Top.Mail.Ru

Беларусы пачалі выступленне на ІІІ Гульнях краін СНД

Не проста паўтарыць поспех, а пераўзысці

Два гады таму, у жніўні 2023-га, Беларусь прымала ІІ Гульні краін СНД. Праводзіць буйныя спартыўныя форумы ў нашай краіне ўмеюць. Але тады ўпершыню спаборніцтвы прымалі адразу 10 гарадоў. Гэта стала своеасаблівай «фішкай» і дапамагло гасцям лепей даведацца пра нашу краіну. Беларускі досвед перанялі і наступныя гаспадары Гульняў краін СНД — Азербайджан.

Спаборніцтвы па 23 відах спорту ў рамках ІІІ Гульняў краін СНД пройдуць у сямі гарадах. Цэнтрам вызначана Гянджа, што носіць статус спартыўнай сталіцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Менавіта ў гэтым горадзе ў нядзелю адбылася цырымонія адкрыцця Гульняў. Удзельнікаў і гасцей вітаў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. Арганізатары цырымоніі адкрыцця падрыхтавалі музычныя і танцавальныя нумары, а таксама масавыя пастаноўкі, якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру краіны-гаспадыні. Акрамя таго, па стадыёне прайшлі дэлегацыі кожнай краіны-ўдзельніцы, сцяг Беларусі неслі таэквандыстка Юлія Вітко і плывец Максім Малышка.

  • Удзел у спаборніцтвах возьмуць больш за 1700 атлетаў з 12 краін, у тым ліку і з тых, што не ўваходзяць у склад СНД: Кувейта, Амана, Турцыі, Пакістана. Дарэчы, на спаборніцтвы ў Мінск таксама запрашалі не толькі членаў Садружнасці. Тыя, хто прыняў запрашэнне, аб гэтым дакладна не пашкадавалі. У праграме — 23 віды спорту. Акрамя знаёмых нашым балельшчыкам, у праграму ўключана і чаўгана — традыцыйная азербайджанская конна-спартыўная гульня. Беларускія атлеты будуць прадстаўлены ва ўсіх відах праграмы, акрамя, зразумела, чаўганы. Дэлегацыя ў нас немалая — 240 спартсменаў. За ўзнагароды будуць змагацца маладыя атлеты: у адных відах ва ўзроставай катэгорыі да 17 гадоў, у другіх — ад 15 да 17 гадоў, у трэціх — да 23 гадоў.

Дарэчы, часу ў Азербайджане нашы спартсмены не гублялі і з першых дзён пачалі збіраць узнагароды. Беларусы заваявалі сем медалёў у спаборніцтвах па настольным тэнісе. У парным разрадзе Яна Жадзько і Сафія Бялясава заваявалі сярэбраныя медалі, Іван Зайцаў і Аляксей Рабушка — бронзавыя. Трэцяе месца ў змешаным разрадзе заняў беларускі дуэт Сафіі Бялясавай і Івана Зайцава. Аляксей Рабушка, Яна Жадзько і Сафія Бялясава сталі бронзавымі прызёрамі ў адзіночным разрадзе.

Не губляюць часу і беларускія плыўцы. Усевалад Саракавік ужо двухразовы чэмпіён ІІІ Гульняў краін СНД: ён перамог на 50 метрах і на 100 метрах брасам. Анастасія Васіленка паказала найлепшы вынік на 50 метрах вольным стылем. Валерыя Шылко заваявала два сярэбраныя медалі — 50 метраў кролем і 100 метраў брасам. З другім вынікам 100 метраў на спіне праплыў Мікіта Апанасік. Бронзавымі прызёрамі сталі Ксенія Мастовіч (400 м, вольны стыль), Бажэна Піваш (100 м, брас) і Кірыл Банцэвіч (100 м, спіна).

На дамашніх Гульнях краін СНД беларускія спартсмены заваявалі 236 узнагарод, з якіх 48 былі залатымі, 78 — сярэбранымі, 110 — бронзавымі. Таму тым, хто прадстаўляе краіну ў Азербайджане, ёсць да чаго імкнуцца. Майстры малой ракеткі свае здольнасці ўжо паказалі. Па-баявому настроены баксёры — у Азербайджан прыехалі 20 спартсменаў. Безумоўна, цікавымі будуць спаборніцтвы па скачках на батуце: колеры беларускага сцяга абараняюць двухразовы алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч і сярэбраны прызёр Алімпіяды Віялета Бардзілоўская.

Спаборніцтвы ў Азербайджане працягнуцца до 8 кастрычніка. Гульні краін СНД адметныя яшчэ і тым, што гэта адзін з нешматлікіх спартыўных форумаў, дзе беларускія спартсмены выступаюць як належыць — са сваім сцягам, гімнам, без усялякіх абмежаванняў і санкцый. Так, як і павінны выступаць спартсмены — сумленна і шчыра.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Чытайце таксама: Плывец Саракавік стаў першым беларускім чэмпіёнам III Гульняў краін СНД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю