Вароты ў Паўночную Афрыку
У Энфіду — папулярны курортны рэгіён Туніскай Рэспублікі, размешчаны на ўзбярэжжы Міжземнага мора, — самалёты авіякампаніі не ляталі апошнія пяць гадоў. На першым пасля доўгага перапынку рэйсе — яго загрузка, дарэчы, склала амаль 100 % — пабывала карэспандэт газеты «Звязда».
Турыстычны патэнцыял рэгіёна
Гісторыя палётаў «Белавія» на туніскія курорты пачалася яшчэ ў 2000-х. Пазней палётная праграма стала штогадовай, і ўжо ў 2019-м рэйсы ў краіну выконваліся практычна з усіх абласных цэнтраў Беларусі. Тады самалёты ляталі не толькі ў Энфіду, але і ў размешчаны па суседстве Манасцір.
Энфіда — старажытны горад з багатай гісторыяй. У антычную эпоху ён лічыўся адным з ключавых цэнтраў рэгіёна. Сённяшнія археалагічныя раскопкі гэта пацвярджаюць: навукоўцы знайшлі тут руіны рымскіх тэрмаў, храмаў і жылых кварталаў, якія добра захаваліся. Зрэшты, для большасці турыстаў Энфіда цікавая не столькі сваёй гісторыяй, колькі сучасным абліччам і магчымасцямі для турызму. Сёння гэта папулярны міжземнаморскі курорт з цудоўнымі пляжамі, атэлямі і развітой турыстычнай інфраструктурай. Мяккі клімат і прадуманы сэрвіс робяць рэгіён прывабным для спакойнага пляжнага адпачынку.
Адпачынак у Тунісе карыстаўся вялікай папулярнасцю і ў беларусаў. Аднак у 2021 годзе па незалежных ад авіякампаніі прычынах палёты прыйшлося прыпыніць — з-за закрыцця паветранай прасторы краін Еўрасаюза ў перавозчыка не было тэхнічнай магчымасці выконваць прамыя рэйсы на наяўных Boeіng 737. Сёння авіякампанія аднаўляе перавозкі, выкарыстоўваючы далёкамагістральны Aіrbus А330. Працягласць палёту складзе каля васьмі гадзін, што супастаўна з пералётамі на далёкія адлегласці.
І перспектыўны партнёр, і сябар
— Гэты турыстычны напрамак арганічна ўпісваецца ў чартарную праграму авіякампаніі на летні сезон. У 2026 годзе «Белавія» сумесна з партнёрамі выконвае турыстычныя рэйсы на курорты Турцыі — у Бодрум, Анталію і Ізмір, а таксама ў Егіпет — у Шарм-эш-Шэйх, Хургаду і Эль-Аламейн. Частка праграм даступна не толькі з Мінска, але і з рэгіянальных аэрапортаў Беларусі, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Авіякампанія «Белавія» па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Уладзімір Баркун.
— Туніс для нас вельмі перспектыўны партнёр, — падкрэсліў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Руслан Варанкоў. — Мы разглядаем яго як адну з найважнейшых дзяржаў Магрыба. Пункты судакранання ёсць у традыцыйных для нас сферах — сельскай гаспадарцы, машынабудаванні. Турыстычны кірунак таксама немалаважны: калі сябруюць людзі, сябруюць і краіны. Цалкам магчыма, што Туніс у нейкі момант стане нашымі варотамі ў Паўночную Афрыку.
Провады першых за доўгі час турыстаў на туніскі курорт у мінскім аэрапорце прайшлі цёпла, бадзёра і з добрым настроем. Для пасажыраў арганізавалі салодкія пачастункі, усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца ў брэндзіраванай фотазоне, а супрацоўнікі жадалі лёгкага пералёту і прыемнага водпуску. Сярод тых, хто адправіўся ў Энфіду, — сям’я Бандарэц з Салігорска. Іван, бацька сямейства кажа, што ў Тунісе яны ўжо бывалі раней, і краіна паспела ім запомніцца.
— Мы паглядзелі нямала месцаў: Турцыю, Чарнагорыю, Кіпр. Але Туніс па душы прыйшоўся больш за ўсіх: мора, прырода, кухня, — падзяліўся Іван. — Як толькі даведаліся, што рэйс аднаўляюць, квіткі ўзялі не разважаючы. Упэўнены, і гэтым разам прывязём з адпачынку толькі добрыя ўспаміны.
Адноўлены рэйс вылецеў з Мінска 22 мая ў 2:00. У сезоне 2026 года палёты на папулярны міжземнаморскі курорт запланаваны з перыядычнасцю адзін раз у паўтара тыдня — інтэрвал паміж рэйсамі складае 11-12 дзён. 22 мая «Белавія» таксама аднаўляе рэгулярныя пералёты ў Дубай, 28 мая стартуе сезонная праграма з Мінска ў Мурманск. Днём пазней, 29 мая, перавозчык запусціць чартар з Брэста ў Эль-Аламейн — для абласнога цэнтра гэта абсалютна новы маршрут.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара