Нацыянальная авіякампанія «Белавія» пачала выконваць прамыя рэйсы на Шры-Ланку. Запуск маршруту Мінск — Матала атрымаўся сімвалічны — ён супаў з 25-годдзем усталявання дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Першы самалёт Aіrbus A-330-200 цалкам быў запоўнены, што сведчыць пра вялікую цікавасць беларусаў да трапічнага напрамку.
Аэрапорт прызначэння — Матала, месца экзотыкі і прыгод. Размешчаны ён у паўднёвай частцы краіны — там падарожнікаў сустракае трапічная зеляніна, а да акіяна — рукой падаць. Дарога на сонечны востраў займае каля дзевяці з паловай гадзіны.
Генеральны дырэктар «Белавія» Ігар ЧАРГІНЕЦ адзначыў, што запуск новага маршруту стаў лагічным працягам пашырэння далёкіх напрмкаў кампаніі: «Літаральна за адзін месяц мы адкрылі тры важныя напрамкі — Санья (востраў Хайнань, Кітай), Фукуок (В’етнам) і цяпер Шры-Ланка. Мы бачым вялікую цікавасць да гэтага напрамку з боку беларусаў — упэўнены, што колькасць падарожнікаў падвоіцца. У сваю чаргу, чакаем і росту патоку гасцей са Шры-Ланкі — у тым ліку студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі».
Генеральны дырэктар «Белавія» таксама дадаў, што рэйс фармальна мае статус чартарнага, але кампанія разглядае перспектыву зрабіць яго рэгулярным. Па словах Ігара Чаргінца, загрузка на першыя палёты вельмі добрая, а асноўныя вынікі — станоўчыя.
Новы маршрут не толькі адкрывае беларусам шлях да акіяна і вядомых на ўвесь свет чайных плантацый Цэйлона, але і стварае дадатковыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка ў Расіі Шабіні ГУНАСЕКЕРА адзначыла, што гэта падзея мае асаблівае значэнне для абедзвюх дзяржаў. «Сёння мы не проста адкрываем новы рэйс — мы адкрываем новую главу ў гісторыі нашых адносін. Гэта гістарычны момант», — заўважыла дыпламат. Паводле яе слоў, авіязносіны ў сучасным свеце — гэта значна больш, чым проста злучэнне двух аэрапортаў: «Гэта мост паміж народамі. Ён спрыяе развіццю гандлю, эканомікі, дружбы і культурнага супрацоўніцтва. Кожны новы маршрут адкрывае новыя магчымасці — для турызму, інвестыцый, адукацыі».
Пасол падкрэсліла, што «Беларусь — важны і перспектыўны напрамак. У мінулым годзе Шры-Ланку наведалі каля дзесяці тысяч беларусаў, і мы ўпэўнены, што з адкрыццём прамога рэйса гэта колькасць толькі павялічыцца». Дыпламат таксама расказала, што краіна прывабная не толькі для пляжнага адпачынку, але і для вясельнага, аздараўленчага, культурнага, спартыўнага і гастранамічнага турызму. Асобна яна адзначыла значэнне адукацыйных сувязяў паміж краінамі: цяпер у Беларусі навучаецца шмат студэнтаў са Шры-Ланкі. Прамы рэйс дапаможа зрабіць гэтыя кантакты больш зручнымі.
Такім чынам, адкрыццё авіярэйса «Мінск — Матала» стала не проста чарговым этапам у развіцці авіязносін, а важным крокам у збліжэнні дзвюх краін. Новы маршрут адкрывае магчымасці для пашырэння турыстычных і эканамічных кантактаў, умацавання культурнага дыялогу і міжчалавечых сувязяў. Пад гукі першай пасадкі ў тропіках Шры-Ланкі пачынаецца новая старонка беларуска-ланкійскага супрацоўніцтва — са спадзяваннем, што гэта працяг доўгатэрміновага партнёрства і ўзаемнага адкрыцця дзвюх краін адна для адной.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ