на курорты Турцыі — у Бодрум, Анталію і Ізмір, а таксама ў Егіпет — у Шарм-эль-Шэйх, Хургаду і Эль-Аламейн. Частка праграм даступная не толькі з Мінска, але і з рэгіянальных аэрапортаў Беларусі, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Авіякампанія «Белавія» па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Уладзімір Баркун.

Аднаўлённы рэйс адправіўся з Мінска 22 мая ў 2:00, яго кансалідатарам выступіў турыстычны аператар «Інтэрсіці».

У сезоне 2026 года палёты на папулярны міжземнаморскі курорт запланаваны з перыядычнасцю адзін раз у паўтара тыдня — інтэрвал паміж рэйсамі складае 11-12 дзён. 22 мая «Белавія» таксама аднаўляе рэгулярныя пералёты ў Дубай, 28 мая стартуе сезонная праграма з Мінска ў Мурманск. Днём пазней, 29 мая, перавозчык разам з «Інтэрсіці» запусцяць чартар з Брэста ў Эль-Аламейн — для абласнога цэнтра гэта абсалютна новы маршрут.

Аміна НАЗАРАВА 
Фота БелТА 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю