Top.Mail.Ru
197

Беларусы Крыма адкрылі бібліятэку імя Максіма Багдановіча

Бібліятэка імя Максіма Багдановіча, якая знаходзіцца ў Сімферопалі, папоўнілася на сотню выданняў. Урачыстая цырымонія перадачы кніг адбылася падчас Міжнароднага бібліятэчнага кангрэса, які праходзіў у галоўнай кніжнай скарбніцы Беларусі. 


Сярод падарункаў — кнігі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, гісторыі, этнаграфіі, турызму, сучасным дасягненням Беларусі.

Як заўважаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, гэта толькі пачатак у супрацоўніцтве з беларусамі Крыма, у далейшым плануецца правядзенне сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці Максіма Багдановіча. 

Беларусы Крыма шмат робяць для ўшанавання памяці паэта і папулярызацыі яго творчасці. Нашы суайчыннікі даглядаюць магілу Максіма Багдановіча ў Ялце, перакладаюць вершы класіка на англійскую, рускую і татарскія мовы. Ідэю ж стварыць бібліятэку, прысвечаную паэту, крымскія беларусы выношвалі даўно. І сёлета пры падтрымцы адміністрацыі горада Сімферопаль і Сімферопальскага гарадскога савета яны адкрылі не толькі яе, але і гісторыка-этнаграфічны музей «Белая Русь». 


Як паведаміў дырэктар музея, старшыня Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай арганізацыі беларусаў «Сябры» Яўген Супрунюк, нягледзячы на тое, што музей пачаў працаваць толькі з сакавіка гэтага года, у ім пабывала ўжо каля чатырох тысяч чалавек. Сярод наведвальнікаў шмат дзяцей, часам прыходзіць на дзень па 3 групы школьнікаў. Ужо ёсць ідэі пра далейшае развіццё ўстановы, у прыватнасці з прапановай аб супрацоўніцтве і адкрыцці філіялаў, сюды звярнуліся прадстаўнікі музеяў, якія знаходзяцца ў вёсках, дзе кампактна пражываюць нашы суайчыннікі і дзе маюцца музейныя экспазіцыі, прысвечаныя перасяленцам — беларусам. Наогул у Крыму пражывае каля 40 тысяч нашых суайчыннікаў.

Гонар сімферопальскага музея — адноўленая хата з інтэр’ерам 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Экспанаты ж знаёмяць з гісторыяй беларусаў Крыма, пачынаючы з часоў Крымскай вайны.


Ёсць тут і шыкоўная калекцыя адзення, дзе ў тым ліку знаходзяцца і рэчы, якім больш за 200 гадоў. Асобная экспазіцыя прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тут ёсць нават павозка, прывезеная з Гомельшчыны, якой карысталіся партызаны, на ёй стаяў кулямёт «Максім». Падчас экскурсій, якія тут праводзяцца бясплатна, можна пачуць, як пра беларусаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Крыма, абароне Сімферопаля, так і пра ўнёсак іншых народаў у Вялікую Перамогу, а таксама праз якія выпрабаванні прайшоў народ, пра канцлагеры. Адкрыццё бібліятэкі імя Максіма Багдановіча на базе музея дазволіла развіваць новыя праекты. Ужо дзейнічаюць курсы па вывучэнні беларускай мовы. І нашы суайчыннікі спадзяюцца, што дзякуючы падтрымцы з Беларусі змогуць папоўніць фонды бібліятэкі яскравымі дзіцячымі выданнямі і дапаможнікамі.

У планах «Сяброў» і работа над новымі перакладамі твораў класікаў беларускай літаратуры, выданне часопіса.

Алена Дзядзюля

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю