Top.Mail.Ru

Беларусы выбіраюць паспяховую будучыню і мірнае развіццё краіны

Удзельнікам выбарчага працэсу і арганізатарам выбараў, правазнаўцам і палітолагам, навуковым работнікам, студэнтам і выкладчыкам — усім тым, хто цікавіцца пытаннямі айчыннага выбарчага права і правядзеннем электаральных кампаній, адрасавана кніжная выстаўка «Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — 2025 год» у Нацыянальнай бібліятэцы. У зале прававой інфармацыі можна пазнаёміцца з некалькімі дзясяткамі тэматычных тэкстаў на рускай і беларускай мовах.


«Электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі „паставіць кропку“ ў працэсе палітычнай мадэрнізацыі ў Беларусі, якая праводзіцца на падставе рашэнняў рэферэндуму 2022 года. Акрамя таго, гэтыя выбары лагічна завяршаюць фарміраванне ўсіх інстытутаў улады на наступны 5-гадовы перыяд. Выбіраючы кіраўніка дзяржавы, мы пішам сваю гісторыю, разумеючы, што галасуем не толькі за канкрэтнага чалавека, а выбіраем паспяховую будучыню і мірнае развіццё нашай краіны», — адзначаюць арганізатары выстаўкі і такім чынам звяртаюць увагу на неабходнасць кожнага складніка створанай напярэдадні выбараў выстаўкі. 

Экспазіцыя мае некалькі раздзелаў. Адзін з іх прысвечаны выбарам у Рэспубліцы Беларусь, у прыватнасці іх арганізацыйна-прававым аспектам і тэхналогіям. Другі нагадвае аб прававой базе выбарчай сістэмы нашай краіны: тут гаворка вядзецца ў асноўным пра гісторыю, разглядаюцца асаблівасці фарміравання і развіцця гэтага блока. Канстытуцыйна-прававы статус кіраўніка дзяржавы з’яўляецца галоўнай тэмай яшчэ адной часткі кніжнай выстаўкі. З мінулага ў сучаснасць — своеасаблівую вандроўку прапаноўваюць здзейсніць арганізатары з дапамогай выданняў раздзела, які расказвае пра ўзнікненне і эвалюцыю інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі. З вопытам іншых краін прапануюць пазнаёміцца ў раздзеле «Прэзідэнцтва на постсавецкай прасторы: працэсы генезісу і трансфармацый». Парадак прыцягнення да адказнасці за парушэнне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяркоўваецца ў фінальнай частцы выстаўкі. 

У кожным раздзеле экспазіцыі «Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — 2025 год» — найважнейшыя дакументы, кнігі, перыядычныя выданні, якія дазваляюць пазнаёміцца з тэарэтычнай базай, напрацоўкамі прафесіяналаў сферы, а таксама з думкамі лідараў меркаванняў. Так, чытачу прадстаўляюць нарматыўна-прававыя акты, каментарыі, зборнікі артыкулаў і тэзісы, матэрыялы дакладаў і навукова-практычных канферэнцый, аналітычных аглядаў, семінараў і круглых сталоў, манаграфій, аўтарэфератаў дысертацый. 

Найбольш важны экспанат, натуральна, — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая і вызначае свабодныя выбары ў якасці асноватворнага прынцыпу дзяржаўнай улады. У экспазіцыі прадстаўлены не толькі Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, а яшчэ і навукова-практычны каментарый да яго. Тут, вядома, прааналізаваны палажэнні абноўленай Канстытуцыі, раскрываюцца сацыяльна-прававы змест і сэнс канстытуцыйных каштоўнасцей. 

У шэрагу найбольш змястоўных кніг — выданне «Дзяржаўнасць Беларусі: даты, факты, падзеі», якое пабачыла свет летась — да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў рэспубліцы — у Выдавецкім доме «Беларуская навука». Тут аналізуецца шлях, пройдзены беларускім народам са старажытных часоў да фарміравання суверэннай дзяржавы. 

Павінны зацікавіць чытача і дапаможнік «Прававы статус грамадзяніна ў выбарчай сістэме» Міхаіла Чудакова, і артыкул «Ад манарха да Прэзідэнта: інстытут кіраўніка дзяржавы ў Беларусі» Ігара Марзалюка ў часопісе «Беларуская думка» (№ 7 за 2019 г.), і «Сутнасць і асаблівасці Прэзідэнцкай улады ў Беларусі» Яўгенія Бабосава ў часопісе «Праблемы кіравання» (№ 3 за 2024 г.)... З гэтымі і іншымі тэкстамі можна пазнаёміцца да 23 сакавіка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю